Наперад у мінулае. Прэзідэнцкі гадзіннік Канстанціна Месніковіча адлічвае гады

На гэты раз героя рубрыкі, у якой расказваем, як змянілася жыццё тых, пра каго наша газета пісала раней, знайшлі ў выпуску за 18 кастрычніка 2017 года.

Фота з Канстанцінам Месніковічам не магло не прыцягнуць увагі. Мужчына ў строгім касцюме з букетам і саліднай па велічыні граматай у рамцы, здаецца, ад хвалявання нават дыхаць перастаў. Яно і зразумела: падстава для такой увагі да сціплага трактарыста Ляхавіцкага лясніцтва дужа значная. За добрасумленную працу дзевяць гадоў таму ён удастоіўся Падзякі Прэзідэнта.

«Человек очень ответственный, добросовестный и дисциплинированный, именно так характеризуют его коллеги, – пісаў наш журналіст. – А еще список лестных отзывов продолжает способность быстро и четко, невзирая на степень сложности, выполнять задачи. Жертвуя личным временем, по собственной инициативе он готов сесть за руль трактора во внеурочное время и выходные». Істотна з таго часу нічога ў кар’еры Канстанціна Канстанцінавіча не змянілася. Ён па-ранейшаму, як кажуць, гарыць на працы. Тралёўка і вывазка драўніны толькі на першы погляд здаецца справай нескладанай. Насамрэч характар у леса яшчэ той, тут без вопыта поспеху не даб’ешся. Распуціца, спёка ці маразы – для гэтага механізатара не бывае нялётнай пагоды. Есць план, дзялянка і кругляк, які трэба даставіць на перапрацоўку.

У адрозненні ад службовых спраў, дзе ўсё стабільна, на асабістым фронце мужчыны за мінулы час адбыліся перамены. Ён стварыў новую сям’ю. На адносінах з дзецьмі (іх трое, ды адзін пакуль што ўнучак) гэта, па словах суразмоўцы, адмоўна не адбілася.

Перамагаць жыццёвыя складанасці Канстанціну Месніковічу дапамагае сялянская загартоўка. За руль жыхар Сяменчы сеў яшчэ ў дашкольным узросце. Бацька быў саўгасным механізатарам. Па яго слядах і сын-цёзка вырашыў пайсці. Вадзіцельскія правы атрымаў у старэйшых класах роднай Чырвонаборскай школы, на базе вучэбна-вытворчага камбіната.

– У лясгасе змяніў за 25 гадоў тры «Беларуса», не лічачы тых трактароў, на якіх да таго рабіў у дзвюх гаспадарках, – субяседнік кажа, што ашчадныя адносіны да тэхнікі – важны складнік майстэрства. – У чым мой сакрэт? Працуй як трэба, не лянуйся – будуць табе і грошы, і павага.

За высокі прафесіяналізм грамат у прадстаўніка лясгаса назбіралася цэлая калекцыя. Дарэчы, як высвятлілася ў гутарцы, разам з прэзідэнцкай падзякаю кожнаму яе ўладальніку даюць і адмысловы гадзіннік. Канстанцін Канстанцінавіч прызнаўся, што падарунак з асабістым подпісам кіраўніка дзяржавы на цыферблаце так і ляжыць у прыгожым футляры, на памяць. Па-першае, раменчык на ягоную мазолістую руку малаваты, а па-другое, як чалавек шчаслівы «часов не наблюдает». А між тым, у работніка Ляхавіцкага лясніцтва імянны наручны хранограф не адзіны. Першы ён некалі атрымаў з рук міністра лясной гаспадаркі. Цяпер яго носіць малодшы сын.

Па традыціі на развітанне пацікавіліся: калі мог бы вярнуцца ў 2017 год, што б пажадаў сабе на тым здымку? І ў адказ пачулі: «А нічога, у кожнага свой лёс і яго не перапішаш».

Святлана ШАКАЛЯН

Фота з архіва «НП» і героя публікацыі

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!