Трыццаць гадоў з хлебам: як «Дажынкі» сталі сімвалам беларускага адраджэння
Жніво спрадвеку для беларусаў мела сакральнае значэнне. Кожны яго этап — ад першага выхаду ў поле да апошняга снапа — быў напоўнены глыбокім сэнсам, асабліва дажынкі. Сёння гэта векавая сувязь з роднай нівай набыла новае вымярэнне. Дзякуючы ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, стратэгічнаму бачанню кіраўніка нашай дзяржавы старажытны абрад перарос у маштабную народную традыцыю. Цяпер гэта неад’емная частка дзяржаўнай палітыкі, у цэнтры якой — чалавек працы, гаспадар сваёй зямлі.
Адкуль жыта расце?
Калісьці даўно праца ў полі была адзіным спосабам не памерці з голаду зімой. Дык ці дзіва, што нашы продкі ставіліся да збожжа як да святыні, лічылі яго найвышэйшым дарам. І дажынкі — гэта не толькі пра ўраджай: маўляў, дажалі і пайшлі дадому. А сказаць дзякуй Зямлі-Матухне і духам, якія там недзе ў каласах жылі? Людзі завіхаліся да сёмага поту, так, што спіны не разгінаюцца, сонца смажыць, авадні і мошкі ядуць, а тут — апошні сноп. Усё, фініш!
На апошняй паласе пачыналася самае цікавае. Там заўсёды пакідалі невялікі кавалак жыта — «бараду». Яе не зразалі, а запляталі, прыгіналі да зямлі і клалі пад яе кавалачак хлеба з соллю. Гэта такі «лайфхак» для духаў поля: маўляў, «мы ўсё забралі, але вам крыху пачастунку пакінулі, не крыўдуйце, прыходзьце на наступны год».
Апошні сноп — дажынок — спляталі хітра, упрыгожвалі кветкамі. Крый Божа нядбайна абысціся ці згубіць яго: налета зямля пакрыўдзілася б і нічога не дала. Выбіралі самую прыгожую і працавітую дзяўчыну — «жніўную каралеву», надзявалі на яе вянок з каласоў і кветак — тагачасны Оскар за найлепшую працу ў полі, і яна несла сноп-прыгажун у вёску. Усе спявалі, радаваліся. Гэта быў такі беларускі карнавал, толькі замест бразільскіх танцаў — нашы шчырыя, урачыстыя працяглыя дажынкавыя песні, ад якіх мурашкі па скуры. Іх было чуваць здалёк.
Cмак жніва: папрацавалі — трэба і падсілкавацца!
Не будзь дурнем, не злуй духаў, казалі нашы продкі. Яны былі людзьмі практычнымі, але крыху забабоннымі. І, ведаеце, правільна рабілі! Напрыклад, нельга было пакідаць на полі «недажынкі» — гэта лічылася страшным грахом. Калі ты не дабраў ураджай, значыць, пакрыўдзіў духаў, і на наступны год яны табе ўладкуюць засуху ці град. Ці апошні сноп. Яго нельга было кідаць, як папала, таму неслі ў хату, з пашанай ставілі на покуці, і ён там знаходзіўся ўсю зіму як абярэг. Вянок, што на дзяўчыне, таксама захоўвалі ў хаце, а вясной зярняты з яго першымі кідалі ў зямлю падчас сяўбы.
Але вернемся да радаснай працэсіі, якая ідзе з поля да гаспадара. Той ужо чакае, каб шчодра аддзячыць жнеям — пачаставаць і заплаціць за працу. Апошні сноп ставілі на покуць, пад абразы, і пачыналася свята. Гаспадар выстаўляў на стол усё, што было ў склепе і ў печы. Абавязкова быў хлеб з новага ўраджаю, квас, піва, сала, бліны, каша і розныя мясныя стравы. Добра частаваліся, а пілі — ну, скажам так, каб песні спяваліся яшчэ гучней.
Неўзабаве за працу браліся музыкі, і моладзь не магла ўседзець. Пачыналіся танцы, жарты, прыкмячалі, хто на каго як глядзіць. Дажынкі былі ідэальным часам для сватаўства. Калі хлопец дапамагаў дзяўчыне дажаць яе ўчастак — гэта ўжо, лічы, амаль намёк на вяселле. Прычым «алгарытмы» тагачаснага мэтчынгу былі вельмі практычнымі: хлопец адразу бачыў, ці працавітая дзяўчына, а дзяўчына магла ацаніць сілу і надзейнасць патэнцыйнага жаніха.
Нашы продкі на дажынках гулялі так, што да ночы не разыходзіліся. Свята ў іх атрымлівалася шчырае, жывое. Знясіленыя за тыдні цяжкай працы людзі нібы скідалі з сябе стому і весяліліся ад ўсёй душы. Жыццё працягваецца, і гэта самае галоўнае.
Больш чым свята
У 1996 годзе, у той час, калі Беларусь толькі шукала свой шлях у новай геапалітычнай рэальнасці, па ініцыятыве Прэзідэнта ў краіне нарадзіўся ўнікальны пачын — рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла «Дажынкі». Дэбют адбыўся 7-8 верасня ў Століне. Выбар горада не быў выпадковым: Століншчына на той момант дэманстравала выдатныя вынікі лідара па ўраджайнасці ў Брэсцкай вобласці. Акрамя таго, у горада глыбокія гістарычныя карані, ён славіўся сваім каларытным «Палескім кірмашом».
Менавіта ў Століне была закладзена новая культура ўшанавання працаўнікоў вёскі. Найлепшыя камбайнеры і аграрыі краіны ўпершыню атрымалі прызнанне дзяржаўнага ўзроўню: грашовыя прэміі, бытавую тэхніку, матацыклы і, што стала сімвалам новага часу, ключы ад 12 легкавых аўтамабіляў.
На І Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў сяла «Дажынкі» Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка асабіста ўручыў героям жніва ключы ад новенькіх аўтамабіляў «Жыгулі». 7 верасня 1996 года.
Са Століна пачалася і іншая важная традыцыя — комплексная трансфармацыя гарадской інфраструктуры. «Дажынкі» сталі магутным імпульсам для развіцця рэгіёнаў. Да свята ў Століне рэканструявалі цэнтральныя вуліцы, абнавілі бібліятэку і гасцініцу. Аднак галоўным дасягненнем стаў увод у эксплуатацыю новага будынка раённай бальніцы і паліклінікі. Такая пільная ўвага менавіта да сацыяльнага складніка яскрава прадэманстравала: дзяржава ўкладвае значныя рэсурсы не толькі ў «фасад», але і ў якасць жыцця людзей. На памяць пра тую падзею ў райцэнтры з’явілася вуліца Дажыначная — сімвал павагі да хлебаробскай працы.
Каб асэнсаваць сапраўдную вартасць тагачаснага рашэння Прэзідэнта аб правядзенні «Дажынак», варта згадаць, які перыяд тады быў. У сярэдзіне 1990-х краіна перажывала востры палітычны крызіс, а эканамічны хаос пасля распаду СССР пагражаў сацыяльнай стабільнасці. У грамадстве панавала разгубленасць. У той складаны момант Аляксандр Лукашэнка зрабіў стаўку на самае надзейнае — на працавітага беларуса, на вяскоўца, які заўсёды быў апорай нацыі. Менавіта Прэзідэнт стаў тым стратэгам, які ўбачыў у старажытным абрадзе завяршэння жніва магутны аб’яднаўчы і матывацыйны патэнцыял.
Гэта быў смелы і дальнабачны крок: кіраўнік дзяржавы пайшоў да народа, каб падтрымаць яго і даць яму ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Прэзідэнт вярнуў «Дажынкам» іх былую веліч, зрабіўшы земляроба — камбайнера, агранома, механізатара — галоўнай фігурай нашага жыцця. Кіраўнік маладой суверэннай дзяржавы бачыў у іх не выканаўцаў планаў, а сапраўдных герояў, на якіх трымаецца падмурак нацыянальнай бяспекі і дабрабыт кожнай беларускай сям’і. Гэта было пасланне грамадству: дзяржава бачыць і шануе тых, хто працуе на зямлі. Прэзідэнт сваім асабістым прыкладам паказаў: хлебаробская праца — не цяжкая павіннасць, а высакародная місія, якая заслугоўвае найвышэйшага гонару.
Столін, 7-8 верасня 1996 года.
Ініцыятыва Прэзідэнта вярнула ў вёску пачуццё ўласнай годнасці. Калі раней праца на полі ўспрымалася як нешта другараднае, то дзякуючы «Дажынкам» яна стала прэстыжнай. Маладыя спецыялісты пачалі бачыць перспектыву ў аграрным сектары, а ветэраны працы адчулі, што іх шматгадовыя намаганні не былі марнымі. Фестываль стаў своеасаблівым «сацыяльным ліфтам» і пляцоўкай для абмену вопытам, дзе перадавыя тэхналогіі сустракаюцца з народнай мудрасцю.
Прэзідэнт паказаў, што традыцыя — не застылы экспанат у музеі, а жывы арганізм, які развіваецца разам з краінай. «Дажынкі» сталі сімвалам нашай упэўненасці ў заўтрашнім дні, дзе хлеб на стале — вынік працы, падтрыманай моцнай рукой лідара, які любіць сваю зямлю і свой народ. Свята — сапраўдны гімн беларускай працавітасці, які гучыць сёння ў кожным рэгіёне дзякуючы таму, што ў свой час Прэзідэнт паверыў у сілу народнай традыцыі і даў ёй новае, стваральнае жыццё.
Кожны горад, які прымаў свята, нібы атрымліваў другое дыханне: рамантаваліся дарогі, узводзіліся новыя школы, спартыўныя комплексы і культурныя цэнтры. Гэта была прадуманая стратэгія дэцэнтралізацыі дабротаў, калі значныя дзяржаўныя сродкі накіроўваліся не толькі ў сталіцу, але і ў рэгіёны, дзе жыццё станавілася больш камфортным і сучасным.
З цягам часу маштаб «Дажынак» вырас настолькі, што ўжо ў ранейшых рамках ім стала цесна. У 2015 годзе па прапанове Прэзідэнта фармат свята атрымаў новае пераасэнсаванне. Было відавочна: праца аграрыя — не толькі збожжа ў засеках. Гэта працяглы вясковы марафон, які пачынаецца ранняй вясной з сяўбы і заканчваецца ўборкай кукурузы і цукровых буракоў. Свята выйшла за межы аднаго горада і стала, можна сказаць, усенародным: прыйшло ў кожны рэгіён, у кожны куток нашай краіны.
Каравай вагою 150 кг «узначаліў» святочнае шэсце на абласных «Дажынках» у Талачыне. 2015 год.
Правядзенне абласных фестываляў у раённых цэнтрах і аграгарадках добра падштурхнула іх развіццё. Толькі ўдумайцеся: за гады існавання «Дажынак» больш як 80 фестываляў літаральна змянілі аблічча 116 беларускіх гарадоў і мястэчак. І гэта не касметычны рамонт. Мяняюцца камунікацыі, вырастаюць сучасныя спартыўныя комплексы, абнаўляюцца бальніцы і ўстановы культуры. «Дажынкі» прыносяць з сабой рэальныя перамены, якія застаюцца для людзей на доўгія гады.
Гэты працэс неразрыўна звязаны з маштабнай стратэгіяй стварэння вёсак будучыні. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка неаднаразова падкрэсліваў: сельскі працаўнік корміць краіну, і ён заслугоўвае жыць у камфортных, сучасных умовах, якія ні ў чым не саступаюць сталічным. Гэта ўрэшце інвестыцыя ў будучыню беларускай вёскі. Мы захоўваем нашы традыцыі, але пры гэтым ствараем умовы, каб моладзь хацела заставацца на зямлі, каб тут было годна жыць і выхоўваць дзяцей. Такая стратэгія гаворыць пра ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Калі на месцы старых вуліц з’яўляюцца сучасныя кварталы, а ў раённым цэнтры адкрываецца аб’ект, якому пазайздросцяць нават мінчане, відавочна: Прэзідэнт выконвае сваё галоўнае абяцанне – забяспечыць справядлівасць і роўныя магчымасці для кожнага, незалежна ад таго, дзе чалавек жыве і працуе. Гэта і ёсць сапраўдная сацыяльная дзяржава ў дзеянні.
Часам ідзеш па вуліцы нейкага райцэнтра, які яшчэ пару гадоў таму выглядаў, мякка кажучы, «стомленым», а сёння — кветнікі, ліхтары, новенькі асфальт, дзеці на веліках ганяюць…
Інтрыга ў тым, што кожныя наступныя «Дажынкі» — заўсёды выклік. Мы стварылі сістэму, дзе традыцыя стала рухавіком прагрэсу. Імкнёмся зрабіць жыццё на зямлі прэстыжным, сучасным і, што немалаважна, прыгожым. Мы перасталі быць «краінай-агародам» і сталі дзяржавай, дзе аграрны сектар — гэта высокатэхналагічны бізнес з чалавечым тварам.
Да 30-годдзя «Дажынак» БЕЛТА выдала кнігу-альбом, якую прэзентавалі падчас Дня беларускага пісьменства ў Касцюковічах.
Аляксандр Лукашэнка заўсёды глядзіць на рэчы значна шырэй. Для Прэзідэнта хлеб — не толькі прадукт на стале, гэта фундамент нашага суверэнітэту і незалежнасці. У свеце, дзе рэсурсы становяцца галоўнай валютай, а прадукты харчавання — стратэгічным таварам, беларуская мадэль развіцця вёскі выглядае як вельмі празорлівы і дальнабачны крок. Прэзідэнт асабіста кантралюе кожны этап гэтай вялікай працы, патрабуючы ад чыноўнікаў не фармальных адпісак, а рэальнага, чалавечага клопату. Менавіта таму «Дажынкі» сталі своеасаблівым люстэркам нашай дзяржаўнай палітыкі: яны наглядна паказваюць, як праз павагу да каранёў і смелае ўвядзенне інавацый можа эвалюцыяніраваць цэлая краіна, не губляючы пры гэтым сваёй ідэнтычнасці.
Аблічча сучаснай вёскі вызначаюць высокія тэхналогіі і магутная тэхніка, якой кіруюць праз спадарожнікі, і, галоўнае, людзі, што ганарацца сваёй справай. І ў гэтым глабальным пераўтварэнні роля Прэзідэнта з’яўляецца вызначальнай. Кіраўнік дзяржавы ў самыя складаныя часы не дазволіў разбурыць аграрны сектар, а наадварот — зрабіў яго адным з галоўных драйвераў нашай эканомікі. Ён паверыў у беларускага селяніна, калі многія іншыя ставілі на вёсцы крыж.
На адкрыцці абласных «Дажынак-2026» у аграгарадку Жамчужны Баранавіцкага раёна.
Гледзячы на тое, як з кожным годам прыгажэюць нашы гарады, як напаўняюцца жыццём аграгарадкі, становіцца відавочна: «Дажынкі» — не толькі свята ўраджаю. Гэта свята беларускага характару, нашай здольнасці гаспадарыць на сваёй зямлі і нашага агульнага імкнення да росквіту. І ведаеце, што самае прыемнае? Калі бачыш вочы нашых аграрыяў, якія атрымліваюць узнагароды. У іх няма пафасу, толькі спакойная ўпэўненасць людзей, якія ведаюць цану свайму хлебу. Мы прайшлі шлях ад жніўнага сярпа да спадарожнікавага маніторынгу палёў, але душа свята засталася ранейшай — шчырай, хлебасольнай і па-беларуску ўпартай.
І яшчэ сёе-тое
Хто-небудзь спрабаваў палічыць, колькі хлеба з’ядае адзін чалавек за ўсё сваё жыццё? Сухія статыстычныя лічбы дапамогуць ажывіць у думках яскравы малюнак — цэлыя горы залацістага збожжа. Але калі паглядзець глыбей, кожная скібка — гэта вынік маўклівай кааперацыі сотняў рук, шчодрасці сонца і жыватворнай сілы дажджу. У кожным кавалку хлеба схавана гісторыя зямлі, якая нас корміць.
Мы ўсе звязаны адной нябачнай, але трывалай ніткай — залатым каласком. Чаму ж свята ўраджаю не губляе сваёй актуальнасці, нягледзячы на імклівы бег часу? Магчыма, таму, што ў ім жыве сапраўдная магія, якую мы навучыліся берагчы на дзяржаўным узроўні.
Толькі ўявіце: лета павольна згасае, палі пусцеюць, і прырода нібы выбухае ўдзячнасцю. Песні, шчырыя словы падзякі працаўнікам, караваі памерам з кола ад трактара і той непаўторны, густы пах свежага хлеба… Гэты водар пранікае ў самую душу, нагадваючы пра нашы карані і пра тое, што сіла беларусаў — у адзінстве і павазе да роднай зямлі.
Калі праца ў радасць, а вынік — агульны гонар.
«Дажынкі» — наш генетычны код, які перадаецца ад бацькоў да дзяцей, ён нязменны ў сваёй глыбіні і мудрасці. Як бы імкліва ні развіваўся свет, як бы ні ўдасканальваліся тэхналогіі і змяняліся магутныя камбайны на палях, непарушным застаецца галоўнае: святая павага да хлеба і да тых, хто сваімі мазольнымі рукамі шчыруе на роднай зямлі.
«Дажынкі» — момант ісціны, калі мы спыняемся, каб выцерці пот з ілба, азірнуцца на пройдзены шлях і з пачуццём заслужанага задавальнення сказаць сабе і ўсяму свету: «Мы зрабілі гэта. Мы зноў з хлебам». Гэта трыумф працы, які аб’ядноўвае нас у адзіную сям’ю.
І пакуль у нашых сэрцах трывае непарыўная сувязь з роднай нівай, пакуль разумеем сапраўдную цану кожнага залацістага каласка — свята будзе жыць. Бо хлеб — наша жыццё, наша гістарычная памяць і надзейны падмурак у будучыню.
| Ігар Ганчарук, часопіс «Беларуская думка», ілюстрацыйны матэрыял з архіва БЕЛТА.
