Тут пачалася Беларусь…

Конкурсная работа Константина Чечко на I этап III областного конкурса для молодых журналистов и блогеров.

Я нарадзіўся тут. У самым сэрцы беларускага Палесся. Жыткаўшчына – чароўны куточак Беларусі, дзе побач ужываюцца сучасныя здабыткі перадавых тэхналогій з традыцыямі прадзедаў. Для мяне гэта асаблівае месца. Тут б’ецца сэрца краіны. Тут сівыя вятры развучваюць свае адвечныя песні на грудзях Замкавай гары. Хмары і навальніцы спаганяюць свой смутак і гарэзлівасць ва ўлонні Прыпяці ды Сцвігі. Спрадвечныя балоты не лянуюцца дыхаць,  забяспечваючы кіслародам усю Еўропу. Ды што казаць, адно слова – Жыткаўшчына! Месца, дзе знайшлі прытулак мары! Месца, дзе бяруць свой пачатак вясёлкі!

Душою Жыткаўшчыны з’яўляеца старажытны Тураў. Чаго тут толькі няма! Каменныя крыжы, што растуць з зямлі на Барысаглебскіх могілках, Марцінаў калодзеж, Замкавая гара са сваімі тысячагоднімі таямніцамі. Тут на кожным кроку, у кожным куточку адчуваецца подых даўніны, своеасаблівы пах гісторыі. Людзі тут жывуць прыветлівыя і гасцінныя. Мы заўсёды сустракаем гасцей з хлебам ды соллю. Сапраўды, у нас ёсць чым наталіць і душу, і страўнік. Дзе вы яшчэ ўбачыце сучасны малочны камбінат, што адпраўляе сваю прадукцыю на міжнародны ўзровень, побач з фундаментам стражытнага манастыра тысячагодняй даўнасці? Дзе яшчэ вы зможаце разлічыцца ў краме праз андроід, слухаючы старажытныя легенды і паданні? Непаўторная сукупнасць эканамічнага росту і захавання гістарычнай спадчыны.

— Нерэальна! – скажаце вы.

— А вы завітайце да нас і самі ўсё ўбачыце, — адкажу вам я.

А якая ў нас зямля! Сараўднае золата, а не зямля! Што ні кінь, усё расце. А як інакш? Напілася яна людскога поту і крыві, нааслухалася за стагоддзі, наглядзелася… таму проста не можа быць няўдзячнай на ўраджаі.

Незвычайная зямля! Чароўная зямля! Яна памятае імёны старажытных князёў і нават захавала сляды язычніцкіх капішчаў. Як кажуць старыя людзі, тут можна сустрэць анёла ў вобліку дзіцяці, ці старога жабрака, што вандруюць па святой Тураўскай зямлі.

Ніколі не сцяруцца ў памяці росныя мурагі бязмежных балонняў, першы пячкур, вывуджаны на Прыпяці, першы белы грыб, знойдзены каля вёскі Дуброва. Не забудуцца бабуліны калыханкі, казкі пра ліхога цмока ды маўку, што вартуе неасцярожных дзяцей у калгасным жыце. Не сціхне ў душы пранізлівы гук званоў тураўскага сабора  Кірыла і Лаўрэнція Тураўскіх.

Хто неабыякавы да сваёй краіны, абавязкова павінен хоць аднойчы наведаць гэтае сакральнае месца — Жыткаўшчыну! Адчуць цеплыню чароўных каменных крыжоў. Зачарпнуць жменю вады са спрадвечных крыніц Струменю. Дакрануцца на момант да паданняў і таямніц продкаў! Пазнаёміцца з традыцыямі і навечна захаваць у памяці для нашчадкаў усю народную мудрасць, усю гісторыю радзімы!

— Чаму менавіта Жыткаўшчына, Тураў? —  запытаеце вы.

Адказ вельмі просты: бо тут пачалася Беларусь!

 

Храм для вернікаў, месца спакою для стомленых.

Тут палечаць званы тваю хворую душу ізноў.

Тут збяруць па кавалачкам усё, што разбіта і зломлена

Пад мясцовыя песні, пад шэпат каменных крыжоў…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!