Жыхарка вёскі Запясочча Лізавета Шаўгеня з’явілася на свет у фашысцкім палоне за два месяцы да Вялікай Перамогі
Па-вясковаму, нягледзячы на паважаны ўзрост, яе дагэтуль клічуць Лізкай, так як усё жыццё называла мама. Для жанчыны дачушка да апошняга дыхання была святлом у акенцы. Жыхарка вёскі Запясочча Лізавета Шаўгеня з’явілася на свет у фашысцкім палоне за два месяцы да Вялікай Перамогі.
Кожнай сям’і – па стойлу
Жыла-была пад Туравам сям’я. Неўзабаве прыйшло да яе вялікае гора. Муж Кацярыны Струк згінуў у віхуры адной з войн, што папярэднічала нападу фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз, а трое іх дзетак забраў голад, панаваўшы на Палессі ў пачатку 1930-ых гадоў. Падчас акупацыі Кацярына Дзмітрыеўна прыняла як родных сына і дзвюх дачок забітай немцамі сястры.
– Дзе мама мяне ўзяла, не ведаю – пачынаючы аповед, сумна ўсміхаецца субяседніца. – Ніколі яна не расказвала, хто мой тата, а я і не цікавілася…
У адзін з дзён немцы пачалі зганяць запясочанцаў да Прыпяці, на Зарэчча. Напоўп людзей, дзе пераважалі кабеты, падлеткі і дзеці, пагрузілі на баржы і павезлі да чыгункі. На станцыі пасадзілі ў таварняк, які рушыў на Захад. У баварскім горадзе Беленберг беларусаў пасялілі ў канюшні. Кожнай сям’і – па стойлу. У лагеры жылі прадстаўнікі розных еўрапейскіх краін. Малых – Соф’ю з Праскоў’яй, ці Пашай – пакідалі падмятаць падлогу, іншую работу на месцы выконваць, а падлетак Пеця нароўні з дарослымі хадзіў на завод.
– Нейкае жалеза там збіралі, чысцілі яго і кідалі ў кучы, – прыгадвае матчыны ўспаміны Лізавета Іванаўна. – Немцы давалі вязням баланду з бручкі, якой мы ў Беларусі кармілі жывёлу. А свой кавалачак хлеба мама клала Петрыку ў кішэню, калі той ішоў у начную змену.
Наглядчык падганяў палонных гумавай плёткаю. Аднойчы дасталася і Кацярыне, якая неабачліва сыпала праклёны ў адрас фашыстаў. Адзін з іх, аказваецца, крыху разумеў па-руску і пакараў жанчыну за “непавагу” да прадстаўнікоў Рэйха. Доўга яна яшчэ не магла падняць моцна пабітую руку.
Жывому – жыць
Да апошняга моманту ніхто не здагадваўся пра цяжарнасць жанчыны. Пад лахманамі адзення цяжка было заўважыць абрысы знясіленай фігуры. Дзясятага сакавіка 1945 года за загарадкай канюшні на свет з’явілася дзяўчынка. Роды ў запясочанкі прыняла баба Зіна, такая ж вязніца. Яна дзіцяці і імя дала – як у царыцы.
Можна толькі здагадвацца, што адчувала падчас гэтых выпрабаванняў Кацярына, з якімі думкамі стомленая непасільнай працай і голадам туліла па начах галаву да падушкі, як маліла бога выратаваць дачушку, што насіла пад сэрцам, і захаваць жыцці асірацелых пляменнікаў.
Лёс пашкадаваў іх. Вайна да гэтага часу ўжо набліжалася да пераможнага фінішу. Хутка палонных вызвалілі. Перад адпраўкаю ім прапаноўвалі паехаць у Францыю ці іншую краіну Еўропы. Нашы беларусы ні на хвіліну не задумваліся: лепей радзімы зямелькі няма.
За пяцёркі – на самалёт
Пяць душ вярнуліся дадому на папялішча знішчанай агнём хаты. Спачатку знялі маленькі дамок у Верасніцы, а, як вярнуўся бацька пляменнікаў, пабудавалі жыллё ў Запясоччы.
– Была там за ігрушку, – расказвае Лізавета Іванаўна. – Усе насілі мяне на руках і няньчылі. Мама прысвяціла мне сваё жыццё, застаўшыся навек удавою. Інакш, як “Мая дочачка ці Ліза-Лізачка” не казала. Голаду я не памятаю, усё было ў нас, хаця і сціпла, канечне…
Да замужжа Лізавета Іванаўна з мамай жылі ў сям’і стрыечнай сястры Соні. У класе за добрую вучобу дзяўчынку ставілі ў прыклад іншым. Яе прозвішча ў насценгазеце заўжды пісалі на “самалёце”. Пад малюнак з выявай машыны заносілі сярэднякоў, а тыя дзеці, што мелі тройкі-двойкі, “ехалі” на лапці. Кацярына Дзмітрыеўна са сціплай зарплаты санітаркі Тураўскай бальніцы старалася парадаваць любімую дачушку абноўкамі. Калі Ліза выходзіла на вуліцу ў свежапашытай сукенцы, сяброўкі не праміналі ўпікнуць: “Ты ж адна ў мацеры”…
– З пятага класа яна пакідала на мяне гаспадарку, – субяседніца кажа, што тады гэта ўспрымалася як будзённая справа. – Пакуль мама на сутачным дзяжурстве, я і свіней з курамі пакармлю, і грубы выпалю, і іншую патрэбную работу зраблю. Мы, пасляваенныя дзеці, не адчувалі сябе ў нечым абдзеленымі, хапала часу і на гульні, і на вучобу.
Вялікая радня
Лізавета Іванаўна вывучылася пасля школы на закройшчыцу. Забягаючы наперад, скажам, што ўсё жыццё яна засталася верная сваёй прафесіі, шчыравала швачкай у Тураўскім камбінаце бытавога абслугоўвання. Прыгожую працавітую дзяўчыну на танцавальнай пляцоўцы неяк запрыкмеціў мясцовы юнак. Уладзімір Шаўгеня паспеў скончыць ў Навасібірску, дзе служыў яго брат-ваенны, вучылішча электрыкаў. Бацьку свайго ён не памятае, бо той пайшоў на фронт у 1943-ім, адразу пасля нараджэння Валодзі, і загінуў. У дзесяцігадовым узросце не стала маці. Выгадавала яго цётка, Сцепаніда Марусіч, вядомая ў раёне калгасніца-перадавічка, Герой сацыялістычнай працы.
Праз тыдзень, як маладыя сталі сябраваць, юнак заявіў, што восенню яны пабяруцца шлюбам.
– Пакуль ён не перавёўся з Жыткавіцкай падстанцыі ў Тураўскую, не ўспрымала яго словы ўсур’ёз, – прызнаецца субяседніца. – Пражылі мы разам 45 гадоў, паставілі гэту хату, вырасцілі тры дачкі і сына. Я заўжды хацела, каб у маіх дзяцей была вялікая радня. Толькі шкада, што муж так рана і раптоўна пайшоў у нябыт…
Людміла, Святлана, Міхаіл і Валянціна пабудавалі сем’і, нарадзілі сваім бацькам шасцёра ўнукаў, а тыя працягнулі род пакуль пяццю праўнукамі. Жыццё, за кожны дзень якога субяседніца ўдзячна лёсу, працягваецца.
– Няма нічога страшней за вайну, – на развітанне заўважае Лізавета Іванаўна. – Калі кругом гарыць агонь узброеных канфліктаў, разумееш неімаверна вялікі кошт міру…
Святлана Шакалян
Фото аўтара і з архіва гераіні публікацыі
