Забранае дзяцінства Надзеі Ражалоўскай з вёскі Крэмнае
Замест таго, каб бавіць час у дзіцячых гульнях, яна за капейкі мыла падлогу ў багатай сям’і ды збірала каласкі на калгасным полі. А больш за ўсё малой хацелася пасмакаваць цукеркі, пра якія ведала толькі з кніжак. Надзеі Ражалоўскай з вёскі Крэмнае пашчасціла выжыць падчас фашысцкай акупацыі, але вайна пакінула след у яе жыцці назаўжды.

Чорная хмара
– Як толькі маці вытрымала тое гора? – з першых слоў аповеду вочы Надзеі Макараўны вільгатнеюць. – Да апошніх сваіх дзён успамінала Вялікую Айчынную і вінілася перад намі за тое, што мусіла падманваць, калі прасілі хлеба, якога не было: “Дзетачкі, кладзіцеся хутчэй спаць, хмара выйшла чорная, а як грыміць, то есці нельга – грэх”.
У сакавіку 1940 года ў тураўскай сям’і Кулеш нарадзілася пятае дзіцятка. Дзяўчынку назвалі Надзейкаю. Толькі шчасце бацькоў было кароткім. Праз два месяцы пасля пачатку вайны Мар’я аўдавела. Яе мужа Макара, які служыў у міліцыі і адразу падаўся ў партызанскі атрад, па-зверску забілі мясцовыя паліцаі. Перастрэлі, калі той вяртаўся з разведкі, вывелі па іроніі лёсу да Крэмнага, куды потым пойдзе замуж меньшая дачка. Па дарозе прыхапілі яшчэ і жанчыну з Азяран, таксама западозраную ў сувязі з народнымі мсціўцамі.
– Назаўтра маці з маёй старэйшай сястрою, 12-гадовай Наташай паехалі на падводзе яго шукаць, – прыгадвае сямейныя ўспаміны субяседніца. – Тая страшная карціна ў вачах стаяла ўсё яе жыццё. Нелюдзі распаролі бацьку жывот, відаць, катавалі. Пальцы яго правай рукі застылі на ілбе, значыць, перад смерцю ён маліўся… Тую жонку закапалі пад бліжэйшым кустом, а тату – на ўскрайку тураўскіх могілак.
Фактычна Мар’я Якаўлеўна гадавала ў акупацыю шэсць дзяцей. Прыняла яшчэ пляменніцу, равесніцу Надзі. Брат ваяваў на фронце, яго жонка была ў партызанскім атрадзе медсястрой. Валю забралі толькі пасля вайны, і яна, колькі жыла, называла цётку мамай. Адкуль толькі браліся сілы ў гэтай вясковай жанчыны? Гарачае жаданне выратаваць сваіх крывіначак штурхала яе на неймаверныя па сёняшніх мерках учынкі. Калі немцы спалілі Куляшову хату, яна зрабіла будан са сцёблаў сланечніку. Потым вялікая сям’я тулілася ў пакойчыку, выдзеленым у дзяржаўным доме. А пасля вайны яны жылі ў хатцы, змайстраванай жаночымі і дзіцячымі рукамі з лесу, якім умацоўваліся нямецкія акопы ў Тураве.
– Мама баявая была, кідалася ва ўсе бокі, каб нас пракарміць, – Надзея Макараўна працягвае гісторыю простага бытавога подзвігу. – Не пабаялася вярнуць сваю карову, якую паліцаі забралі. Хадзіла на мельніцу, прасіла ў немца дазволу пазбіраць у раўчачках рэшткі мукі для сваіх “кіндараў”. Заварыць жменьку кіпнем і мы ямо тую зацірку. Або яшчэ здабудзе на бойні, дзе акупанты свежавалі канфіскаваную жывёлу, вантробы, як мы кажам “пляхі” ці брыжы. Намочыць іх, паскрабе ды варыць булён.
Першыя свядомыя ўспаміны субяседніцы адносяцца недзе да пяці-шасцігадовага ўзросту. Ратуючы ад немцаў маёмасць, маці закапала скрыню з рэчамі. Яна адзіная і засталася з даваеннай пары. Дзеці здабылі недзе кукурузу. Брат Васіль, адцэжваючы каструлю з пачаткамі, ненаўмысна абварыў кіпнем Надзіну нагу. Шрам ад апёку на вялікім пальцы не дае забыць ліхалецце.
– Я так моцна плакала, седзячы на гэтай скрыні, – Надзея Макараўна вяртаецца думкамі ў мінулае, – што, супакойваючы, мне аддалі ўсе тыя кіяхі.
Такая была жытка
Калі ворага прагналі з роднай зямлі, перасталі свістаць кулі, гінуць людзі, з фронту вярталіся мужчыны, наладжваўся мірны лад. Але жыццё Куляшоў, якія засталіся без мужа і бацькі, усё роўна было цяжкім. Пяцёра дзетак гарнуліся за матуляй, падстаўляючы ёй свае худыя плечы, дапамагалі ў любой рабоце, каб не голым быў стол. Крыху выратоўвала ад голаду пенсія на малых па страце кармільца.
– У першы клас пайшла – на адной назе бацінак, на другой – туфель, падвязаны вяроўчынай, – пенсіянерка расказвае, што сіротам тады давалі амерыканскую гуманітарку. – Адна лава вышэйшая замест стала, на другой, меньшай, па 6-7 чалавек сядзелі. Кніжак не было, слухалі вучыцеля і запаміналі, а пісалі на старых газетах. На настаўніцкім стале стаяла керасінавая лямпа, святла якой да апошняй парты не хапала. Потым на гары пабудавалі новую школу. Мы, дзеці, прыходзячы раніцай у цёплыя класы, здзіўляліся, калі тэхнічкі паспявалі нанасіць дроў на другі паверх і выпаліць столькі грубак.
Падлеткам Надзейку летам на калгасны ток зваў брыгадзір. Жанчыны жалі ніву сярпамі, зерне ноччу малацілі. Як высахне на вялізнай блясе, дзеці ношкамі насілі яго ў склад. У вучэбную пару грошы на чарнілы і пёры дзяўчынка зарабляла, як зараз бы сказалі, клінінгам. Па пятніцах, да таго, як пачнуцца заняткі ў другую змену, яна за 20 капеек паспявала выдраіць падлогу ў доме заможнай тураўскай сям’і ды нанасіць з калодзежа бочачку вады. А калі гаспадыня пачастуе якой ладкай, то з’есці яе Надзя старалася ў школе, каб не думалі, што галадае.
– Вясною, толькі снег спадзе, бяжымо на поле шукаць памерзлую бульбу, – ад слоў жанчыны замірае сэрца. – Якімі ж смачнымі здаваліся нам блінцы з яе, чорнай і напаўгнілой. Не забуду, як збіралі ў торбачкі колас на зжатых участках з дазволу палевікоў, якія ахоўвалі хлеб ад крадзяжу. Выцерабленыя зерняты сушыліся на печы, а насупраць нашай хаты ў людзей быў млын, там і рабілі муку.
Па словах Надзеі Макараўны, уволю паесці пашчасціла толькі ў дарослым узросце. Пра карамелькі нават не марылі, звычайны цукар – раскоша. Дробка яго выдавалася на ўсіх. З асцюкоў маці варыла кісель, і яны падсалоджвалі яго слой за слоем, з’ядаючы з міскі.
– Да хлеба былі жадныя, – не перастае хвалявацца апавядальніца. – У шэсць гадзін мяне будзілі, каб ішла ў краму. На падводзе прывязуць латок. Магазіншчыца палічыць людзей у чарзе і разрэжа боханы, каб кожнаму хапіла. Калі – напалову, калі на тры часткі. А я пытаю, куды далей хлеб павязуць? І лётам туды, каб яшчэ кавалачак далі. Вось такая была жытка…
У сэрцах нашчадкаў
Васьмігодку Надзея Кулеш скончыла без троек, а сярэднюю адукацыю атрымлівала ў вячэрняй школе. Хацела вучыцца далей, толькі не было за кім. Прыйшлося нейкі час быць за няньку, глядзець дзяцей сястры, якая працавала бухгалтарам. Неўзабаве ў яе закахаўся Юра Ражалоўскі, відны хлопец якраз вярнуўся з арміі і дужа падабаўся Мар’і Якаўлеўне. Можа, нават, больш чым дачцэ. Праз два гады маладыя пабраліся шлюбам, а Надзя стала жыхаркаю Крэмнага. Дагледзела свёкра са свякрухаю і сваю маці. Увесь час працавала прыбіральшчыцай у Тураўскай школе. Пара выгадавала дзве дачкі і сына. Іхні род доўжаць шасцёра ўнукаў і столькі ж праўнукаў. Дваццаць гадоў таму гаспадар пакінуў гэты свет, але памяць пра яго і іншых родзічаў беражліва захоўваецца ў сямейным альбоме і сэрцах нашчадкаў.


Святлана Шакалян
Фото аўтара і з архіву Надзеі Кулеш
На здымках: 1. Сорак пяць гадоў у шлюбе пражылі сужэнцы Кулеш. 2. Ад бацькі ў Надзеі Макараўны засталося толькі пасведчанне аб яго гібелі. 3. Са слязамі на вачах расказвала жанчына пра сваё жыццё.
