Сасна шуміць – усяму бору чуваць. Как сегодня живет деревня Хвойка
Вёска з мілагучнай назвай (у складзе Марохараўскага сельсавета) прытулілася на самым памежжы з Любанскім раёнам. Яна сустрэла нас першым з пачатку вясны дажджом, яркай зелянінай і цішынёй, якую парушалі толькі рэдкія петушыныя крыкі ды брэх сабак у дварах.
Памяць у сэрцах
А падарожжа мы пачалі з цэнтра сяла, дзе стаіць помнік. У брацкай магіле вечным сном спачываюць 55 ахвяр фашызму, памяць пра якіх беражліва захоўваюць землякі.
– Хвойка падчас вайны вытрымала шмат выпрабаванняў, – пачынае гісторыю сваёй малой радзімы Ганна Васіленка, нязменны работнік мясцовага ачага культуры, якая ў той дзень стала нашым гідам. – Але ж здолела адрадзіцца і зараз жывё. Тут амаль 90 чалавек. Крыху больш за траціну – пенсіянеры, астатнія працуюць, пераважна ў лясніцтве і ААТ “Дзякавічы”. Ёсць і восем школьнікаў, з якімі віншуем са святамі пажылых на даму. Даюць канцэрты ў нас народныя калектывы з раёна, дзякуй аднавяскоўцам, што прыходзяць на мерапрыемствы.

Да нашай размовы ў клубе, што па суседству, далучаюцца мужчыны. У пару іхняга юнацтва тут, кажуць, налічвалася больш за 300 душ. Аднойчы вялікая кампанія з любанскага Осава, не падзяліўшы дзяўчат, учыніла на танцах такую бойку, што нават міліцыю выклікалі.
– Хто перамог? – усміхаецца ў густую бараду Васіль Рагалевіч. – Мы, канечне, бо хлопцы былі спартыўныя!
з Хвойкі ў … Хвойку
Вёска ўтварылася ў пачатку ХХ стагоддзя з хутароў, што далі неафіцыйныя назвы вуліцам. На Лясную дагэтуль кажуць Волхаўскай. Тут раней жыло багата вялікіх сем’яў, і дзяцей з іх клікалі кітайцамі. Паркавая вядома як Клетца, а трэцюю, Садовую, перайменавалі ў Доўгую. Не забыліся пакуль і тутэйшыя ўрочышчы – Місцюковае, Памялішча, Бойчава, Куцікава і іншыя. Ёсць нават яшчэ адна Хвойка.
Як сведчыць легенда, на месцы сучаснай вёскі некалі стаяла высокая сасна. Людзі прыходзілі сюды адпачываць, ладзілі, як бы зараз сказалі, дыскатэкі. І калі пачалі звозіць з ваколіц хаты, з назвай новага населенага пункта мудрыць не сталі, нават, не зважаючы на наяўнасць паблізу аднайменнага хутара. І сёння мясцовыя жыхары ставяць ў тупік незнаёмцаў, калі, збіраючыся па ягады, кажуць: “Пойдам у Хвойку”.
Вясковы аптыміст
Па старшынству першым наведалі Аляксандра Жураўлевіча. На Пакровы Дзянісавічу споўніцца 95 гадоў. Жвавы дзядок узрадаваўся нечаканым гасцям: і пра жытку сваю расказаў, і выканаў песню пра салдат, якія спяшаюцца на радзіму.

– Зараз самае лепшае “ўрэмя”, – прызнаючыся ў гэтым, ён ніколькі не крывіць душой, бо памятае, як хаваўся ад нямецкіх аблаў па лясах, еў мёрзлую бульбу, а пасля вайны на службе тры гады вартаваў савецка-японскую мяжу. – Пенсію плацяць, якую зарабіў, дочкі даглядаюць і жанчыны мяне па-ранейшаму любяць, – хітра жмурыць вока пенсіянер-удавец.
Сакрэт яго даўгажыхарства – у працы, аптымізме і генах. Дзеду Аляксандра Жураўлевіча пашчасціла справіць 102-гі дзень нараджэння.
– Доктар, як рабіў мне аперацыю, сказаў, што пражыву 110 гадоў, – не губляе надзеі мужчына.
Сем Я
На сядзібе Аляксандра і Антаніны Жураўлевіч кідаюцца ў вочы роўныя, пад шнурок грады і кусты руж уздоўж дарожкі. Адразу разумееш, што тут жывуць сапраўдныя гаспадары. Гэта сям’я – прыклад вясковай дбайнасці. На падворку – дзве каровы, цёлка, конь, атара авечак і хатняй птушкі чарада.

– Вучыцца, жаніцца і будавацца трэба было, вось і развялі статак, – з гумарам тлумачыць абставіны Антаніна Сямёнаўна. – Восем кароў было сама болей. Баба мая некалі казала: “На вяку сем заплат на баку”. Уцягнуліся ды і працуем. Дзякуй Богу, хлопцы з дзяўчатамі дапамагаюць.
Сужэнцы выгадавалі пяцярых дзяцей, маюць восем унукаў. Для вялікага сямейства родны дом – месца сілы, куды з радасцю ўсе з’язджаюцца.
Цікава, што дзеці з бацькамі калегі. Абедзве дачкі і тры нявесткі, як і Антаніна Сямёнаўна, маюць педагагічную адукацыю. Хлопцы Жураўлевічаў пайшлі па прафесійных слядах Аляксандра Анатольевіча, які ўсё жыццё працуе ў Хвойкаўскім лясніцтве.
Бабушкін Прапаршчык
Уладзімір Васіленка 25 гадоў аддаў вайсковай службе, больш з якіх у нашай ракетнай часці, а выйшаўшы на пенсію, матануў з жыткавіцкай кватэры ў бацькоўскую хату. Разам з братам тут гаспадарыць і, адчуваецца, тым шчаслівы.

– Ягады, грыбы, прырода, кабанчык у хляве, куры. А ў горадзе што – сядзі на канапе ды газеты чытай? Гэта не па мне, – філасофскі разважае мужчына, якога ў Хвойцы клічуць Прапаршчыкам.
За тое, што з маладосці не абыходзіць увагай дам, людзі далі яму яшчэ адну мянушку – Бабушкін.
На пытанне, што можа з той прычыны і шлюб яго распаўся, 66-гадовы вясковец паціскае плячыма і смяецца…
Нітка за іголачку
Яркія саматканыя посцілкі, вышытыя прасціны, навалачкі і рушнікі – не музейныя экспанаты, а прадметы “жывога” інтэрьеру ў доме былой даяркі калгаса “Кастрычнік” Ганны Васіленкі, цёзкі нашай загадчыцы клуба.

– А чаму яно ляжаць будзе і жаўцець? – з замілаваннем глядзіць на справу сваіх і маміных рук майстрыха. – Мужыка свайго некалі прысплю і вышываю да ночы. Пакахала яго, што на гармошцы хораша іграў, а ён гарэлку любіў. У 48 гадоў удавой засталася.
Іванаўна – маці пяцярых дзяцей і бабуля ўдвая большай колькасці ўнукаў. Меньшы сын Саша, бываючы дома, з задавальненнем упрыгожвае бацькоўскі двор адмысловымі архітэктурнымі формамі.
Апошняй кропкай нашага маршруту стаў магазін з даволі прыстойным асартыментам. Святлана Боган за прылаўкам стаіць тут пяць гадоў. Калі згарэла дзядулева хата, у якой жыла з мужам і дзецьмі, ёй выдзелілі палову будынка былой пачатковай школы. Пад адным дахам зараз размяшчаюцца дзве сям’і.

– Тры дачкі, і я шэсць разоў ужо бабуля, – з гонарам распавядае Святлана Мікалаеўна. – Так склалася, што засталася на малой радзіме. І я пра гэта не шкадую.
Факт
У Хвойцы пераважна жывуць людзі з прозвішчамі Чэркас, Кудзелька, Рагалевіч, Жураўлевіч і Васіленка. Адрозніваць іх дапамагаюць вясковыя мянушкі.
Святлана Шакалян
Фота аўтара
НА ЗДЫМКАХ: 1. Ганна Васіленка нязменна працуе ў клубе. 2. Любіць з дзяцінства вышываць і яе цёзка – Іванаўна. 3. Першыя гаспадары ў Хвойцы – Аляксандр і Антаніна Жураўлевічы. 4. Уладзіміра Васіленку завуць Прапаршчыкам. 5. Дзе радзілася, там і згадзілася Святлана Боган. 6. Доўгажыхар Аляксандр Жураўлевіч у 94 гады не губляе аптымізму.
