Жыткаўчанка Вікторыя Макух — педагог па прызванню, які адкрывае свет ведаў
Штогод установы адукацыі раёна папаўняюцца маладымі педагагічнымі работнікамі, актыўнымі і няўрымслівымі сейбітамі ведаў. У СШ №3 імя І.М. Банава такіх настаўнікаў пяць.

Сярод іх – Вікторыя Макух, выкладчык гісторыі і педагог-арганізатар па сумяшчальніцтву. Яна працуе тут другі год.
Вікторыя Дзмітрыеўна – педагог па прызванню. Сама яна родам з Жыткавічаў, скончыла гімназію. Будучы стараннай вучаніцай і актывісткай, удзельнічаючы ў розных пазакласных і пазашкольных мерапрыемствах, сказала свайму педагогу-арганізатару Ірыне Старажэнка, што хоча ў будучым мець такую ж прафесію, як у яе.
Вікторыя Дзмітрыеўна гадавалася ў сям’і, у якой раслі чацвёра дзяцей. Яна старэйшая дачка, таму заўсёды старалася дапамагчы бацькам, бачачы іх занятасць. Прыглядаючы за малодшымі, Вікторыя Дзмітрыеўна заўважыла, як ёй падабаецца іх выхоўваць, вучыць, дапамагаць з дамашнімі заданнямі, вырашаць канфлікты. Менавіта па гэтай прычыне цвёрда вырашыла стаць педагогам і менавіта настаўнікам гісторыі. Вельмі палюбіла гэты прадмет, таму што яе да гісторыі з дзяцінства далучыў бацька. Ён часта расказваў цікавыя факты, праводзіў паралелі з сучасным жыццём і гэтым самым паўплываў на далейшы выбар дачкой жыццёвага шляху. Асабліва ёй падабаюцца гісторыя Беларусі і Расійскай дзяржавы.
Першы ўрок Вікторыі Дзмітрыеўны прайшоў у пятым класе. Настаўніца ўспамінае, што хвалявалася, было вельмі складана і страшна, таму што многа дзяцей, і яна іх яшчэ не ведала. Але закончыўся ўрок добра і пазітыўна: вучні прынялі маладую настаўніцу. Самым цяжкім у пачатку кар’еры было наладзіць дысцыпліну ў класе. Аўтарытэт і павагу Вікторыя Дзмітрыеўна заслужыла паступова, на працягу першага года работы ў школе.
Калі маладому педагогу патрэбна прафесійная дапамога, яна звяртаецца да калег, настаўнікаў гісторыі Наталлі Пракаповіч і Алены Мікалаенка, а таксама да намеснікаў па выхаваўчай і вучэбнай рабоце.
На ўроках Вікторыя Дзмітрыеўна часта прыводзіць прыклады з жыцця, каб дзеці разумелі пэўныя сітуацыі, зыходзячы са свайго жыццёвага вопыту. Пры вывучэнні розных дзяржаў свету настаўнік заўсёды праводзіць паралелі і параўноўвае іх з нашай краінай. Самае цікавае – работа з вучнямі: прыходзячы штодзённа на ўрок, ніколі не ведаеш, чаго чакаць. А самае складанае – вырашэнне канфліктаў паміж хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Для таго, каб знайсці падыход да кожнага дзіцяці, трэба ведаць яго самога, погляды на жыццё, характар, сям’ю. Найбольш эфектыўным і ў той час праблемным метадам навучання Вікторыя Дзмітрыеўна лічыць работу з тэкстам, бо сучасныя дзеці мала чытаюць. Маральныя якасці і каштоўнасці, якія яна прывівае і перадае сваім вучням, – пачуццё калектывізму, дабрыня, павага да іншых, узаемадапамога, чэснасць, справядлівасць, спачуванне, адказнасць.
Малады настаўнік рэкамендуе ўсім дзецям прачытаць самую яркую, на яе погляд, кнігу, якая паказвае ўзаемаадносіны чалавека і яго светапогляду, алегарычную аповесць-казку Антуана дэ Сэнт-Экзюперы «Маленькі прынц». «Усе дарослыя спачатку былі дзецьмі, толькі мала хто з іх аб гэтым памятае», – гэтую цытату з кнігі настаўнік раіць усім ведаць і мець на ўвазе.
Мая субяседніца прызналася, што, акрамя педагогікі, хацела б паспрабаваць сябе ў ролі культработніка, чалавека, які праводзіць канцэрты, масавыя мерапрыемствы, арганізоўвае танцавальныя праграмы.
Дарэчы, Вікторыя Макух заняла першае месца ў конкурсе эсэ «Калі б я быў губернатарам…» і хутка паедзе на сустрэчу з Іванам Крупко, кіраўніком Гомельшчыны. Яна вельмі актыўная, крэатыўная, камунікабельная, адказная, удзель-нічае ў конкурсах рознага ўзроўню і займае прызавыя месцы. Малады педагог добра ладзіць з дзецьмі, умее з імі ўзаемадзейнічаць.
Алена Жаўнерык
Фота аўтара
