Кароль прозы і гісторыі

Бадай, няма ў айчыннай літаратуры жанру і накірунку, які б быў непадуладны пяру гэтага выдатнага літаратара. Паэт, пісьменнік, драматург, сцэнарыст, публіцыст, крытык, перакладчык… Так, гэта ўсё адзін чалавек – Уладзімір Караткевіч – сапраўдны феномен і ўнікальны чалавек, класік беларускай літаратуры, адзін з найбольш яркіх літаратараў сучаснасці.
За яго кнігамі, якія выдаваліся вялізнымі тыражамі, людзі стаялі ў чэргах. Імі і зараз зачытваюцца літаратурныя аматары ва ўсім свеце. Уладзімір Караткевіч – першы беларускі пісьменнік, хто звярнуўся да жанру гістрычнага дэтэктыву, абагаціўшы тым самым нашу літаратуру.
Галоўная яго заслуга – гэта глыбокая распрацоўка нацыянальнай гісторыі ў мастацкай форме. Прабудзіць цікавасць да нашага мінулага, да культурнай спадчыны, сфарміраваць вобраз Радзімы як годнай павагі дзяржавы – у гэтым бачыў сваю задачу пісьменнік. І яму гэта ўдалося.
Натуральна, узнікае пытанне: чаму Караткевіч адчуў неабходнасць у такой літаратуры і першым яе прадставіў на суд чытача? Думаю, што адказ хаваецца ў самай галоўнай частцы жыцця пісьменніка – дзяцінстве. Як вядома, нарадзіўся Уладзімір Караткевіч у інтэлігентнай сям’і, атрымаў выдатную адукацыю. У доме была вялікая бібліятэка, мноства самых розных кніг: і астаткі дзедавай бібліятэкі, і бацькоў, і свае. Усё жыццё пісьменнік успамінаў добрым словам чалавека, якому абавязаны ўсім, хто выхаваў у ім гонар за свой край, любоў і інтарэс да народа, яго гісторыі і традыцый, хто ўзнагародзіў яго неадольнай цягай да карэнняў сваіх. Гэта дзед па лініі маці, які, па словах пісьменніка, цудоўна бачыў глупства і ўмеў пусціць яго голым, валодаў неймавернай духоўнай і фізічнай сілай, бязмежнай энергіяй і азартам. На легендах і паданнях дзеда, яго ўспрыняцці роднай прыроды і вырас рамантызм і патрыятызм Уладзіміра. Менавіта ад дзеда, Васілія Юльянавіча Грынкевіча, ён даведаўся падрабязнасці Крычаўскага паўстання 1743-1744 гадоў. Яго пераказы мноства беларускіх легенд і паданняў засталіся ў памяці дзіцяці і ў выніку рэалізаваліся ў творах. Менавіта дзед стаў прататыпам Данілы Вежы-Загорскага ў рамане «Каласы пад сярпом тваім».
«Дзікае паляванне караля Стаха», «Сівая легенда», «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Чорны замак Альшанскі», «Ладдзя роспачы»… Кожны беларус прачытаў хаця б адзін з гэтых твораў і ацаніў высокае майстэрства аўтара. У сваіх гістарычных аповесцях, раманах ён ажывіў падзеі і дух мінулых эпох.
«Чорны замак Альшанскі» – беларускі гістарычны дэтэктыў з элементамі містыкі і псіхалогіі. Калі хто не чытаў гэты твор, то глядзеў кінафільм, які сапраўды заварожвае з першых кадраў. Інтыга будуецца на пошуку старажытнага манускрыпта, у якім указваецца месца знаходжання скарбу. Падзеі адбываюцца як у глыбокай старажытнасці, так і ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, і ў сучасны час.
Раман «Каласы пад сярпом тваім» лічыцца галоўным творам у спадчыне Караткевіча. Гэта кніга аб гадах перад паўстаннем 1863-1864 гадоў у Літве і Беларусі. Па таму, як падрабязна даецца апісанне сітуацыі, традыцый, бытавога жыцця, выспявання сацыяльных праблем і сталення галоўнага героя, ствараецца ўражанне, што гэта першы з раманаў вялікай наступнай эпапеі. У аповед натуральна і лірычна ўплецены сцэны палявання, легенды і паданні княскіх дынастый, каханне галоўнага героя. Усе персанажы ствараюць карціну натуральнага жыцця. Як гістарычны раман ён напісаны не проста дабротна, а любоўна і выпакутавана.
Аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» – адна з першых работ Караткевіча, якая пасля экранізацыі стала сапраўднай падзеяй для чытачоў. У чым жа прычына? У тым, што аповесць з’яўляецца майстэрскай стылізацыяй пад гатычны раман, што было не характэрна літаратуры таго часу. За гэтай кнігай стаялі чэргі. Заварожвалі вобразы і ўмелы аповед. Хто і чаму хоча забіць маладую дзяўчыну? Гэтае пытанне становіцца асновай сюжэта, які падкідвае чытачу ўсё новыя новыя загадкі.
«Дзе мой край? Там, дзе людзі ніколі не будуць рабамі!» – гэта адна з выдатных цытат Уладзіміра Караткевіча, якая актуальная і ў наш час. Пісьменнік заўсёды любіў сваю радзіму, нашу краіну, паважаў і вывучаў яе мінулае. І гэтая фраза праследжваецца як лейтматыў у гістарычных творах аўтара, якія ўсім нам трэба чытаць і перачытваць, цікавіць імі нашых дзяцей і ўнукаў. Таму што на творах гэтага выдатнага пісьменніка можна і варта гадаваць, вучыць і выхоўваць наша, беларускае маладое пакаленне.
Алена Жаўнерык
