Навучэнка Жыткаўшчыны распавяла пра герояў, жыццё якіх звязана з раёнам

Аднойчы, калі мы з бабуляй разглядалі старыя здымкі ў яе альбоме, мой позірк прыцягнула фота, зробленае ў час мітынгу. Мерапрыемства было прысвечана Дню Перамогі ў маёй роднай вёсцы Азяраны. Адзін з мужчын на здымку плакаў. Бабуля расказала, што гэта ветэран вайны і настаўнік Аляксей Дзмітрыевіч Углоў.

Аляксей Дзмітрыевіч Углоў (чацвёрты ў першым радзе) з аднапалчанамі, 1978 год
Ён нарадзіўся 10 сакавіка 1918 года ў вёсцы Цяплоўка Пензенскай вобласці ў сялянскай сям’і. Калі пачалася вайна, пайшоў добраахвотнікам на фронт. Свабодна валодаў нямецкай мовай, таму пасля праходжання паскоранага курса ваеннага вучылішча яго накіравалі ў контрразведку. Ісці дарогамі вайны давялося амаль з першых і да апошніх яе дзён. У 1944 годзе быў оперупаўнаважаным аддзела контрразведкі «Смерш» 23-й стралковай дывізіі 89-га стралковаго палка. У другой палове сакавіка 1944 года полк вёў цяжкія баі за вёску Азяраны.
Аляксей Дзмітрыевіч успамінаў: «Я ўдзельнічаў у вызваленні Жыткавіцкага раёна ад фашысцкіх захопнікаў. Добра памятаю адзін з баёў.
3 красавіка 1944 года камандаванню нашай дывізіі стала вядома, што фашысцкія карнікі вырашылі разграміць «курані» (месца ў лесе, дзе хаваліся ад ворага жыхары вёскі Хваенск). У лес быў накіраваны наш атрад пад кіраўніцтвам лейтэнанта Ігара Шыраева. 4 красавіка ў 12 гадзін пачаўся бой з карнікамі. Фашысты змагаліся настойліва, на іх баку была колькасная перавага. Раптам хтосьці з нашых крыкнуў «Забіты Сямёнаў!» Тады ўсе разведчыкі падняліся ў атаку, мужна змагаліся і перамаглі. У тым баю было знішчана 27 фашыстаў, толькі аднаму ўдалося ўцячы, але па дарозе ў Хваенск яго дагнала наша куля».
photo_3_2026-04-12_16-33-53.jpg
У канцы чэрвеня 1944 года пачалася аперацыя «Баграціён». Полк удзельнічаў у прарыве нямецкай абароны. За мужнасць, праяўленую ў баях, старэйшы лейтэнант Углоў быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.
Аляксей Дзмітрыевіч быў добрым і ўважлівым чалавекам. Напэўна, таму аднойчы і звярнуў увагу на светлавалосую дзяўчынку з блакітнымі вачамі, якую звалі Волечка. Дзіця стаяла каля дарогі ў вёску Хваенск. Ён пасадзіў яе на каня і падвёз дадому, дзе і сустрэў маці дзяўчынкі. Жанчына ў той час была ўдавою, муж загінуў на фронце. Палеская красуня захапіла сэрца смелага салдата, гэта сустрэча стала вызначальнай у жыцці Марыі і Аляксея. Але трэба было вяртацца на фронт.
Аляксей Дзмітрыевіч удзельнічаў у баях за Берлін. Быў паранены, але адмовіўся ад шпіталю, працягваў змагацца з ворагам да самай перамогі. 9 мая 1945 года сустрэў на Эльбе.
photo_1_2026-04-12_16-33-53.jpg
Посля Перамогі прыехаў за каханай у Беларусь. Аляксей Дзмітрыевіч і Марыя Сяргееўна стварылі моцную сям’ю, выхавалі двух дзяцей. Дачка ўспамінае, што нават у сталым узросце бацькі захавалі пяшчотныя адносіны адзін да аднаго. З цягам часу Аляксей Дзмітрыевіч перавёз у Хваенск і сваю старэнькую маці.
У 1947 годзе ён экстэрнам здаў экзамены за курс педагагічнага вучылішча, пазней скончыў і педінстытут. 25 гадоў працаваў настаўнікам нямецкай мовы ў Хваенскай сярэдняй школе. Да шматлікіх баявых узнагарод дабавіліся за сумленную працу ў пасляваенныя гады: Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР, Грамата Міністэрства асветы, шматлікія ўзнагароды райкама і абкама партыі.
Па ўспамінах жыхароў вёскі Хваенск, Аляксей Дзмітрыевіч быў вельмі добрым настаўнікам: патрабавальным і ў той жа момант добразычлівым, яго любілі дзеці, паважалі бацькі і калегі. Шмат яго вучняў абралі прафесію настаўніка, бо перад імі быў прыклад сапраўднага педагога, адданага школе і дзецям.
Была яшчэ ў Аляксея Дзмітрыевіча важная справа ў жыцці: ён быў арганізатарам сустрэч аднапалчан, неаднаразова яны праходзілі і на Гомельшчыне. Прыязджалі ветэраны вайны з усяго былога Савецкага Саюза, ішлі баявымі сцежкамі, успаміналі загінуўшых, углядаліся ў спіс на гранітных плітах, нібы бачылі перад сабой жывых таварышаў.
Лёс Аляксея Углова пачаўся далёка ад палескіх балот, у Пензенскай вобласці. Але менавіта беларуская зямля стала для яго месцам ваенных выпрабаванняў і самага шчырага кахання. Ураджэнец Расіі вярнуўся ў Хваенск не як госць, а як вызваліцель, каб змяніць афіцэрскі планшэт на школьны журнал і стаць мудрым настаўнікам.
photo_2_2026-04-12_16-33-53.jpg

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!