Бацькоўства і адказнасць: гісторыя педагога сярэдняй школа №3 горада Жыткавічы імя І.М. Банава Аляксандра Гурыновіча

Як вядома, педагог – гэта цяжкая і адказная работа, якая патрабуе вялікай энергіі, цярпення, вытрымкі, самавалодання, аб’ектыўнасці і, канечне, вялікага багажу ведаў.

На жаль, з часам у нашым грамадстве склаўся пэўны гендэрны стэрэатып, што вучыць дзяцей павінны  жанчыны, таму што гэта ў іх лепш атрымліваецца. Юнакі рэдка паступаюць у педагагічныя навучальныя ўстановы. Педагогі-мужчыны – часцей настаўнікі фізічнай культуры і тэхнічнай працы, а таксама кіраўнікі ваенна-патрыятычнага выхавання. На самай справе, яны з’яўляюцца каштоўнымі кадрамі, таму што менавіта прадстаўнікі моцнага полу валодаюць такімі якасцямі, як стрэсаўстойлівасць, уменне даваць аб’ектыўную ацэнку.

Да таго ж, большасць мужчын – выдатныя логікі. Яны ўмеюць «раскласці рэчы на свае месцы», прыпаднесці навучальны матэрыял даступна і якасна. Усімі гэтымі якасцямі валодае педагог  сярэдняй школа №3 горада Жыткавічы імя І.М. Банава Аляксандр Гурыновіч, які выкладае фізіку. Сам ён родам з Мінскай вобласці, закончыў Мазырскі педагагічны інстытут імя Н.К. Крупскай па спецыяльнасці «Агульнатэхнічныя дысцыпліны і праца з дадатковай спецыяльнасцю «Фізіка».

З 1994 года пачалася яго прафесійная педагагічная дзейнасць. Выбар спецыяльнасці быў для Аляксандра Паўлавіча збегам акалічнасцей. Толькі потым, калі пачаў працаваць, то зразумеў, што гэта тое, чым сапраўды хочацца займацца.

– З узростам прызванне да мяне прыстае ўсё больш і больш, – прызнаўся настаўнік і класны кіраўнік 8 Б класа. – Да дзяцей заўсёды былі добрыя адносіны, мне падабаецца іх вучыць, даваць ім не толькі веды, але і выхаванне.

Калі малады чалавек пасля заканчэння школы выбіраў прафесію, блізкія і сябры аднесліся да гэтага станоўча і з разуменнем, таму што большасць  таксама з’яўляюцца настаўнікамі, дырэктарамі школ (у тым ліку і жонка – педагог-псіхолаг).

Многія лічаць, што настаўнік – не мужчынская прафесія, але, на думку Аляксандра Паўлавіча, гэта – менавіта мужчынская справа і заслугоўвае павагі і пашаны ў грамадстве.

Калі размаўляю з вучнямі і іх бацькамі, то яны ў пераважнай большасці жадаюць, каб настаўнікамі, асабліва класнымі кіраўнікамі былі менавіта мужчыны. Таму што ў такім выпадку ў дзіцячым калектыве будзе панаваць пачуццё адначасова «бацькоўства» і дысцыпліны. Але без жанчын існаванне школы немагчыма, таму што яны нясуць цяпло, мяккасць, дабрыню. Вучні павінны атрымліваць і мужчынскае, і жаночае выхаванне. Толькі ў такім выпадку яны змогуць стаць паўнацэннымі членамі грамадства і наладзіць сваё дарослае, у тым ліку і сямейнае жыццё.

Станоўчым бокам мужчыны-педагога з’яўляецца тое, што яму лягчэй і прасцей наладзіць кантакт і ўзаемаадносіны з так званымі цяжкімі падлеткамі. Аляксандру Паўлавічу гэта таксама ўдаецца. І робіць гэта настаўнік шляхам гутарак з дзецьмі на іх мове, больш простай, зразумелай і даступнай, не строга дысцыплінарнага характару, нават шляхам жартаў. Ён лічыць сябе дэмакратычным педагогам, але ў рабоце з дзецьмі неабходна і строгасць.

– Без яе ў школе нельга, таму што навучанне і выхаванне павінна быць заключана ў межах парадку.

Сваю педагагічную дзейнасць Аляксандр Паўлавіч пачаў з пасады дырэктара школы, але ён і зараз памятае свой самы першы ўрок.

– Фізіка ў 11 класе. Я вельмі хваляваўся, і гэта было заўважна. Правесці яго было больш цяжкай задачай, чым быць дырэктарам. Але вельмі радавала тое, што пад канец занятку зразумеў, што змог наладзіць узаемаадносіны са старшакласнікамі.

Усім вядома, што фізіка – адзін з самых цяжкіх школьных прадметаў, які трэба пастаянна вучыць, разумець. Яна не ўсім лёгка даецца. І тут вельмі важным з’яўляецца майстэрства настаўніка. Аляксандр Паўлавіч свае ўрокі будуе такім чынам, каб фізічныя з’явы тлумачыць на аснове прыкладаў з паўсядзённага жыцця, прыроды (а іх вельмі вялікая колькасць). Ён мала карыстаецца падручнікамі, рознай дадатковай літаратурай, акрамя зборнікаў задач. Таму большасць вучняў цудоўна яго разумеюць і сапраўды цікавяцца фізікай.

– Вучні, канцэнтруючы ўвагу на жыццёвых прыкладах, лепш запамінаюць тэарэтычны матэрыял, – упэўнены субяседнік.

– Часам бывае дрэнны настрой і стомленасць, але калі прыйдзеш у клас, паразмаўляеш з вучнямі,  адразу адчуваеш, як на душы становіцца лёгка і добра.

Самым прыемным у сваёй педагагічнай дзейнасці, тым, што прыносіць яму задавальненне, Аляксандр Паўлавіч лічыць падзякі бацькоў і высокія вучэбныя дасягненні вучняў. Таксама яго радуе і тое, што дзеці яму давяраюць, размаўляюць не толькі на вучэбныя тэмы і не толькі на ўроках, але і на перапынках, калі дзеляцца сваімі праблемамі і перажываннямі. Настаўнік дае слушныя і карысныя парады. Дзеці ўспрымаюць яго не толькі як педагога, класнага кіраўніка, але і як вобраз бацькі. Аляксандр Паўлавіч лічыць, што да сферы адукацыі патрэбна далучаць больш мужчын, але для гэтага неабходна павышаць статус настаўніка, у тым ліку і з матэрыяльнага пункту гледжання. Калі папрасіла педагога сфатаграфавацца для газеты разам з вучнямі і мы разам зайшлі ў клас, адзін з адзінаццацікласнікаў сказаў: «Так, Аляксандр Паўлавіч, з вялікім задавальненнем! Таму што вы наш любімы настаўнік!» Гэта і ёсць самая высокая і прыемная ацэнка і пахвала для любога педагога.

 

Алена ЖАЎНЕРЫК

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!