Вялікае шчасце – жыць. Няпросты лёс сужэнцаў Івановых з Людзяневічаў

Настане дзень, калі сыйдзе ў нябыт апошні ветэран Вялікай Айчыннай. Але сярод нас яшчэ застаюцца сведкі той бязлітаснай вайны, што зведалі ўсе яе жахі непаўналетнімі. Пакуль бацькі і дарослыя браты білі ворага, а мацяркі на сабе аралі, сеялі і стаялі каля станкоў, у нястачы і страху яны сталелі не па гадах. А пасля вызвалення ад фашыстаў пераважна іхнімі рукамі аднаўлялася разбураная краіна, закладвалася аснова сёняшняга дабрабыту беларусаў. Да 80-годдзя Вялікай Перамогі, захоўваючы гістарычную праўду пра час ліхалецця, пачынаем цыкл публікацый, прысвечаных успамінам старэйшага пакалення.

Гісторыя першая

У сужэнцаў Івановых з Людзяневічаў агульнае прозвішча, імя па бацьку, год нараджэння – 1944 – і дзяцінства, апаленае вайной.

Бацькоўскай не зведала ласкі

Валянціна Фёдараўна з’явілася на свет у кастрычніку. Да шчаслівага мая яшчэ заставалася сем месяцаў, Беларусь больш не тапталі гітлераўскія боты. Але яна магла загінуць, так і не нарадзіўшыся. Яе цяжарную маці са старэйшай 6-гадовай дачкой і семярымі сіратамі забітай па даносу здрадніка сястры Марыі аднойчы павялі на растрэл.

– Зірнуўшы на малых, што гронкамі чапляліся за падол спадніцы, немец зміласцівіўся, – прыгадвае матулін аповед жанчына. – «Вядзі, матка, кіндэр дамой». Так мне захавалі жыццё…

Сям’я да вайны знаходзілася на Белым. Антаніна Лук’янаўна Жыткавец была сувязной партызанскага атрада, у якім ваяваў і Валін бацька, пазней ён прапаў на фронце без звестак. Можна толькі ўявіць, як цяжка прыйшлося сялянцы адной падымаць двух хлопцаў і семярых дзяўчат, калі навокал спрэс нястачы і голад.

– Вясной ратавалі крапіва, лебяда і шчаўе, летам – лес, – свядомыя ўспаміны Валянціны Фёдараўны адносяцца недзе да пяцігадовага ўзросту, а пра ранейшыя падзеі ведае па словах самага роднага чалавека. – Неяк стрыечныя браты на адным з урочышчаў выпадкова знайшлі закапаную бульбу. Якая сытая тады была ў нас Паска – і галушак нарабілі, і дранікаў.

Не прапасці дзесяцярым душам дапамагалі дзве каровы.

Пасля перамогі партызанская ўдава за хромавыя боты і цёлку купіла ў Людзяневічах амаль аварыйную хатку. Пазней вялікую сям’ю Жыткавец-Скаргоўскіх перасялілі ў памяшканне былой школы, як пабудавалі новую. Доўга яшчэ дзеці, што жылі ў інтэрнаце пры дзесяцігодцы, прыбягалі сюды на кінасеансы. Менавіта тут, дзякуючы сіратам, з’явіўся першы ў вёсцы чорна-белы тэлевізар.

– У гэтых сценах і я вучылася, парт было мала, стаялі сталы і доўгія лавы, – гаспадыня паказвае месца ва ўтульнай зале, дзе мы размаўляем. – Зімою ў нас з мамаю былі адны валёнкі на дваіх. Пакуль я на ўроках, яна ўпраўлялася па гаспадарцы ў лапцях. Жанчына была суровая, дысцыпліну трымала, але ж мы яе дужа любілі і ўсе выраслі годнымі людзьмі.

Сем класаў дзяўчынка скончыла амаль на выдатна, як казалі, мела міністэрскую памяць. Дастаткова раз пачытаць верш – і гатова каля дошкі яго расказваць. Толькі працягваць адукацыю Валянціне не было за кім. З 14-ці гадоў мусіла пайсці працаваць. Будавалі гандлёвую базу ў Жыткавічах. Да гораду па бездарожжу прыходзілася дабірацца пешшу. У няпоўныя васямнадцаць вырашыла яна завербавацца ў Сібір.

– «Людзі на катаргу туды ехалі», – са слязамі адпускала мяне мама ў далёкі свет, – падгаварыўшы сяброўку з Браніслава, дзяўчына паехала па камсамольскай пуцёўцы ў Іркуцкую вобласць, дзе ўзводзілі камбінат па здабычы жалезнай руды. – У мястэчку Каршуніха з іншымі хлопцамі і дзяўчатамі з усяго Савецкага Саюза ўкладвалі чыгуначнае палатно. Трамбавалі каменні на пад’язных пуцях, валуны варочалі. Пры гэтым і стомы вялікай не адчувалі, маладыя, сіл хапала яшчэ і на танцы па вечарах. Спачатку жылі ў палатках, у якіх зімою ставілі буржуйкі, а потым перасяляліся ў новыя інтэрнаты.

Сірата іркуцкая

– Чым жа зачаравала вас беларуска? – падыйшла чарга браць інтэрв’ю ў Дзмітрыя Фёдаравіча, які ўвесь час сціпла слухаў аповед сваёй другой паловы.

– Просто понравилась и всё, – пасля двух інсультаў тэмп маўлення пенсіянера, акцэнт якога назаўсёды застаўся рускім, прыкметна запаволіўся, і памяць, на жаль, пачала даваць збой. – Свадьбы не было, сошлись, расписались и живём уже почти 60 лет.

Калі ў Валянціны Фёдараўны была мама, сястра і стрыечныя, то яе сужэнца вайна зрабіла поўным сіратой, без роду і племені. Амаль з нараджэння, а ў дакументах яго дата пазначана 4 лютага 1944 года, хлопчык апынуўся ў іркуцкім дзіцячым доме. Магчыма, яго знайшлі недзе паблізу, а можа ён адзін з мноства тых, каго эвакуіравалі з цэнтральнай часткі Расіі ў Сібір, да якой не дакацілася карычневая чума. На жаль, гэта так і засталося невядома. Пісьмовыя запыты Івановых у дзетдом вынікаў не далі.

– С раннего детства только единственное воспоминание осталось, как сильно все плакали, когда умер Сталин, – сумна ўздыхае мужчына. – После отучился на строителя и работал путеукладчиком в Коршунихе.

Сужэнцы кажуць, што забеспячэнне там было выдатнае, 20-працэнтную паўночную надбаўку плацілі. Хаця надвор’е выпрабоўвала не на жарт. Ад марозу зімою лопаліся стрэлы экскаватараў, пры мінус 42 градусах людзей адпускалі са змены. Летам жа сонца так пякло каменні, што сесці на іх нельга, а да раніцы паветра прыкметна выхалоджвалася.

Нягледзячы на добрыя перспектывы і жаданне застацца, праз два гады сямейныя абставіны вымусілі Івановых вярнуцца ў Беларусь: захварэла маці Валянціны Фёдараўны. Да таго часу ў іх ужо падрастаў першынец. У роднай хаце нарадзіліся яшчэ дзве дачкі і столькі ж сыноў.  Выгадавалі іх без памперсаў, сямейнага капіталу і трохгадовага дэкрэта. Ні за кога, кажуць бацькі, ім не сорамна. На жаль, адзін з іх хлопцаў загінуў падчас тэрміновай службы, гора і зараз болем адгукаецца ў душы.

Дзмітрый Фёдаравіч большую частку жыцця прысвяціў геолагаразведцы, бурыльшчыка цанілі за старанне і майстэрства. А Валянціна Фёдараўна шчыравала ў мясцовым калгасе на розных рабочых участках ці, інакш кажучы, куды пашлюць. На святы і юбілеі іхняя хата поўніцца галасамі ўнукаў (іх адзінаццаць) і праўнукаў, якіх пакуль два. Азіраючыся назад, муж з жонкаю дзякуюць Богу, што ў той ваеннай мясарубцы пашчасціла выжыць…

 

Святлана Шакалян

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!