Фашысцкая акупацыя, калгасныя «палачкі»-працадні, моцны шлюб назаўжды. Тураўчанін Іван Лескавец расказаў пра свое жыццё
Ні дня са свайго нялёгкага жыцця не згадзіўся б выкрасліць 90-гадовы тураўчанін Іван Лескавец. Фашысцкая акупацыя, калгасныя «палачкі»-працадні, моцны шлюб назаўжды… Па яго біяграфіі можна вывучаць гісторыю роднага краю.

Глядзеў смерці ў вочы
– Жылі ў Дварцы, у бацькоў нас было сямёра. Маці казала, што я, сярэдні, нарадзіўся, як жыта ўбіралі. Яна мне адзін год скасавала. Пасля вайны, у каго былі малыя дзеці, давалі «помашч». У метрыках замест 1934-га запісаны 1935-ты. Немцаў мы пабачылі толькі ў жніўні. Ехалі па вуліцы вярхом на бяльгійскіх куцахвостых конях, рукавы салдацкай формы закасаныя. Да восені ў Тураве было ціха, пакуль не набралі паліцаеў. Вось тыя лютавалі, людзей забівалі ні за што. У вёсцы стаяла 125 двароў, уцалелі ўсяго 15. Дахі саламяныя, гарэлі хутка. Добра, што семь’і паўцякалі. Наш дом таксама агонь не пашкадаваў. Бацька ў Вароніна купіў зруб. Як перавозілі, немец казаў: «Не стройся, усё роўна спалім».
Два нашыя кані вайну перажылі, а карову стараста вывеў з адрыны і фрыцам аддаў. Голадна было. Самы жаданы пачастунак – кусок чорнага жытняга хлеба пасыпаць соллю і, прытуліўшыся да цёплай печы, са смакам з’есці. Прыбягу калі позна з вуліцы, маці кажа: «Няльзя хлеб рэзаць, як сонца зашло». Клаўся спаць галодным…
Вялікіх баёў у Тураве і Дварцы не памятаю. Мы, малыя, цікавіліся ўсім. Бегалі на рэчку купацца і аднойчы пабачылі на беразе шэсць бронекацераў. Чырвоная Армія ў 1944-ым наступала з Азяран, адтуль чуліся гукі гармат. Людзі ў гэты ліпеньскі дзень хаваліся за ракою. Вельмі цяжкі час перажылі. Брат самы старэйшы, Максім, загінуў пры вызваленні Веткі. Не дай Бог вайны нікому…
Жоўтыя боты
– Мы, пераросткі, не дужа хацелі вучыцца з малечай. Другія ўжо інтарэсы захаплялі. У чатырохгодцы – маленькай драўлянай хатцы – парт не было, клаліся жыватамі на падлогу і слухалі настаўніка. У каго ёсць кавалак газеты, той пісаў на белых палях, а ў каго няма – 45 хвілін так ляжаў. Два першых класы было, два – другіх і чацвёрты. Басаногія хлопцы мне зайздросцілі. Па той самай помачы маці атрымала жоўтыя боты амерыканскія. У школу я іх насіў, а са школы – брат абуваў. Скот восенню пасвіш, пад тоненькай куфаечкай стулішся ад холаду, хукаеш на рукі. Сямігодку заканчваў у будынку на гары, а пазней – яшчэ і вячэрнюю. У горад не паехаў вучыцца, бо тады калгаснікам не выдавалі пашпарты. Гэты дакумент у мяне з’явіўся толькі ў пачатку 1980-ых. Ды, чэсна, і не хацелася ад дому адрывацца.

З чатырох і да ночы
– У 16 год пайшоў я ў калгас на коні. Сеялі кок-сагыз (з гэтай культуры атрымлівалі каучук для вытворчасці гумавых вырабаў – аўт.), лён, каноплі. У чатыры раніцы ўставалі паліваць тытунь, а дахаты вярталіся, бывала, і цёмнай ноччу. І ніхто не глядзеў на гадзіннік, каб а шостай вечара, як зараз, сыйсці дамоў. Да 1961 года рабілі за працадні. У ведамасць ставілі палачку, за якую пасля збору ўраджаю разлічвалі тым, што вырасла. Помню першую палучку, 120 рублёў – вялікія грошы. Праз некаторы час мяне адправілі вучыцца на механізатара ў Тураўскую сельгастэхніку. Першыя два трактары – Т-16 і Т-25 – без кабіны былі. А потым далі стары МТЗ-50. Перабраў сам, казалі: «У цябе, Ян, залатыя рукі». За дваццаць пяць гадоў змяніў нямала агрэгатаў. Багата грамат зарабіў і медалі ёсць – «Ветеран труда» і «Победитель соцсоревнования». Як надыйшла пенсія, вярнуўся зноў да коней. І толькі ў 77 канчаткова кінуў працу. Дзеці пачалі сварыцца: «Бацька, колькі можна? Адпачні». Агульны стаж – 55 гадоў.

Пакахаў за адзін дзень

– У 2017-ым пайшла з жыцця мая Ева Ніканаўна. Пражылі разам 59 гадоў і адзін месяц. Яна сірата з Борак, на тры гады старэйшая. Пазнаёміліся, панаравіліся адзін другому і праз дзень пажаніліся. Распісваліся ў Рудні-Грэбені. Шлюбных убораў не было, вяночак нявеста сама спляла. Галя нарадзілася ў хаце маіх бацькоў. А на Паску 1959-га перабраліся ў сваю, новую. Тут параслі і Люда са Светай. Як жылі? Усяк было, і саступалі, і сварыліся іншы раз. Але ж, як дзядзька адзін казаў: «Ночка цёмная ўсё памірыць». Гаспадарка была вялікая, зямлі абраблялі шмат. Гаравалі…

Патроху ўзбіваліся на капейку. У канцы 1960-ых тэлевізар у расрочку купіў. Першы ён з’явіўся ў настаўніцы, а потым у нашай хаце. Помню, як прыходзілі хлопцы, з якімі вучыўся механізацыі, глядзець кіно «Свадьба в Малиновке». Суседзяў збіралася многа каля экрана.
У мяне шэсць унукаў і восем праўнукаў. Дзеўкі добра глядзяць. Каб не сумаваў, курэй мне завялі – двевяць штук і певень. Тры каты жывуць дома. Хажу ў магазін сам, службу ў царкве наведваю. Калі дзень праляціць – і не прыкмеціш, а ў другі – хоць на сценку лезь. Кніжкі мяне ратуюць, дзеці возяць пачкамі, люблю чытаць. Па гадах, напэўна, у сваю маці пайшоў. Яна пражыла да 103 гадоў.
А яшчэ быў выпадак
– Пасля вайны вярталіся ў Тураў франтавікі. Уцалелыя і калечаныя. Грудзі многіх, з ордэнамі і медалямі, нагадвалі іканастас. Адзін з ветэранаў стаў старшынёй калгаса. А неўзабаве яго судзілі. У чалавека было дзве сям’і, і ў абодвух – малыя дзеці галадалі. Каб выратаваць іх, ён падгаварыў аднаго чалавека ўкрасці мех пшаніцы. За гэты ўчынак франтавіку далі пяць гадоў турмы.
Святлана Шакалян
Фота аўтара і з архіва героя публікацыі
