Шануйце ж іх памяць сення і заўжды
Сёння стартавала эстафета Жыткавіцкага аўтаклуба, прысвечаная 80-годдзю Вялікай Перамогі. Iмправізаваны цягнік памяці “Па абелісках маланаселеных вёсак” першы прыпынак у Іёвічах зрабіў невыпадкова.

Трагедыя тут адбылася 11 лютага 1943 года. У той дзень у бок Леніна накіравалася партызанская разведка. Нечакана яна натыкнулася на атрад карнікаў. Давялося ўступіць у бой. Загінулі некалькі немцаў і паліцаяў. Фашысты вырашылі адпомсціць, адыграцца на мірных жыхарах. Яны рушылі на Залюцічы і Іёвічы. Многія вяскоўцы паспелі ўцячы ў лес. Але і там схавацца было цяжка. Людзей выдавалі сляды на снезе. Карнікі па іх па дыме вогнішчаў лёгка знаходзілі людзей, і грымелі аўтаматныя чэргі. Ніхто не мог выратавацца не толькі ў вёсцы, але і ў лесе. А ў Іёвічах палілі хаты. Загінула ўся сям’я Макара Дарафея – дачка Вера, зяць Мікалай, шасцігадовая Валя, Віця – 10 гадоў… У час растрэлу хлопчык апынуўся пад целамі забітых, выбраўся, увесь у крыві ўсю ноч прасядзеў у дрывотні, а раніцай яго знайшлі немцы і жывым спалілі разам з іншымі вяскоўцамі… Імёны яшчэ двух загінуўшых малых дзяцей Макара Васільевіча невядомы.
Вёску абкружылі з усіх бакоў, выставілі куляметы. Людзей зганялі ў вялікае гумно Андрэя Чопчыца. Страшны гвалт, крыкі і плач стаялі над
Іёвічамі. Хутка занялося полымя. У агні загінулі 74 чалавекі, з іх дзяцей ад году да дзесяці – 44. Цудам удалося выратавацца толькі двум жыхарам вёскі – Таццяне Глушань і Уладзіміру Чопчыцу.
Праз 82 гады пасля той жудаснай даты каля манумента сабраліся нашчадкі, каб аддаць даніну памяці загінуўшым мірным жыхарам – ахвярам Вялікай Айчыннай вайны. Сярод іх і ініцыятар узвядзення абеліска (адзінага ў раёне створанага за сродкі жыхароў), ураджэнка вёскі Вольга Мета. Яна звярнулася да землякоў са словамі падзякі за памяць. А старшыня Мілевіцкага сельсавета Тамара Трафімавіч акцэнтавала ўвагу на яе трансляцыі маладому пакаленню.
Хвіліна маўчання, малебен і Хлеб Памяці сталі сімвалам эстафеты і ўвасабленнем будучага жыцця. А цягнік памяці крочыць далей. Наступныя прыпынкі: Ельна, Хвойка, Беразнякі, Надубава і Ляхавічы.





