Тут колісь князі палявалі. Як сёння жыве вёска Буразь
Што ні вёска, то свой характар, што ні вуліца, то мясцовая славутасць. Шмат цікавых асоб сустрэлі і падчас журналістскай вандроўкі ў Буразь, што знаходзіцца ў Верасніцкім сельскім Савеце.

На Раство – Кермаш

Знаёмства з месцічамі пачалося каля аўталаўкі. Нахвальваючы прадаўца і асартымент, людзі запаўнялі сумкі каўбасой, садавінай, хлебам і пухнатай, здаецца, яшчэ цёплай выпечкай. І адначасна па-суседску абмяркоўвалі апошнія вясковыя навіны. У чарзе мы даведаліся пра самыя распаўсюджаныя буразьскія прозвішчы.
– Валюшыцкія і Дарошка, – усміхаючыся ў вусы, с ходу паведаміў Сяргей Страх. Мужчына прыехаў са сталіцы да матулі, Валянціны Пятроўны, якая да замужжа, дарэчы, таксама была Дарошка. – Вёску дзяцінства помню вялікай. Найбольш шырока адзначалася ў нас Раство – прыстольнае свята. Сёмага студзеня на Кермаш у кожнай хаце гасцей-сваякоў сустракалі, на вуліцы песні грымелі, весяліліся. Традыцыя жыла нават у савецкі атэістычны час.
Не сумуюць тутэйшыя і зараз, хаця, як прызналася наш гід Ганна Дарошка, загадчыца клуба і па сумяшчальніцтве давераная асоба старшыні сельсавета, культурны размах, канечне, не параўнаць з колішнім. Вёска, на жаль, старэе. Сёння ў Буразі каля 80 чалавек. На шэсць вуліц усяго пяць школьнікаў засталося. Але ж яна ўдзячна сваім гарадскім землякам, што не кідаюць бацькоўскія хаты.
– У нас нават кінаўстаноўка свая была, – па дарозе да першага героя рэпартажа працягвае аповед пра мінулае Ганна Ільінічна. – Жонка білеты прадавала, а яе муж стужку круціў. Дзіцячыя сеансы пяць капеек каштавалі. Тэлевізараў мала яшчэ было, то і дарослым падабалася ў клубе фільмы глядзець.
Хто ў вёсцы гаспадар?

Ладны, ашаляваны салатавым сайдынгам дом Сцяпановых здалёк выдае дбайных жыхароў. На іхнюю хатнюю ферму можна с поспехам вадзіць экскурсіі. Каго толькі не трымаюць на вялікім падворку сужэнцы. Конь, карова, атара авечак, свінні, чарада гусей, куры. Лічы, апошнія на вёсцы гаспадары засталіся.
– Калі б майго Сашу забралі ў партызаны, то за пару месяцаў усю б жывёлу сбыла, – паказваючы сваіх гадаванцаў, жартуе з мужа-дабытчыка яго другая палавіна. – У Любавічах, адкуль ён родам, усе такія гарапашныя.
Любоў Міхайлаўна працуе сацыяльным работнікам, абслугоўвае дзесяць пенсія-нераў. Яе муж – трактарыст фермерскай гаспадаркі, якая на палетках вакол Буразі вырошчвае буякі ці па-руску «галубіку». Каб паспець управіцца, дзень свой пара пачынае, калі яшчэ ўся вёска спіць. Зразумела, клопату хапае, сельская гаспадарка не дае выхадных, але ж і аддача ёсць. Уласныя харчы з магазіннымі не параўнаць. Ды і дзецей фінансава падтрымаць ёсць магчымасць.
Для кахання няма перашкод

Пра сям’ю і пакручасты лёс зайшла размова ў суседняй хаце, дзе жывуць Сядзельнікі. На падставе іх гісторыі мог бы атрымацца сцэнарый меладрамы. Сорак два гады таму гэтая пара была на языках усёй Буразі. Да Каці, па вясковай мянушцы Качалка, што дала адстаўку свайму мужу-п’яніцу і адна падымала чацвёра дзяцей у купленай на крэдытныя грошы хаце, стаў сватацца халасцяк, з якім разам працавалі на калгаснай будоўлі.
– «Не пара я табе», – адмовіла яму, – эмацыйна прагадвае сваё другое замужжа Кацярына Фёдараўна. – Доўга не давала згоды, ён жа маладзей на тры гады, а у мяне старэйшая дачка ўжо ў сёмы клас хадзіла.
Іван Спірыдонавіч узяў сваю нявесту настойлівасцю і ўвагай:
– Мора дзевак было, а панаравілася Каця, і дзеці не сталі перашкодай, – яны, дарэчы, амаль з першага дня пачалі зваць яго татам.
У шлюбе нарадзіліся яшчэ трое хлопцаў. Нашчадкаў, прызнаюцца сужэнцы, не дзялілі, кожнаму далі добрую дарогу ў жыццё. У дзеда з бабуляй ужо 10 унукаў і трое праўнукаў.
– Каманда мая была, – прызнае за сабою лідарства гумарная жанчына, – а як дзеці параслі-раз’ехаліся – то ён цяпер хазяін…
Адкуль назва пайшла?

Старэйшая жыхарка вёскі Анастасія Валюшыцкая здзівіла нас не толькі тым, што ў 93 гады актыўна карыстаецца мабільным інтэрнэтам. За ёй можна запісваць гісторыю населенага пункта.
– Тут колісь тураўскія князі з дружынай палявалі – буя рАзілі. Быкоў, значыць, здабывалі, адсюль і назва Буразь пайшла, – выдае краязнаўчыя звесткі ветэран працы, жывёлавод з 40-гадавым стажам.
Бабуля Насця прыгадала нямала цікавых старонак мясцовага летапісу. Напрыклад, можаце сабе ўявіць, што ў сярэдзіне мінулага стагоддзя калгаснікі ставілі ў клубе сапраўдныя спектаклі. Драмгурток вечарамі, пасля таго, як скончана нялёгкая, пераважна ручная праца і ўпраўлена хатняя гаспадарка, збіраў на рэпетыцыі паўсяла самадзейных артыстаў. І адкуль толькі сілы браліся на тэатр?
– Па сёлах на гастролі ездзілі коньмі, – пакуль актрыса з народа несла культуру ў масы, малых дзяцей пакідала на сваю маці. – Для п’есы «Будка №27» калгасны мастак зрабіў сапраўдныя дэкарацыі, на дошках намаляваў лес і чыгуначныя пабудовы.
Апладысменты зрывала Савічна і будучы салісткай мясцовага гурта «Лянок», з якім выступала больш за два дзесяцігоддзі:
– Натомішся за дзень, а ўсё роўна хочацца паспяваць, здаецца і паздаравееш.
Працавітыя рукі

Таблеткаю ад суму лічыць ансамбль і былая настаўніца пачатковых класаў Ніна Дарошка, якая сёння самы ўзроставы член гэтай галасістай кампаніі. Да жанчыны мы зайшлі, каб палюбавацца рэчамі, што вырабілі яе працавітыя рукі.
– Вышывала са школьных гадоў, – деманстрыруе расквечаныя іголкаю падушкі, рушнікі і просціны Ніна Андрэеўна. – А вязаць пруткамі навучыла адна жанчына, з якой некалі ў бальніцы ляжала. Папарабіла шкарпэтак дзецям. Пакуль апошняму звяжу, першы ўжо пяты папрацірае.
Падаруначак і нам ад майстрыхі дастаўся. Цёплыя тапцікі будуць напамінам пра сустрэчу з гэтым светлым чалавекам.
Дарэчы, Андрэеўна вышыла канцэртны касцюм не толькі сабе, а і некаторым калегам па сцэне.
Ой, сэрца «Лянок»
Народнаму фальклорна-этнаграфічнаму ансамблю «Лянок» на наступнае лета споўніцца 80 гадоў. Калектыў у раёне – найстарэйшы і адзін з самых заслужаных, пра што сведчыць стос грамат і дыпломаў. Сёння ён жыве дзякуючы пяцярым жанчынам, якія захоўваюць адданасць спеўнай спадчыне. Акампаніруе ім Фёдар Батура з Сямурадцаў.
– Народная песня спрадвеку святая, як шчырых знаёмых яна нас вітае, – мастацкі кіраўнік ансамбля Валянціна Дарошка вершаванымі радкамі пачала міні-канцэрт для журналістаў, а пасля пары нумароў дадала: – Пераважна выконваем старадаўнія творы, большасць каляндарна-абрадавага цыклу. Запрашаюць нас на раённыя, абласныя і рэспубліканскія святы, запісваліся неаднаразова беларускім радыё і тэлебачаннем.
Гурт у Буразі з’явіўся дзякуючы маладому настаўніку мясцовай пачатковай школы Якаву Дрынеўскаму. Яму належаць і словы візітоўкі «Да самі дзеўкі сеялі лён», якая дала гурту назву ў памяць пра гэтую культуру, што спрадвеку вырошчвалі на Палессі.

Святлана Шакалян
