Тяжелые воспоминания и тайна прапорщика. Геннадий Хильман рассказал о своей судьбе

Першыя свядомыя ўспаміны Генадзя Хільмана адносяцца да шасцігадовага ўзросту. Дзіцячая памяць, на шчасце, не захавала тых жахаў, праз якія яму прыйшлося прайсці за калючым дротам фашысцкага зняволення. Аб тым часе былы малалетні вязень ведае са скупых аповедаў бацькоў і старэйшай сястры Вікторыі. Граматнае маўленне, роўная спіна, светлы позірк блакітных вачэй выдаюць у ім чалавека з характарам і ясным жывым розумам.

Скончылася мірнае жыццё

– Радзіма майго бацькі, Рамана Іванавіча, 1899 года нараджэння, – вёска Грэбень. Ён служыў у пяхотным палку Будзёнага. Маці, Юлія Антонаўна, на чатыры гады маладзейшая, масквічка, згадвала яшчэ рэвалюцыйныя падзеі 1917-га. Пасля дэмабілізацыі ён прывёз яе ў Жыткавічы, – пачынае сваю гісторыю Генадзь Раманавіч. – Вялікая Айчынная паклікала тату на фронт. Восенню 1942-га года ў бранскіх лясах яго падраздзяленне трапіла ў акружэнне. Камандзір, даўшы кожнаму салдату некалькі патронаў, загадаў самастойна прабівацца праз нямецкі заслон. Яму пашанцавала вярнуцца дадому. Сустрэча была такой жаданай, што праз 9 месяцаў, у маі 1943 года, нарадзіўся я. Вікторыі тады было 10, старэйшай сястры Еве – 16. Бацькі яшчэ забралі 13-гадовую пляменніцу, якая засталася сіратой. Тата дапамагаў мясцовым патрызанам.

Калі да вызвалення Беларусі засталіся лічаныя месяцы, акупацыйныя ўлады пачалі адпраўляць людзей у Германію. У канцы вясны немцы сагналі вялікі натоўп жыткаўчан на чыгуначны вакзал, пагрузілі, нібы жывёлу, у вагоны-цялятнікі, падасланыя гнілой саломай, і цягнік рушыў на Захад. Ева засталася ў Жыткавічах, яе незадоўга да гэтага выдалі замуж, а яны ўчатырох праз тыдзень цяжкай дарогі ў перапоўненым эшалоне апынуліся ў канцэнтрацыйным лагеры недзе на поўначы Германіі.

– Дарослыя працавалі на машынабудаўнічым заводзе, бацька вазіў у тачцы дэталі, маці была падсобнікам, – прыгадвае словы родзічаў субяседнік. – Перапынкі не дазваляліся. За перакур білі прыкладам ці шомпалам па спіне. Палонных зневажалі крыкамі і абразамі. Стрыечную сястру разам з іншымі падлеткамі мясцовыя нямецкія сем’і забіралі на дзень парабкаваць. Вікторыі знаходзіўся занятак на тэрыторыі баракаў: мыць падлогу, прыбіраць. Часам, расказвала, некаторыя салдаты давалі малым вязням кавалак хлеба ці цукру, і яна несла пачастунак мне.

Страх на кожным кроку, адчай, хваробы, пастаянны голад, здзекі наглядчыкаў і боль ад усведамлення сваёй бездапаможнасці праследавалі вязняў. Кожны выжываў як мог. Людзі ад цяжкай працы і недаядання слабелі, многія засталіся ляжаць у той зямлі назаўсёды. Хільманам пашчасціла, напэўна, Бог дапамог перанесці больш за год неймаверных пакут. Палонных вызвалілі амерыканцы. Назад жыткаўчане доўга ехалі на машынах-студэбекерах і іншым перакладным транспартам. Дома апынуліся толькі восенню 1945 года. Пасялілася сям’я ў Грэбені.

Смак бацькавай булачкі

– Успаміны пра германскі палон у нашай сям’і былі дужа рэдкімі. Маці пры гэтым заўжды плакала, а бацька, шмыгаючы носам, выходзіў з хаты курыць, – вяскоўцам яны так і не прызнаваліся, што былі вязнямі. – Савецкая ўлада ставілася да такога факта падазрона. Тата хацеў ісці ў леснікі, яму забаранілі: той, хто пабываў у Нямеччыне, не можа быць матэрыяльна-адказнай асобай. Толькі ў калгас дарога. Ён і працаваў там усё жыццё цесляром, з дрэва ўмеў вырабіць што заўгодна. Дапамагаў удовам ставіць хаты. Каб зарабіць капейку (разлічвалі за працадні толькі пасля збору ўраджаю), свае маслабойкі і цэбары прадаваў у Жыткавічах на базары. І заўсёды прыносіў мне смачныя булачкі. Так, напэўна, ні разу і не пакаштаваў іх сам.

А Юліі Антонаўне перапала швейная машынка, якую пры адступленні кінулі немцы, і яна майстравала людзям адзенне за некалькі яек ці шматок сала. Трымалі Хільманы гаспадарку, тым і жылі. Дзеці дапамагалі дарослым – рвалі для жывёлы траву, хадзілі на балота па шчаўе, грэблі сена, пасвілі свіней.

– Вучыцца я пайшоў у 8 гадоў, – Гребеньскую школу, дарэчы, будаваў Раман Іванавіч. – Першыя настаўнікі былі самавукамі. Ужо ў сярэдніх класах пачалі выкладаць выпускнікі педагагічных устаноў. Пачаткоўцы пісалі палачкі алоўкамі, а потым пачыналі выводзіць літары чарніламі, якія рабілі з сажы. Былі пёры – «звёздачкі» і «скілецікі». За чыстапісанне іншы раз даставалася ад настаўнікаў. Вучыцель лічыўся вялікім аўтарытэтам. Дасць па руках лінейкаю, значыць, заслужыў, а калі дома паскардзішся, то бацькі яшчэ дабавяць. Памятаю, які траур быў, калі 5 сакавіка 1953 года памёр Сталін. Нас пастроілі на лінейку, і дырэктар школы франтавік з мноствам медалёў і ордэнаў на пінжаку Сямён Пятровіч Ачапоўскі не хаваў перад строем слёз, а мы галасілі за ім следам…

 

Кіно, гармонік і кісель

На пытанне, ці адчувала яго ваеннае пакаленне ўвесь цяжар разрухі, субяседнік, не задумваючыся, дае адказ, што пакутавалі дарослыя, на долю якіх і выпаў такі няпросты лёс – спачатку вытрымаць вайну, а потым «укалываць», аднаўляючы разбураную народную гаспадарку. Дровы насілі на сабе, сенакосаў не давалі, папракалі лагерам. А яны, дзеці, пры любым раскладзе заставаліся дзецьмі, не заўважалі праблем, знаходзілі радасць у дробязях. Генадзь Раманавіч прыгадвае, як гулялі ў паланты, гарадкі, хлапчукамі ганялі зроблены з ануч мяч, з драўлянымі палкамі «ваявалі»: чырвоныя супраць белых. Уласнае жыццё ён параўноўвае з рачной плынню, што спакойна, без узрушэнняў нясе свае воды. Хіба толькі адно шкадаванне засталося ў душы, што мала вучыўся…

– Аднойчы бацьку за выраб калгасных конных саней заплацілі аж 100 рублёў, – мужчына расказвае, як збылася яго вялікая мара. – І ён купіў мне гармонік. У родзіча быў амаль такі ж, і я любіў ціснуць на кнопкі. Сам навучыўся іграць, потым мне гэтае ўменне дапамагло на працы.

Дарэчы, Раман Іванавіч і дачцэ прыдбаў інструмент – гітару. Вікторыя ўсё жыццё па-мацярынску апякала любімага брата. Сярэднюю адукацыю юнак атрымліваў у Жыткавічах. За яе трэба было плаціць грошы. Школа-дзесяцігодка стаяла на месцы сучаснай пошты. Стрыечная сястра, як толькі вясковай моладзі сталі даваць пашпарты, з’ехала ў Ленінград, родная – скончыла гандлёвы тэхнікум, а ён застаўся на малой радзіме. Пасля школы цяслярыў у камбінаце бытавога абслугоўвання, потым гарманіста паставілі загадваць Гребеньскім клубам. Тут ён арганізаваў настаўніцкі хор, які гастраляваў па суседніх вёсках, і іграў на вяселлях за аўсяны кісель і пампушкі ў смятане. Перад самай арміяй кінамеханікам нёс у масы найважнейшае, па словах Леніна, мастацтва.

Тайна прапаршчыка

А ў 1962 годзе другі раз трапіў у Германію. Па іроніі лёсу Генадзя Хільмана накіравалі выконваць вайсковы абавязак у Патсдам. За малалецтвам яго не залічылі ў спісы вязняў, інакш шлях за мяжу яму, канечне, быў бы закрыты. Тры гады ў танкавай дывізіі наш зямляк служыў радыстам. Праз шэсць месяцаў пасля дэмабілізацыі пабраўся шлюбам са Святланай Аляксандраўнай, сіратой з дзетдома. Яна ўсё жыццё працавала лабарантам у санітарнай станцыі. А Генадзь Раманавіч пасля непрацяглага часу на так званым УП (зараз у гэтым будынку знаходзіцца ДТСААФ) пайшоў у вайсковую часць сувязістам. Сям’я расла, а там плацілі крыху больш.

– Атрымліваецца, што як бы зноў падмануў вядомыя органы, – усміхаецца ветэран Узброенных Сіл. – Ракетныя войскі і асабліва мая сфера поўныя сакрэтаў, а тут нямецкі палон у біяграфіі…

Між тым за 25 гадоў бездакорнай службы ні разу камандаванне не ўсумнілася ў вернасці прысязе прапаршчыка Хільмана, пра што сведчыць стос грамат і немалая колькасць узнагарод.

– Неяк падлічыў, што за чвэрць стагоддзя, якія аддадзены арміі, дома пражыў не больш за пяць гадоў, – такі лёс у ваенных. – Сядзеў, як кажуць, на ключы. Ведаеце, што такое азбука Морзе? Без сувязі нават аўтамат не выстраліць. У нас была і касмічная сувязь, радыёстанцыі сучасныя. Помню, як у сярэдзіне 1970-ых праз увесь Савецкі Саюз везлі ў Жыткавічы новае абсталяванне, дзякуючы якому ракету на сухім паліве можна было запусціць за пяць хвілін, у той час, як да гэтага на падрыхтоўку да старту патрабавалася тры гадзіны.

Памятаць вечна

Статус вязня Генадзь Раманавіч афіцыйна выправіў толькі пасля выхаду на пенсію. Хільманы (на жаль, Святланы Александраўны нядаўна не стала) вырасцілі дачку Алену і сына Андрэя, дачакаліся чатырох унукаў і праўнука. Дзеці раз’ехаліся, але пра бацьку і дзеда не забываюцца. Без увагі і дапамогі не пакідаюць яго і сябры. Пакуль мы гутарылі, якраз адна з прыяцелек тэлефанавала пацікавіцца: як справы?

– Вайна прынесла шмат гора, гэта найвялікшая трагедыя ў гісторыі, – на развітанне мужчына прызнаўся, што на свой лёс не наракае. – Наш абавязак захоўваць памяць пра яе ахвяр і герояў. Гэта асабліва важна для моладзі, каб праўда пра Вялікую Айчынную жыла вечна.

 

Святлана Шакалян, фота аўтара і з архіва героя публікацыі

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!