Педагогі Жыткавіцкага раёна: зброяй і словам

Вялікая Айчыннай вайна, 80-годдзе заканчэння якой мы рыхтуемся адзначыць, выклікала небывалы патрыятычны ўздым народных мас былой вялікай саюзнай дзяржавы. Абсалютная большасць насельніцтва СССР удзельнічала ў змаганні супраць агрэсіі. Актыўнымі ўдзельнікамі гэтай барацьбы былі і педагогі нашага раёна.

 

Сямён Пятровіч Ачапоўскі

Пачаў сваю настаўніцкую працу ў 1939 годзе. Час быў неспакойны. З 1940 па 1945 гады служыў у Чырвонай Арміі. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў ў баявых дзеяннях на Волхаўскім, Ленінградскім І, ІІ і ІІІ Прыбалтыйскім франтах. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «За баявыя заслугі», «За абарону Ленінграда», «За перамогу над Германіяй». У пасляваенны час – настаўнік гісторыі, дырэктар розных устаноў адукацыі раёна.

 

Аляксандр Яўстаф’евіч Блоцкі

На педагагічнай рабоце ў школах Петрыкаўскага раёна з 1936 года. Праз тры гады прызваны ў Чырвоную Армію. Удзельнік савецка-фінскай і Вялікай Айчыннай войн, абароны паўвострава Ханка, Ленінграда. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі. У пасляваенны час быў на партыйнай рабоце ў Тураўскім раёне. З 1961 па 1979 год – дырэктар СШ №2 г. Турава.

 

Уладзімір Міхайлавіч Некрашэвіч

З кастрычніка 1939 года – дырэктар Хільчыцкай сямігадовай школы. Праз год мабілізаваны ў Чырвоную Армію. З пачаткам Вялікай Айчыннай – на фронце. У час блакады Ленінграда да поўнага яе зняцця знаходзіўся на Ленінградскім фронце. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі. У пасляваенны час – дырэктар шэрагу школ раёна.

 

Аляксандра Уладзіміравіча Галавача

Вайна застала ў Кольна. Зусім яшчэ малады чалавек, з ліпеня 1941 па май 1943 года ён кіруе падпольнай патрыятычнай групай моладзі ў роднай вёсцы. З мая 1943-га па чэрвень 1944-га – баец 109 партызанскага атрада 50-й Жыткавіцкай брыгады, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені, медалямі. Так ён успамінаў тыя далёкія часы: «У 1944 годзе яшчэ да вызвалення раёна я быў прызначаны загадчыкам райаддзела адукацыі. Тады былі адкрыты сярэдняя школа ў Жыткавічах, пяць няпоўных сярэдніх – у Людзяневічах, Браніславе, Кольна, Бялёве, Пухавічах і пяць пачатковых… На жнівеньскую нараду ў 1944 годзе прыйшло 26 чалавек. З дапамогай гэтых настаўнікаў трэба было адкрыць 52 школы. У педагогі бралі ўсіх, хто быў крыху пісьменным. З жардзін збівалі козлы, каб пасадзіць вучняў, фанерыну прыладжвалі замест дошкі. Пісалі на старых газетах, абгортачнай паперы. Падручнікі выдавалі па адным на школу». Аляксандр Уладзіміравіч быў загадчыкам аддзела адукацыі Жыткавіцкага райвыканкама ў 1944-1946 і 1962-1970 гадах. З 1970 па 1983 год ён – дырэктар СШ №2 г. Жыткавічы. За сваю працу ўдастоены звання «Выдатнік народнай асветы».

 

Акім Рыгоравіч Багай 

Актыўны ўдзельнік камсамольска-маладзёжнага патрыятычнага падполля ў Тураве, адзін з яго кіраўнікоў у 1941 – 1943 гадах. З 1943 па 1944 год – партызан атрада імя Чкалава Пінскага партызанскага злучэння. З 1944 года – у Чырвонай Арміі, удзельнічае ў баявых дзеяннях на І Беларускім фронце, адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі. А ў пасляваенны час працаваў на розных педагагічных пасадах у школах Тураўскага і Жыткавіцкага раёнаў.

 

Уладзімір Цярэнцьевіч Герасіменя

З кастрычніка 1943 года па 27 чэрвеня 1944 года – радавы партызанскага атрада імя Гуляева, брыгады імя Аляксандра Неўскага. З 1944 года – ў Чырвонай Арміі, ўзнагароджаны медалямі «За вызваленне Варшавы», «За адвагу», «За баявыя застугі», «За ўзяцце Берліна», «За Перамогу над Германіяй». Пасля вайны служыў у ваенным камісарыяце народнай асветы ў Германіі. Дэмабілізаваўшыся ў чэрвені 1946 года, атрымаў накіраванне ў Мілевіцкую школу. Працаваў тут дырэктарам з 1946 па 1952 гады. З 1953 па 1976 год настаўнічаў. Актыўны ўдзельнік грамадскага жыцця.

 

Васілій Пятровіч Лукашэвіч

З 1941 па 1946 гады – актыўны ўдзельнік барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, ваяваў на Калінінскім і І Украінскім франтах. Узнагароджаны ордэнамі Славы ІІІ і ІІ ступені, медалямі «За адвагу», «За вызваленне Прагі», «За Перамогу над Германіяй». У пасляваенны час быў настаўнікам пачатковых класаў, пасля – дырэктарам Рычоўскай сярэдняй школы. Уганараваны званнем «Заслужаны настаўнік БССР».

 

Павел Кірылавіч Семенчукоў

Настаўнік гісторыі СШ №1 г. Жыткавічы. Баец партызанскага атрада імя Варашылава, 10-ай партызанскай брыгады Гомельскага злучэння. З кастрычніка 1943 па 1945 год удзельнічаў у баявых дзеяннях у часцях І Беларускага фронта, узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені, медалямі.

 

Пётр Антонавіч Жычко 

Дырэктар школы, настаўнік фізікі Коленскай СШ. З 1941 года ваяваў у Чырвонай Арміі, з красавіка 1942 па 9 мая 1945 года – у 472 артылерыйскім палку І і ІІІ Беларускіх франтоў. Узнагароджаны ордэнамі Славы ІІІ ступені, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі.

 

Дзмітрый Трафімавіч Ефіменка

З 12 чэрвеня 1941 года – на фронце. Актыўны ўдзельнік баявых дзеянняў у складзе 30 арміі, І і ІІ ударных армій, камандзір кулямётнага ўзвода, роты. Двойчы паранены. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі. У пасляваенны час знаходзіўся на розных педагагічных пасадах ва ўстановах адукацыі раёна. У тым ліку быў дырэктарам Азяранскай і Пагосцкай сярэдніх школ.

 

Адам Міхайлавіч Швед

Настаўнік нямецкай мовы Перароўскай базавай школы. Ваяваў на ІІ Украінскім фронце. Дайшоў да Берліна. Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны ІІ  ступені, медалямі.

 

Леанід Іларыёнавіч Шчур

З 1949 года працаваў на розных пасадах у школах раёна, у тым ліку у 1963 – 1968 гадах – дырэктарам Вятчынскай базавай школы. З 1943 па 1944 год – партызан 50-й Жыткавіцкай партызанскай брыгады. З красавіка 1944 па снежань 1946 года – служба ў Савецкай Арміі. Удзельнічаў у баявых дзеяннях на І Беларускім фонце. Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі.

 

Рыгор Мікітавіч Туравец

З 1945 года працуе на педагагічных пасадах у Коленскай, Грэбенскай, Жыткавіцкай школах. З 1961 года – настаўнік матэматыкі СШ №1 г. Жыткавічы, заслужаны настаўнік БССР. З верасня 1944 года – у дзеючай арміі. Ваяваў на І Беларускім фронце. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі.

 

Вольга Пятроўна Пракапенка

Ў 1943 годзе 17-гадовай дзяўчынай стала байцом партызанскага атрада імя Сталіна Украінскага злучэння імя Я.І. Мельніка. Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалём «За Перамогу над Германіяй». З 1944 года — на педагагічнай рабоце: выхавацель дзіцячага дома ў Хойніцкім раёне, настаўнік пачатковых класаў у школах Лельчыцкага раёна, Хваенскай СШ, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі Жыткавіцкага райвыканкама.

 

Ганна Іванаўна Ханеня

Была піянерважатай, бібліятэкарам у Людзяневіцкай СШ. У верасні 1941 года ўзводзіла абарончыя збудаванні каля Масквы. Скончыла курсы санінструктараў. Служыла ў санітарным цягніку. Потым усю вайну – у медсанбатах розных воінскіх часцей. Мае ўрадавыя ўзнагароды.

 

Алена Сазонаўна Чорная

Настаўніца пачатковых класаў СШ №2 г. Турава. У гады вайны – сувязная партызанскага атрада ў Лельчыцкім раёне. Адзначана ўзнагародамі.

 

Антаніна Рыгораўна Чыжык

Настаўніца пачатковых класаў Хлупінскай базавай школы. Сувязная партызанскага атрада Горына (спецатрад НКУС). Кавалер ордэна Айчыннай вайны ІІ ступені, мае медалі.

 

Роза Канстанцінаўна Гірас (Раманоўская)

З 1943 года – сувязная партызанскага атрада №101 імя Сталіна Мінскага партызанскага злучэння, адзначана ўрадавымі ўзнагародамі. У пасляваенны час – настаўніца пачатковых класаў Маласцяблевіцкай пачатковай, Цімашэвіцкай сямігадовай, Палосцевіцкай сярэдняй школ.

 

Марта Цімафееўна Глушчэня

Настаўніца роднай мовы і літаратуры СШ №1 г. Жыткавічы. У гады вайны – удзельніца партызанскага руху, сувязная партызанскага атрада №120, мае ўрадавыя ўзнагароды.

 

Анастасія Ігнацьеўна Васілеўская

Настаўніца пачатковых класаў Бароўскай пачатковай школы Юркевіцкага сельсавета, актыўная ўдзельніца партызанскага руху. Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны ІІ супені, медалём «Партызану Вялікай Айчыннай вайны» І ступені.

 

Ніна Іванаўна Кочка

Настаўніца рускай мовы і літаратуры Верасніцкай СШ. Ваявала ў партызанскім атрадзе імя Варашылава Палескага партызанскага злучэння. Мае ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медаль «Партызану Беларусі».

 

У гэтым допісе мы расказалі толькі пра частку педагогаў, актыўных удзельнікаў змагання з фашысцкімі захопнікамі. Іх значна больш. Слава ім усім.

 

Васіль Нікановіч

Фота прадастаўлена Пятром Кальцовым

Калаж Святланы Маркевіч

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!