Вайна бязлітасная да кожнага
У мінулым годзе мы, беларусы, урачыста адзначалі 80-годдзе вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А сёння разам з братняй Расіяй, іншымі прагрэсіўнымі людзьмі былога СССР, планеты Зямля ўжо пачалі адзначаць такі ж юбілей Вялікай Перамогі.

Аднак мяне як гамадзяніна самай міралюбівай ў свеце краіны (міралюбнасці мы здольны навучыць многія нацыі) вельмі засмучае, што зараз у свеце вандаламі руйнуцца помнікі былой вайны, робяцца шматлікія спробы перапісаць гісторыю Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, а ворагі хочуць адабраць у нас наогул саму Перамогу. Заморска-заакіянскія цётачкі ды дзядзечкі імкнуцца, прымусіўшы і так ужо асірацелую Украіну, развязаць трэцюю сусветную… Я быў збянтэжаны, калі даведаўся, што Ангела Меркель зацягвала мінскія перамовы, каб Украіна лепш магла падрыхтавацца да вайны… Сёння Меркель аттрымлівае пенсію 14 тысяч еўра – відаць плата за хлусню!
На планеце разгарнулася так званая гібрыдная вайна, актыўным прапагандыстам і памагатым якой, на жаль, стаў Яго вялікасць інтэрнэт, якім карыстаюцца амаль усе зямляне – і малыя, і старыя.
Між тым многія храмы кнігі проста стаміліся без разумных, мудрых чытачоў-наведвальнікаў.
Нельга адразу не сказаць пра надзвычай святыя для мяне хронікі-энцыклапедыі «Памяць» раёнаў і гарадоў Беларусі. Дрэнна толькі, што моладзь пра гэтыя 150 кніг амаль нічога не ведае. А яны рупліва выдаваліся з 1985 па 2015 гады. Інакш як беспамяцтвам гэта нельга назваць. Сама ідэя выдання належала Пятру Машэраву і Алесю Петрашкевічу. Летапіс гэты быў распачаты гісторыяй Шумілінскага раёна ў 1985 годзе.
Менавіта са старонак гэтых кніг-рэквіемаў пакаленні, якія нарадзіліся ў апошнія дзесяцігоддзі, могуць даведацца пра подзвіг савецкіх салдат, мужнасць працаўнікоў тылу, усяго савецкага народа і пераняць эстафету памяці, стойкасці і гераізму продкаў, іх сапраўднай любові да сваёй Айчыны. Як казаў Васіль Быкаў: «Порахам чалавека не выхаваеш», яго можна выхаваць добрай, праўдзівай літаратурай.
Цэлая кагорта пісьменнікаў на сабе зведала франтавыя дарогі. Яны змагаліся не толькі зброяй, але і палымяным словам. Гэта Аркадзь Куляшоў (з в. Саматэвічы Касцюковіцкага раёна), Пятрусь Броўка (з в. Пуцілкавічы Ушацкага), Мікола Ткачоў (з в. Горанка Чэрыкаўскага павета), Іван Шамякін (з в. Карма Гомельскага павета), Іван Навуменка, Іван Мележ (адпаведна – з в. Васілевічы, з в. Глінішча Рэчыцкага павета), Васіль Быкаў (з в. Бычкі Ушацкага), Леанід Гаўрылаў (з в. Бердыж Чачэрскага), Мікола Грынчык (з м. Быцень Слонімскага павета), Міхась Даніленка (з в. Ястрабка Лоеўскага раёна), Кастусь Кірэенка (з в. Гайшын Слаўгарадскага), Паўлюк Прануза (з в. Вылева Добрушскага), Мікола Сурначоў (з в. Слабада Рагачоўскага), Алесь Адамовіч (з в. Канюхі Капыльскага) і інш. Яны прайшлі вайну самі, бачылі баі на свае вочы – і праўду здолелі захаваць для нашчадкаў.
І ў ХХІ стагоддзі ваенная тэма застаецца адной з самых запатрабаваных і актуальных. Яна дапамагае нам змагацца супраць фэйкаў у інтэрнэце – хапае тут і гуманнага, светлага. Мы даведваемся ад творцаў розных пакаленняў, што вайна бывае пераможная, маштабная, эпахальная, вайна народаў, франтоў, вайна партызанская. Нельга без хвалявання чытаць такія творы, як «Векапомныя дні» Міхася Лынькова, «Згуртаванасць» Міколы Ткачова, «Брэсцкая крэпасць» Кастуся Губарэвiча, «Канстанцiн Заслонаў» Аркадзя Маўзона, «Мiнскi напрамак» Iвана Мележа. Нельга не адзначыць і стрыжнявое значэнне раманаў «Пошукі будучыні» і «Млечны шлях» Кузьмы Чорнага (вяршыннае дасягненне ваеннай прозы), якія дайшлі да чытача толькі пасля вайны.
Пісьменнікі ваеннага пакалення не толькі перанеслі ў творы ўласны вопыт, але і дапамаглі ўбачыць пагрозу, якую неслі усім нацыям фашызм, вайна – і для пераможцаў, і для пераможаных.
Па-новаму загучала ваенная тэма ў «франтавых» і «партызанскіх» аповесцях Васіля Быкава, якi адстойваў права гаварыць пра гераізм простага салдата, на плечы якога i лёг асноўны цяжар тых 1418 дзён і начэй. Аўтар скрупулёзна даследаваў паводзіны салдата ў экстрэмальных умовах, магчымасці выбару і чалавечага духу.
Нельга не прыгадаць і ўспамiны выжыўшых ахвяр беларускiх Хатыняў – «Я з вогненнай вёскi» Алеся Адамовiча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калеснiка, і дакументальную кнігу Святланы Алексіевіч з гаваркой назвай «У вайны не жаночае аблічча».
Сябры, давайце прачытаем упершыню ці перачытаем яшчэ раз бессмяротныя творы айчыннай класікі пра вайну!
Як бачым, у роднай прозе, паэзіі, драматургіі ваенная тэма надзвычай актуальная для аўтараў розных узростаў. Упэўнены: такія бессмяротныя творы абавязкова знойдуць мільёны новых чытачоў. Яны будуць дапамагаць ужо мірным пакаленням змагацца на гібрыдных войнах з рознага кшталту ворагамі, хлуснёй, ашуканствам…
Канстанцін КАРНЯЛЮК
