Сірочая доля горкая: гісторыя жыткаўчанкі Валянціны Сямак
Прымусіўшы рана спазнаць ліха, Вялікая Айчынная забрала ў жыткаўчанкі Валянціны Сямак абодвух бацькоў, а разам з імі і надзею на шчаслівую будучыню. Як выжывалі падчас фашысцкай акупацыі, за што ў дзіцячым доме можна было зарабіць скібку хлеба і ў чым сакрэт пенсійнай рухавасці? Аповед Валянціны Пятроўны падобны на чорна-белую стужку дакументальнай хронікі, дзе кожная дэталь уразаецца ў памяць.

Толькі фотакартка засталася…
– У мамы з татам нас чацвёра. На пачатку вайны Ніне споўнілася дзесяць, мне амаль пяць, Шурыку было чатыры гады, Толіку – два. Мы жылі ў гэтай жа хаце, якая цяпер служыць летняй кухняй побач з новым домам. Ёй, дарэчы, больш за сто гадоў, некалі лічылася адной з самых лепшых у Жыткавічах, а цяпер, перажыўшы два вялікія навадненні, падмуркам урасла.
Помню, як забіралі на фронт бацьку. Мужчыны садзіліся ў машыну, а мы з сястрой беглі да яе і плакалі. Грузавік крануўся, і тата кінуў на зямлю сваю фотакартку з пашпарта. Дадому ён не вярнуўся, прапаў без звестак. А мама пасля яго мабілізацыі моцна захварэла, злягла і праз некалькі месяцаў акупацыі памерла. Ёй было ўсяго 36 гадоў.

Немцаў у Жыткавічах пабачылі на сканчэнні лета. Яны занялі бліжэйшыя дамы, гаспадары якіх падаліся ў лес. Недалёка ад нас была іхняя кухня. З Нінай я часта хадзіла туды чысціць бульбу. За працу налівалі ў кацялок супу, іншы раз перападала і па цукерцы. Радасныя тады беглі дадому, каб пацешыць брацікаў. Сястра нам замяніла маці. Помню, каб накласці дроў у печ, яна падстаўляла стульчык. Нешта гатавала. Спадзявацца сіратам не было на каго, выжывалі як маглі.
Больш за фашыстаў лютавалі свае. Паліцаі людзей білі, адбіралі апошняе – зерне, жывёлу, птушку. Аднойчы павялі з двара і нашу карміцельку – бязрогую карову. Праз колькі дзён нейкім чынам тая ўцякла. Заўважыўшы праз акно на падворку германскага салдата, які прыйшоў па яе, Ніна хуценька паклала нас с хлопцамі ў ложак. Пачуўшы «Кіндер тыф», ён без прамаруджвання сігануў за парог. Ворагі, як агня, баяліся гэтай хваробы.
Сваё малако не давала памерці з голаду. А яшчэ было у нас пяць курачак, якіх хавалі пад печчу. Неяк зазірнуўшы ў хату, немец пачуў іх сакатанне. Непрыкметна Шурык нырнуў у адтуліну, прыціснуў да сябе чубатак і адпоўз у дальні кут. А няпрошаны госць выхапіў з ружжа шомпал і давай ім ворсаць пад печ. А мы з сястрой калоцімся, каб дзіця не забіў. Абышлося – і куры ацалелі, і брат.
Дзетдом і немцы
– Пасля вызвалення Беларусі сірот пачалі збіраць у дзіцячы дом. Адзін з яго будынкаў, недалёка ад бальніцы, і зараз стаіць. Так у мяне, Шурыка і Толіка пачалося новае жыццё. Ніна засталася ў нашай хаце з цёткаю, якая неўзабаве вярнулася з германскага палону. Пра што марылі? Наесціся ўволю… Ртоў было багата, шмат вайна пасіраціла. Памятаю, як пасылалі дзяўчат за шчаўем. А яшчэ мы чысцілі на ўсіх бульбу. Трэба было тоненька зразаць шалупінне, інакш маглі і пакараць, прымусіць яго смажыць і есці. А таму, хто ашчадна нажом працаваў, ва ўзнагароду давалі скібачку хлеба, палітую алеем. Якой смачнай яна здавалася! Збіралі картоплі і на недалёкім полі, пяклі яе на кастры. Голад не адпускаў, здаецца, ніколі. Бывала, што прыбягалі да Ніны, каб перахапіць што. Яна з цёткаю ездзіла, як мы казалі, у Западную, на заробкі і прывозіла сякую-такую ежу. Шурык з Толікам, як падраслі, мяне глядзелі ў дзетдоме, не давалі нікому крыўдзіць. Дапамагалі, калі трэба было ў чан для лазні нанасіць вады і дроў, каб яе падагрэць. Вайна аслабіла здароўе многіх малых, яны нярэдка мерлі. Аднойчы раніцай не магла дабудзіцца сваю сяброўку, Зою Юшкевіч, на суседнім ложку. Выхавацельніцу паклікала, так высветлілася, што дзяўчынка нежывая…
Памятаю, як мы, дзеці, выбягалі з будынку, калі па чыгунцы ішлі цягнікі з палоннымі немцамі. Са словамі «Фрыцы пузатыя, вы нашых пап пазабівалі» кідалі ў вагоны каменні. А аднойчы з помсты нехта запусціў жывым вожыкам. Яго, беднага, паймалі і на дзіцячых вачах, разадраўшы голымі рукамі, з’елі. Бывала, састаў спыняўся, каб скінуць мерцвякоў. Трупы клалі прама каля пуці, на ўзбочыну канавы. Потым дарослыя закопвалі іх.
У вялікі свет
– Наша школа стаяла праз дарогу. Вучылася я сярэдне, дужа любіла матэматыку, да пятага класа потым са сваімі і суседскімі дзецьмі задачы рашала. Пасля дзевяці класаў мяне павезлі паступаць у спартыўнае вучылішча, бо гнуткая была, акрабатыкай займалася. Але ж, даведаўшыся, што есці там даюць маленька, каб не растаўсцець, не захацела заставацца. За вайну і так згаладалася. Потым нас, дзевяць выпускніц, адправілі ў Петразаводск вучыцца за тэлефаністак. У вялікі свет паехалі ў адным школьным плацці, выдалі кожнай суконную, чорнага колеру коўдру і невялікую падушачку. З такога скарбу і разжываліся. Атрымаўшы прафесію, там, у сталіцы Карэліі, і засталася працаваць на камутатары.
Валька, што есці?
– Міша прыкмеціў мяне на адным з канцэртаў, дзе выступала са спартыўным нумарам. Ён таксама беларус, родам са Слоніма, рабіў на лесавозе. Карэлія – скрозь багаты драўнінай край. Праз нядоўгі час прапанаваў пабрацца шлюбам, а мне ж усяго сямнадцаць споўнілася. Кажу яму, што не хачу, каб дзяцей потым байструкамі звалі, трэба па закону. Дык ён дагаварыўся, каб мне дабавілі год. Па дакументах замуж пайшла паўналетняй.
Пасля роспісу выдзялілі маладой сям’і два пакойчыкі ў рабочым бараку. А я ж дзетдомаўская, сірата, гатаваць не ўмею. «Валька, што есці?» – пытаецца мужык. Кажу: «Вось напякла нейкіх бліноў-злёпак, што і сабакі не ядуць». А Міша смяецца: «Нічога, захочаш – навучышся»… І вучылася ж. Да моладзі прыязджалі ў госці маці, дык я пайду да адной жанчыны, спытаю, як боршч варыць, да другой – што класці ў катлеты? Так паступова і спасцігала ўменне весці жаночыя справы і хатнюю гаспадарку.

Жылі-былі, жывуць
– Перад самымі родамі мужык адправіў мяне да сваіх бацькоў на Гродзеншчыну. Дзіця я насіла дужа цяжка, пакутвала ад недахопу вітамінаў. У Карэліі бульба сушаная, гародніна не расце, прывазная, а мне так хацелася нашай беларускай капусты. Праз паўгода, ужо з маленькай Раяй вярнулася ў Петразаводск, толькі клімат дачушцы не падышоў, яна хварэла, і мы вырашылі ехаць назад у Беларусь. На гэты раз перамагла Жыткаўшчына.
Праз год пасля старэйшай дзяўчынкі нарадзілася яшчэ адна, Тома. Сястра Ніна пераехала ў Тураў, цётку забралі пляменнікі, а мы абжывалі маю старую хату. Потым дачакаліся і сына, Вову. Пабудавалі за пяць гадоў вялікі дом. Я чвэрць стагоддзя аддала пазаведамаснай ахове, вартавала гандлёвую базу, а Міша працаваў на розных работах – цесляром, грузчыкам, мулярам. З ім паспелі адзначыць залатое вяселле. Дзяцей вывучылі, унукі пайшлі, іх шасцёра, ёсць ужо 10 праўнукаў. Шкада, што прадзед не ўсіх дачакаўся.
Часта думаю, што вайна прынесла столькі гора. У мяне і дзяцінства не было. Сірочы хлеб горкі. Але ж, «не пайшла ў сабачую шкуру», не спілася, перажыла ўсе выпрабаванні. І вось у 88 гадоў яшчэ соваюся. Некалі з дочкамі-пенсіянеркамі пайду па ягады, яны скардзяцца: «Спіны баляць», то я кажу: «Дзеўкі, рабіце акрабаціку, станавіцеся на «мосцік» як я, – і ўсё пройдзе»…
Святлана Шакалян
Фота аўтара і з архіва Валянціны Сямак
