Чым жыве вёска Грэбень?

Няспешна коціць жнівень свае дні насустрач восені. І ў вёсцы Грэбень ужо заўважны яе хуткі надыход. Дзве сагрэтыя апошнім летнім сонцам вуліцы і столькі ж завулкаў – не заблукаешь. Але ж з Любоўю Варановіч, мясцовай старастаю, знаёміцца з людзьмі куды ямчэй.

 

 

Рубінавыя сужэнцы

Сустракаемся каля школы, будынак якой своеасаблівая візітоўка населенага пункта. Узведзена яна была аж у 1938 годзе. Мемарыяльная дошка на сцяне паведамляе, што тут вучыўся Герой Савецкага Саюза Васіль Кот, ураджэнец суседняй Найды. Зараз у дзевяцігодцы спасцігаюць розныя навукі 46 дзяцей, з якіх дзясятак – мясцовыя хлопчыкі і дзяўчынкі. Пакуль ёсць моладзь – вёска жыве.

А з кім пагаварыць пра дзяцей? Правільна, з педагогам, ды не простым, а сацыяльным. Таццяна Гулюта вырасла ў Грэбені, адвучылася на настаўніка агульнатэхнічных дысцыплін, а пасля двухгадовай адпрацоўкі ў Петрыкаўскім раёне вярнулася дадому.

– На прафесійны выбар паўплывала любімы педагог, матэматык Валянціна Рыгораўна Прылуцкая, – школу Таццяна Барысаўна скончыла з пахвальным лістом. – Класы, калі я вучылася, былі вялікія, у некаторыя часы нават па два паралельных набіралася. Цяпер маладыя сем’і з’язджаюць у райцэнтр, дзе будуецца для іх жыллё, вось вёска і меньшае.

Таццяна Барысаўна прызнаецца, што сорак гадоў іх сумеснага з мужам жыцця праляцелі як адзін дзень. На сямейным дрэве Гулютаў – тры галінкі (дзеці) і шэсць новых парасткаў (любімыя ўнучаняты). Пагутарыць з гаспадаром не выпала, але ж мы даведаліся, што Анатоль Адамавіч – чалавек, як кажуць, з рукамі. Прыклад майстравітасці былога работніка камунальнай службы – зроблены з бутэлек і цэменту арыгінальны басейн. На «водасховішча» патрабавалася больш за тысячу пустых пляшак. А яшчэ па-добраму здзівіліся таму, што менавіта ён адказвае ў двары за кветкі.

 

 

 З каго ўсё пачалося?

Сёння ў вёсцы, яна ў складзе Руднянскага сельскага Савета, крыху больш за 70 чалавек. Канечне, ведала паселішча і лепшыя часы, калі колькасць насельніцтва даходзіла да трох соцень. У пасляваенныя гады за ваколіцай пачалі здабываць торф. Прадпрыемства «Рудня-Грэбень» давала працу многім тутэйшым. Яго цэнтрам стаў пасёлак Грабянёўскі, што на кіламетровай адлегласці. Пазней з распрацоўкаю радовішча ў Чырвоным вытворчасць тут спынілася. Пра яе сёння нагадваюць занятыя лесам кар’еры.

Пэўны час Грэбень быў у складзе саўгаса «Жыткавічы», які з цягам часу аб’яднаўся з коленскім сельгаспрадпрыемствам. Цяперашнія пенсіянеры яшчэ памятаюць, як шчыравалі на мясцовай малочнатаварнай ферме. Моладзь летам у канікулы рабіла на зернетаку. А клуб ніколі не зачыняўся. Танцы збіралі хлопцаў і дзяўчат, тут круцілі полькі, вальсы і, вядома, любоў. Дзеці бавілі час на дзвюх пясчаных горках, гулялі ў «паланты», «знамя» і «школу».

А пачатак вёсцы, па версіі Любові Варановіч, некалі паклалі 15 сем’яў, што перасяліліся сюды, на ўзвышша сярод нізіны, ці па-іншаму – грэбень, з Кольна, якое скрозь залівала вадою. Самыя папулярныя прозвішчы месцічаў Гулюта і Хільман.

– У нас ёсць тры кланы, – Любоў Іванаўна дзеліцца цікавым фактам. – Каршакі і працаваць умеюць, і весяліцца. КлімЫ любяць чарку падняць. Перчукі – людзі дужа ашчадныя, жывуць па прынцыпу: усё ў дом. Нашыя продкі, выбіраючы сабе пару, кіраваліся гэтымі характарыстыкамі. Цяпер, канечне, свет перамяніўся…

Стараста амаль усё жыццё аддала сферы культуры. Не растаецца з працай і на пенсіі. Загадвае клубам у пасёлку Грабянёўскі. Па жыцці ідзе з песняй. І захапляе гэтым мастацтвам свой самадзейны калектыў «Скарбніца». А з мужам Аляксандрам яны доўга выступалі ў складзе вядомага на Жыткаўшчыне народнага гурта «Сваты».

 

 

Хата бацькоў

Не адна сядзіба ў Грэбені зіхаціць кветкавай вясёлкаю. Але ж самая прыкметная хата вылучаецца яшчэ і мноствам цікавых скульптур. Пра захапленне Аляксандра Ханені мы ўжо расказвалі на сваіх старонках. Бацькоўскую хату, ператварыўшы ў дачу, токар ААТ «Жыткавічыхімсервіс» лічыць тым самым месцам сілы. З розных падручных матэрыялаў мужчына стварыў на падворку цэлы казачны музей: пчаліная хатка і баба Яга, вучоныя каты і міні-сажалка з рыбкамі. Прысесці запрашаюць шырокія арэлі і лаўка шчасця. На дзвярах у хату малюнак бабусі, побач кнопка ў мышынай пастцы і гумарыстычны надпіс «Нажми и тебя услышат».

На жаль, гаспадара на дачы мы не засталі. Экскурсію з яго негалоснага дазволу правяла Любоў Іванаўна, якая не праміне з гонарам за земляка паказаць любому госцю мясцовую, так бы мовіць, архітэктурную славутасць.

 

 

І тчэ, забыўшыся, рука…

– У Хлупіне хапала кавалераў, а трэба ж знайсці развадного з Грэбеня, – без наракання на лёс усміхаецца 82-гадовая Стэфаніда Хільман. Да пенсіянеркі мы зайшлі палюбавацца яе тканымі рэчамі. – Такое маё шчасце. Усяляк прыходзілася ў жыцці. Але ж ён хазяін быў добры, нікога не шла прасіць, што зрабіць.

У хаце Стэфаніды Апанасаўны ідэальная чысціня. Сёлета ў дом правялі электраацяпленне. Дзеці паклапаціліся і пра камунальныя выгоды. За шклом савецкага серванта – настальгічны чайны сервіз і мноства сямейных фотакартак. Над ім вышытая ікона ў такім жа рушніку. Сучасны ЖК-экран тэлевізара прыкрыты мілай сурвэткаю  На ложках тыя самыя посцілкі, якім няма зносу.

– Папарабіла іх колісь, – Апанасаўна дастае з шафы яшчэ адно яркае пакрывала і вязаную кручком настольніцу. – Днём на ферме, вечарам – свая гаспадарка, а ноччу з ахвотаю саджуся ткаць. Хадзіла па хатах накідаць аснову, перабіраць. Кросны і цяпер засталіся. Пляменнікам на каравай, як жаніліся, дарыла посцілкі. У абодвух сыноў і дачкі, унукаў ёсць. Нявестка Таня, ведаю, засцілае канапу.

Усе дзеці бабулі Стэфы вывучыліся, знайшлі сваю дарогу. Старэйшы сын Сяргей дабіўся высокіх пасад. Працаваў у адміністрацыі Прэзідэнта, быў намеснікам міністра інфармацыі, некалькі гадоў узначальваў райвыканкам Савецкага раёна сталіцы, а селёта прызначаны кіраўніком Белгідрамета. Не забывае малую радзіму і ў бацькоўскай хаце часты госць.

 

 

Кветкі малой радзімы

Доўжыць век матчынага селішча і Валянціна Круглякова. У маладосці яна паехала ў Карэлію да родзічаў і там спаткала свой лёс. Аляксандр з рускім прозвішчам і каранямі паклікаў беларуску ў далёкі Азербайджан, дзе жыла яго сям’я. Жанчына ўзначальвала бухгалтарскую групу на прадпрыемстве. У пары нарадзіліся сын і дачка. У шчасці і згодзе мінула 15 гадоў.

– Нам падабаўся Каўказ, добрыя людзі там, курортны горад. Толькі здарыўся карабахскі канфлікт, – тлумачыць прычыну пераезду на радзіму Валянціна Пятроўна. – Прыйшлося зноў наладжваць жыццё, ужо з бацькамі.

Да пенсіі яна працавала бухгалтарам Найдзянскага лясніцтва. Даўно пайшлі з жыцця тата і мама, знатная вясковая рукадзельніца. Не стала і мужа. Але дарогу ў Грэбень не забывае маладое пакаленне. Не сумуе на заслужаным адпачынку гаспадыня. Двор яе патанае ў кветках. Каля плоту на высокіх сцёблах гойдаюцца вяргіні. Уздоўж дарожкі ад брамкі цэлы дыванок з пятуняў, жоўтай рудбекіі і бархотак. Пад самым ганкам распусцілася фіялетава-пунцовая начная прыгажуня. Абапіраючыся на яе высокія кусцікі, паўзуць уверх сінія званочкі іпамеі.

 

 

Галка ў Галіны

Колісь у Грэбені было тры статкі рагуль. Сёння засталася адна. Гадаваць жывёлу – цяжкая праца. У магазіне лягчэй усё купіць.

– Хутка дзеці забудуць, як карова выглядае, – жартуе гаспадыня апошняй у вёсцы «карміцелькі» Галіна Марыніч. На падворку былой даяркі, а зараз загадчыцы мясцовага клуба, цэлая ферма. Акрамя згаданай Галкі (з мянушкаю жывёлы вырашылі не мудраваць) бык, пяць свіней, трусянят цэлы вывадак, чарада гусей і качак, куры. Страціўшы праз цяжкую хваробу мужа, жанчына не скараціла пагалоўе – паспявае ўсюды, кажа, што ў яе сутках 25 гадзін.

Весці немалую гаспадарку, канечне, дапамагаюць сын з нявесткаю, якія жывуць пад адным дахам. У маладых чацвёра дачок. Сафія, якая пойдзе ў другі клас, расказала, што любіць маляваць. Самая маленькая паўтарагадовая Жэнька паўсміхалася нам. Дзве другія дзяўчынкі – Васіліса і Уладзіслава – былі ў той дзень у садзіку.

Пабывалі мы і на працоўным месцы Галіны Анатольеўны. Каля клуба яркая клумба. На сценах танцавальнай залы ў рамках вышытыя арнаменты. Так загадчыца захавала работы сваёй мамы, што ацалелі пасля пажару ў яе хаце. Наогул, кожная рэч тут нібы экспанат этнаграфічнага музея. Вясковы вайб і атмасфера настальгіі па тых часах, што не вярнуць…

Святлана Шакалян

Фота аўтара

НА ЗДЫМКАХ: 1. Стараста вёскі Любоў Варановіч; 2. На падворку Аляксандра Ханені; 3. Таццяна Гулюта ў шлюбе 40 гадоў; 4. Юнае пакаленне Грэбеня Сафія, Жэня і іх бабуля Галіна Марыніч; 5. Бабуля Стэфа – рукадзельніца; 6. Вярнулася ў бацькоўскі дом Валянціна Круглякова.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!