Гісторыя дзявятая: як бабуля Алеся гаравала на Палессі

«Трэ, каб там ужо была», — пасля прывітання жыхарка аграгарадка Кольна Аляксандра Сакула з усмешкаю намякае, што дужа затрымалася на гэтым свеце. У сярэдзіне лета бабулі, якую і радня, і аднавяскоўцы завуць Алесяй, споўнілася 95 гадоў.

І няхай ногі зараз дазваляюць ёй хадзіць толькі па хаце, затое памяць захавала шмат эпізодаў нялёгкага жыцця. Разам «пагарталі» біяграфію Аляксандры Уладзіміраўны і даведаліся, чаму пенсіянерка засталася практычна непісьменнай, што выратавала ў вайну яе вялікую сям’ю ад голаду і як жанчыны станавіліся ў плуг араць калгаснае поле, дзе вырошчвалі дзіўную па сёняшнім часе расліну – кок-сагыз.

Калійная сялітра замяняла соль

Малая радзіма доўгажыхаркі – вёска Найда, а дзявочае прозвішча – Карась. Алеся – другое дзіця і першая дачка ў сям’і. Усяго бацькі выгадавалі семярых нашчадкаў. Апошняя дзяўчынка ўжо з’явілася на свет пасля Вялікай Айчыннай.

– «Вы тут, дзеўкі, падскокваеце, а не ведаеце, што пачалася вайна», – з такой страшнай навіной прыбегла да нас на возера сяброўка, – прыгадвае чэрвень 1941-га субяседніца. – А фашыстаў мы пабачылі напрыканцы лета. З мамай на Батыеўцы палолі граду буракоў, як падыйшоў чалавек, пэўна, партызан, і сказаў, што трэба хавацца, немцы ідуць.

Салдаты непрыяцельскай арміі шныпарылі па хатах, загадваючы: «Матка, яйкі». Пазней паелі ў найдзянцаў і курэй усіх, і качак, забралі кароў. Дзве свае рагулі Карасі прадбачліва хавалі ў лесе. Па чарзе іх сцераглі і даілі Алеся са старэйшым братам Сцёпаю. Дзякуючы малаку і голад не дужа данімаў малых. Вайна вайною, але ж вяскоўцы сяк-так стараліся абрабляць палеткі. Бульбу пераважна садзілі дробненькую, не выкідвалі і шалупінне, выкарыстоўваючы ў якасці насеннага матэрыялу. Больш за ўсё пакутвалі без солі. Яна была на вагу золата, каб дадаць смаку прэснай ежы, яе запраўлялі дробкай калійнай сялітры.

– Тато, як немцы напалі, закапаў недалёка ад селішча вялікую бочку з жытам, потым яно і выручыла, – бабуля прызнаецца, што дагэтуль не можа забыць смак таго ваеннага хлеба. – Праз цяжкае раненне ў галаву яго хутка камісавалі, дома ён зрабіў жорны, на іх малоў зерне. Мы так не галадавалі, як іншыя людзі. Многія, ведаю, збіралі жалуды, сушылі і з іх рабілі муку.

Між тым дзеці гэтай вялікай сям’і ў любы момант маглі стаць сіротамі. Жыццё франтавіка Уладзіміра Карася не аднойчы вісела на валаску. Падчас аднаго з баёў фашысцкі танк ледзь не зруйнаваў акоп з нашымі байцамі, у ліку якіх быў і найдзянец. Таварышы па зброі дасталі іх літаральна з-пад зямлі. Па ўспамінах бабы Алесі, потым, пасля вяртання з войску, яе бацьку яшчэ раз пашчасціла, калі змог уцячы з прымусовых работ, абвешчаных акупацыйным рэжымам. Лёс пашкадаваў і яго жонку Вольгу з дзецьмі.

Сэрца плакала

Пэўны час найдзянцы былі вымушаны хавацца ў лесе. Змайстравалі з галін і  бярвенняў буданы, у якіх можна перачакаць небяспеку.

– У нашай хаце ворагі зрабілі склад боепрыпасаў, – працягвае аповед пажылая жанчына. – Яна стаяла ў канцы вуліцы каля мосту, які хацелі ўзарваць. Дык адзін салдат папярэдзіў: «Матка, бух, кіндэр шнэль». І нават пасля выцягнуў аконныя рамы, каб шыбкі не пабіліся. Быў і другі спагадлівы немец, іншы раз прыносіў нам, дзецям, у кацялку рэшткі кашы ці іншай ежы.

Разам з выпадкамі лаяльнасці часовай германскай улады дзіцячая памяць зафіксавала і па-сапраўднаму жудасныя карціны ваеннага часу. Напрыклад, як замірала сэрца дзяўчынкі-падлетка, калі праз вёску на Петрыкаў гналі калону яўрэяў. Нацысты з вінтоўкамі наперавес цкавалі сабак на безабаронных жачын з маленькімі дзеткамі ў падвязаных хустках і старых, што шлі насустрач сваёй немінучай смерці. Нямала здзекваліся з мясцовых і паліцаі.

Замест школы — калгас

– Я так хацела вучыцца, – у голасе бабулі нечакана пачуліся слёзы, – толькі бацька сказаў: «Дочачко, ідзі ў калгас, бо ў нас зямлю забяруць». Ён быў лесніком і права на соткі не меў.

Да вайны Алеся Карась паспела скончыць два класы ў Найдзе. Там, дзе зараз могліцы, у  невялікай хатцы была пачатковая школа. Субяседніца памятае, як зімою на перапынках каталіся на санках з недалёкай горкі. А на ўрокі хадзілі з палатнянаю торбачкай, у якой замест сшыткаў і падручнікаў неслі сціплы абед – хлеб, яйка ці кавалачак сала.

За гады акупацыі атрыманая адукацыя забылася, замест вучобы 14-гадовае дзяўчо чакала дарослая праца на палетках і ферме. Сёння яна ўмее хіба што распісацца. Затое яе браты і сёстры атрымалі  атэстаты аб заканчэнні Грэбеньскай школы, да якой тры кіламетры хадзілі ў любое надворье, а пасля – і розныя прафесіі. У нашым раёне пусцілі карані брат і сястра, астатнія паехалі за лепшай доляй у Расію, ды там і засталіся.

Першыя чобаты

Доўгачаканую Перамогу сустракалі ў Найдзе з вялікай надзеяй на лепшае жыццё. Вайна скончылася, трэба было адбудоўваць народную гаспадарку. Слухаючы аповед сведкі тых падзей, дзіву даешся, дзе бралі сілы гэтыя мужныя жанчыны.

– Замест коней станавіліся ў плуг і аралі калгаснае поле, – па сёняшнім часе гэта ўспрымаецца як працоўны подзвіг. – Трактароў жа спачатку не было. Сеялі жыта, картоплі садзілі, лён церлі і каноплі, абраблялі ўчасткі кок-сагызу.

Сёння, напэўна, толькі старажылы і памятаюць, што за культура такая з незвычайнай назвай (одуванчик). Расліна, падобная на дзьмухавец, родам з  Азіі. Яе вырошчвалі дзеля атрымання каўчука. Завозіць імпартны, з трапічнага дрэва гевея для СССР было дужа дорага, а прамысловасць і армія  мелі вялікую патрэбу ў гуме (резине). Дробнае насенне-«парашуцікі», імкнуўшыся за ветрам, не хацела стройна класціся ў глебу. Узышоўшыя калівы трэба было прарадзіць, каб не цясніліся, і вызваляць ад пустазелля. А вынікам знясільваючай ручной працы станавілася карэнне кок-сагызу. Яго і здавалі дзяржаве на перапрацоўку. Пасля таго, як вучоныя распрацавалі новыя віды сінтэтычнага каўчука, маларэнтабельны кок-сагыз сышоў у гісторыю.

Жывых грошай у калгасах доўга не было. У ведамасці ставілі «палачкі»-працадні, за якія па заканчэнні сезона налічвалі натуральную аплату ў выглядзе таго, што вырасцілі.

– «Олька, трэба Алесі чобаты купіць», – бацька, удзячны за тое, што пайшла ў калгас, мяне глядзеў, – бабуля ўспамінае, з якой радасцю ўспрыняла дарагую абноўку. – Прадалі сала і пашылі чорненькія з абцасікамі. Шла ў Жыткавічы на службу босая, у царке абувалася, а калі вярталася, зноў чобаты пад пахай несла, берагла, каб хто ў натоўпе не наступіў на іх.

Бацька прывёз старэйшай дачцэ два трафейныя адрэзы. Сукенкі з іх яна таксама насіць шкадавала. А першую цукерку паспытала падлеткам. Пасля вайны неяк Уладзімір Карась прынёс дадому доўгую палачку ў абгортцы. Малыя збегліся паглядзець на тое дзіва. На іх вачах бацька паламаў пачастунак і раздаў: якім жа смачным быў той ледзянец!

сям’я і дзеці

У 20 гадоў пасватаўся да яе Мікалай Сакула, хлопец з Кольна. Прыкмеціў Алесю яго сусед, які і параіў браць дзяўчыну ў жонкі. Маладыя толькі на трэці раз распісаліся, два пяпярэднія візіты ў сельсавет атрымаліся «халастымі», бо трапляла пара на зачыненыя дзверы. Згулялі сціплае вяселле, госці адарылі новую сям’ю рушнікамі і посцілкамі. У хаце свёкраў, дзе жыве бабуля Алеся і зараз, хутка затэпалі па падлозе дзіцячыя ножкі. Тут выгадаваліся Валя, Люба, Оля, Валодзя і Зіна. Сын і дочкі працягнулі род трынадцаццю нашчадкамі. Ёсць у гераіні аповеду і 13 праўнукаў, нават прапраўнук падрастае. Адной з унучак далі бабіна імя – Алеся.

Да самай пенсіі жанчына даглядала цялят, а яе сужэнец працаваў спачатку ў леспрамгасе, а потым на конях у калгасе. Як і ўсе вяскоўцы дабрабыт здабывалі працаю. Гаспадыня спраўна вяла дом, яе ведалі як добрую майстрыху. За кроснамі начамі сядзела, ткала і сабе, і людзям.

– Рана Коля мяне пакінуў, – сумуе па тым, што лёс адмераў яе другой палове толькі 64 гады, – а я вось затрымалася… дзякуй дзецям, што даглядаюць. А вайну не забуду, пакуль не закрыюцца мае вочы.

 

 

Святлана Шакалян

Фота аўтара і з архіва гераіні аповеду

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!