Урокі гісторыі краіны: чаму для беларусаў важны Дзень народнага адзінства
У выніку вызваленчага паходу Чырвонай Арміі 17 верасня 1939 года заходнія беларускія землі былі вызвалены ад польскай акупацыі і далучаны да савецкай дзяржавы. Якім жа чынам яны там аказаліся?

Крэсы ўсходне
Такое становішча склалася пасля ліквідацыі Расійскай імперыі і перамогі Сацыялістычнай рэвалюцыі на яе тэрыторыі. У 1918 годзе ўрад Расійскай Савецкай Рэспублікі прызнаў незалежнасць польскай дзяржавы, частка зямель якой уваходзіла ў Расійскую імперыю. Але правячым колам Польшчы гэтага было мала: яны хацелі далучыць да сваёй тэрыторыі землі Беларусі і Украіны на той падставе, што ў свой час некалі яны належалі Рэчы Паспалітай, дзяржавы, ў якой дамінавала Польшча і якая спыніла сваё існаванне напрыканцы 18 стагодзя.
Засноўваючыся на гэтым, Польшча, аднавіўшы сваю незалежнасць, адразу пачала баявыя дзеянні, якія прывялі да Польска-савецкай вайны 1919-1920 гадоў. Вынікам яе і стаў падзел беларускіх зямель. На ўсходзе ўтворана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, якая ўвайшла ў СССР. Заходнюю частку далучылі да Польшчы згодна з Рыжскім мірным дагаворам паміж Савецкай Расіяй і Польшчай, які быў падпісаны 18 сакавіка 1921 года.
Прадстаўнікі Беларусі не былі дапушчаны на гэтыя перагаворы і не ўдзельнічалі ў падпісанні згаданага дакумента. Польскай стала тэрыторыя плошчай больш за 112 тысяч квадратных кіламетраў, на ёй пражывала 4,6 мільёна чалавек. За гэтымі землямі замацавалася неафіцыйная назва «Заходняя Беларусь», якую ўлады Польшчы не прызнавалі. У афіцыйных дакументах яе часцей называлі «крэсы ўсходне».
Бяспраўныя парабкі, сыравінны прыдатак
Польшча ў гэты час належала да краін з сярэднім узроўнем развіцця. Заходняя Беларусь у эканамічных адносінах была даволі адсталай яе ўскраінай, аграрным прыдаткам, рынкам збыту прамысловай прадукцыі, крыніцай сыравіны і таннай рабочай сілы, складаючы 24 працэнты тэрыторыі і 13 працэнтаў насельніцтва ўсёй Польшчы. На яе прыпадала крыху больш за тры працэнты яе прамысловай вытворчасці, два працэнты электраэнергіі. Разбураная вайной народная гаспадарка аднаўлялася вельмі марудна, новыя заводы і фабрыкі амаль не будаваліся. Абсалютная большасць прадпрыемстваў – дробныя мануфактуры, занятыя перапрацоўкай мясцовай сыравіны. Заработная плата тут была значна ніжэйшая, чым у цэнтральнай Польшчы, вельмі высокае назіралася беспрацоўе.
Больш за 80 працэнтаў насельніцтва Заходняй Беларусі займалася сельскай гаспадаркай, дзе становішча было яшчэ больш складаным. Працоўнае сялянства пакутавала ад бяз- і малазямелля.
Большая частка прыватнаўласніцкай лепшай глебы (каля трох мільёнаў гектараў) належала памешчыкам, якія складалі толькі 1,7 працэнта земляўласнікаў. На сялянскі двор прыпадала ў сярэднім сем гектараў. Каля 55 тысяч гаспадарак мелі надзелы крыху большыя за адзін га, прыкладна 90 тысяч парабкаў былі зусім беззямельныя. Сяляне цярпелі ад шматлікіх падаткаў, так званых «ножніцаў цэн», калі кошты на іх прадукцыю былі нізкімі, а на прамысловыя тавары – высокімі.
Не прывяла да станоўчых вынікаў і зямельная рэформа, у прыватнасці хутарызацыя, што праводзілася ў значнай ступені прымусова і часта выклікая хваляванні сярод сялян. Дабаўляла напружанасці і асадніцтва: перасяленне з цэнтральнай Польшчы ваенных і цівільных асоб, якім на льготных умовах ці бясплатна выдзялялася да 45 гектараў лепшых земляў. З гэтых людзей польскі ўрад хацеў стварыць тут сваю апору. Наяўнасць на вёсцы лішніх жыхароў, якія не мелі сродкаў для забеспячэння свайго існавання, прыводзіла іх да эміграцыі ў іншыя краіны Еўропы і Амерыку.
Паланізацыя на культурным фронце
Цяжкае эканамічнае становішча Заходняй Беларусі было цесна звязана з сацыяльным і нацыянальным прыгнётам і палітычным беспраўем народа. Канстытуцыя Польшчы 1921 года дэкларавала палітычную і прававую роўнасць усіх грамадзян незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці. Аднак у дачыненні да беларусаў, іншых нацыянальных меншасцей праводзілася вялікадзяржаўная палітыка прымусовай паланізацыі. Беларусаў не прызнавалі за самастойную нацыю, забаранялі школы на роднай мове, абмяжоўвалі прыём на работу ў дзяржаўныя ўстановы і ВНУ. Польскі ўрад вышукваў розныя прычыны і зачэпкі, каб закрываць беларускія выдавецтвы, бібліятэкі, хаты-чытальні, клубы, рэдакцыі беларускіх газет і часопісаў. Калі ў 1927 годзе ў Заходняй Беларусі іх выдавалася 23 найменні, то ў 1930-ым – 12, а ў 1937-ым засталося толькі восем выданняў пераважна прапольскай і клерыкальнай накіраванасці. Мясцовы дзяржаўны апарат фарміраваўся пераважна з выхадцаў з цэнтральнай Польшчы.
Праводзілася палітыка рэлігійнай нецярпімасці да беларускага насельніцтва праваслаўнага веравызнання. З 500 праваслаўных цэркваў 300 пераўтварылі ў касцёлы.
Згодна з законам аб мове ад 1924 года дапушчалася стварэнне школы з народнай мовай выкладання. Аднак мноства агаворак ператварала яго ў пустую абяцанку. З 500 беларускіх школ, што працавалі на тэрыторыі Заходняй Беларусі да 1921 года, у 1928 годзе дзейнічала ўсяго 25. З 49 польска-беларускіх школ да 1936-га засталося толькі 16. Урад Польшчы не вельмі імкнуўся даць мясцовым дзецям адукацыю і на польскай мове. Пачатковую школу не наведвала каля 50 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак. У 1939 годзе 35 працэнтаў насельніцтва заставалася непісьменным.
Усталі на барацьбу
Аб’ектыўнымі ўмовамі для разгортвання на тэрыторыі Заходняй Беларусі нацыянальна-вызваленчага руху сталі неспрыяльнае эканамічнае становішча большасці насельніцтва, сацыяльны і нацыянальны ціск, палітычнае беспраўе. Мясцовыя жыхары не змірыліся з анэксіяй этнічных беларускіх зямель, выступалі супраць гвалтоўнай паланізацыі, каланізатарскай палітыкі польскіх улад.
У першай палове 1920-х гадоў гэты рух набыў формы партызанскай барацьбы. Фарміраванні, якія дзейнічалі ў большасці паветаў Заходняй Беларусі, арганізоўвалі нападзенні на ваенна-паліцэйскія гарнізоны, адміністрацыйныя ўстановы, маёнткі памешчыкаў, сядзібы асаднікаў, чыноўнікаў, дыверсіі на чыгунках. Рыхтавалася паўстанне. У адказ польскі ўрад прымаў жорсткія меры: на тэрыторыю краю былі ўведзены дадатковыя войскі, узмацняліся паліцэйскія фарміраванні, правадзіліся масавыя арышты ўсіх, каго лічылі неблаганадзейнымі. Сілы былі няроўныя. Усведамленне таго, што паўстанне прывядзе да масавых ахвяр не толькі сярод партызан, а і ўсяго насельніцтва, прымусіла адмовіцца ад яго, пачалося згортванне партызанскай барацьбы.
Разам з узброеным супрацьстаяннем выкарыстоўваліся і легальныя магчымасці барацьбы беларускага насельніцтва за свае правы. Масавы характар набыла створаная ў 1925 годзе Беларуская сялянска-работніцкая грамада. Прынятая ў 1926 годзе яе праграма змяшчала шырокі круг дэмакратычных патрабаванняў: канфіскацыя памешчыцкіх зямель, падзел іх паміж беззямельнымі і малазямельнымі сялянамі, скасаванне асадніцтва, дэмакратычнае самакіраванне, устанаўленне дэмакратычных свабод, нацыянальная роўнасць і навучанне на роднай мове, самавызначэнне Заходняй Беларусі, яе ўз’яднанне з БССР і іншае. К 1927 году ў Грамадзе было 120 тысяч чалавек, аб’яднаных у дзве тысячы гурткоў. Гэта напалохала польскія ўлады, пачаліся масавыя арышты актывістаў Грамады і ліквідацыя яе гурткоў і камітэтаў, а 15 сакавіка 1927 года польскі рэгіён афіцыйна забараніў арганізацыю.
Шырокі размах у другой палове 1920-х гадоў набыў рух за нацыянальную адукацыю. Яго ўзначаліла створанае ў 1921 годзе Таварыства беларускай школы, асноўнай мэтай якога была дапамога і пашырэнне асветы ў нацыянальным і хрысціянскім духу. Заснавальнікамі арганізацыі былі Б. Тарашкевіч, А. Луцэвіч, Ф. Аляхновіч, А. Смоліч і іншыя прадстаўнікі інтэлігенцыі. З восені 1924 года ГБШ развярнула кампанію па збору подпісаў за адкрыццё школ на роднай мове.
Першы з’езд ТБШ, які адбыўся ў Вільні ў снежні 1927 года, пастанавіў дамагацца адкрыцця беларускіх дзяржаўных пачатковых школ, гімназій, настаўніцкіх семінарый, курсаў і іншага. Да сярэдзіны 1928 года колькасць гурткоў ТБШ дасягнула 430, яны аб’ядноўвалі 15 тысяч чалавек. Зноў жа ўрад адказаў на гэты масавы рух рэпрэсіямі: гурткі ліквідаваліся, у 1934 годзе зладзілі суд над актывістамі ТБШ.
Спыніла, дазволіла, стварыла
Цяжкае эканамічнае становішча, сацыяльны і нацыянальны гнёт, аўтарытарны стыль кіравання, пастаянныя арышты нацыянальна свядомых і проста актыўных грамадзян, суды над гэтымі людзьмі, утрыманне іх у турмах – ўсё гэта не спрыяла аўтарытэту польскай улады на беларускіх землях. Яе не любілі. Таму, калі 17 верасня 1939 года Чырвоная Армія ўступіла на тэрыторыю Заходняй Беларусі, большасць насельніцтва сустракалі яе з радасцю, з кветкамі як вызваліцельніцу. На «новых» землях утвараліся часовыя органы ўлады. У гарадах – часовыя ўпраўленні, у мястэчках і вёсках – сялянскія камітэты.
Народны сход Заходняй Беларусі, які адбыўся ў Беластоку 28-30 кастрычніка 1939 года, прыняў Дэкларацыю пра абвяшчэнне савецкай улады і ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР.
12-14 лістапада пазачарговая трэцяя сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла законы, якімі юрыдычна замацоўвалася этнічна-тэрытарыяльная кансалідацыя беларускай нацыі ў адзінай дзяржаве. Гэта мела велізарнае значэнне для далейшага лёсу нашага народа, дазволіўшы:
– спыніць працэс размывання беларускага этнасу, чаму актыўна спрыялі польскія ўлады;
– вытрымаць найцяжэйшыя выпрабаванні, якія выпалі на долю нашых людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны;
– стварыць спрыяльныя ўмовы для паспяховага развіцця ўсіх галін народнай гаспадаркі, культуры і адукацыі рэспублікі ў пасляваенны час.
Васіль НІКАНОВІЧ
