Самы дарагі мой чалавек: Алена Жаўнерык з любоўю да мамы
Мама, маці, мамачка, матуля, мамуля, матулечка… Гэтыя пяшчотныя, поўныя любові і замілавання словы ведае кожны з нас. Усе мы разумеем іх сэнс з самага свайго нараджэння, з таго моманту, калі найдаражэйшы ў свеце чалавек упершыню ўзяў нас на рукі і прытуліў да грудзей.

Мама… Вобраз яе авеяны самай высокай паэзіяй. Ён з’яўляецца ўвасабленнем дабрыні, самаахвярнасці, бескарыслівасці. Маці… Адно слова, чатыры літары. А колькі ў ім сэнсу? Колькі разнастайных пачуццяў яно ў сабе змяшчае?!
Мая любімая матуля Марыя Белка жывё ў вёсцы Хільчыцы. Усе людзі на маёй малой радзіме ведаюць гэтую цудоўную, сціплую, працавітую, жыццярадасную жанчыну. У жыцці кожнага чалавека, у тым ліку і ў маім, мама заўсёды займае галоўнае месца.
З таго часу, як памятаю сябе, як пачала ўсведамляць сябе як асобу, бачыла, што мая матуля заўсёды была побач. Я і зараз добра памятаю, як яна вяла мяне, маленькую, нясмелую, першы раз у школу, дапамагала спасцігаць асновы чытання, пісьма, лічэння, вучыла са мной на памяць вершы, рашала прыклады і задачы, пісала сачыненні і пераказы. Менавіта ад яе, ад сваёй любімай мамачкі, я атрымала першыя ўрокі дабрыні: дапамагаць і спачуваць людзям, дараваць памылкі і крыўды, паважаць старэйшых. Штохвілінна, штодзень матуля дапамагала мне спазнаваць акаляючую рэальнасць, адкрываць жыццёвы свет і ісці па ім так, каб не заблукаць, не заблытацца, не збіцца з правільнай дарогі.
Я гадавалася ў мнагадзетнай сям’і. У мяне ёсць дзве сястры і два браты. У кожнага з нас сваё жыццё, свае сем’і, дзеці, ёсць ужо і ўнукі. Але для нашай матулі мы ўсё роўна маленькія дзяўчынкі і хлопчыкі, якіх хочацца пашкадаваць, прытуліць да сябе, дапамагчы і словам, і справай. Яна памятае кожную дробязь, звязанную з намі, сваімі дзецьмі, і пры неабходнасці напамінае аб гэтым. Калі ў нас здараюцца непрыемнасці, мама першая прыходзіць на дапамогу і заўсёды больш за ўсіх перажывае.
Няма ніводнага дня, каб я ці хто-небудзь з маіх сясцёр, братоў, дзяцей, пляменнікаў не патэлефанаваў матулі. Якая яна ні была б занятая, заўсёды знойдзе час, каб з намі пагаварыць, нешта параіць, супакоіць, абнадзеіць, палепшыць настрой.
Яна ціхенька стаіць убаку і радуецца за нас, калі мы дасягаем нейкіх вяршынь, поспехаў, нават самых дробязных, і сумуе, калі нам дрэнна, вельмі востра адчувае наш фізічны і душэўны боль, моліцца Богу, каб у нас усё было добра.
Рукі маёй матулі – гэта нешта неверагоднае. Яны сапраўны ствараюць цуды. Гэтыя маленькія, мяккія, ужо шурпатыя, але такія любімыя рукі гатавалі і зараз гатуюць самыя смачныя сняданкі, абеды і вячэры. Матуля – сапраўдны кулінар. У яе самыя лепшыя ў свеце пірагі, пончыкі, пампушкі, бісквітныя торты, пячэнне.
Яе нястомныя рукі ў вольны час ствараюць сапраўдныя шэдэўры вышыўкі: ручнікі, навалачкі, сурвэткі. Менавіта гэтыя рукі выціралі нашы слёзы, апрацоўвалі раны, прыхіналі да сябе. Яны ніколі не ведаюць адпачынку, таму што ўвесь час занятыя, працуюць штодзень.
Мая мама сапраўды вельмі добры чалавек. Яна заўсёды лаяльна, з разуменнем, са спачуваннем адносіцца да сваіх дзяцей, унукаў (іх ў яе дзесяць), праўнукаў (якіх тры), калі ў іх здарылася нешта не зусім прыемнае або калі яны нашкодзілі. За гэта іншыя мамы сварацца і чытаюць мараль. Напрыклад, за атрыманую ў школе двойку, пастаўлены суседу ці аднакласніку фінгал, раскіданыя па хаце рэчы, непамытыя рукі і посуд нас “выхоўваў” тата, а мама аберагала.
Любоў да вялікай сям’і перадалася мне. У нас таксама пяцёра дзяцей. І я гэтак жа, як і мая матуля, бязмежна, бескарысліва люблю іх і стараюся даць ім усё самае лепшае, усё цяпло сваёй душы.
Хачу не толькі ў гэты дзень, а штодзённа гаварыць сваёй матулі аб тым, якая яна для мяне дарагая, любімая, самая лепшая. Яна падаравала мне сваю маладосць, не патрабуючы нічога ўзамен, ніколі не паскардзілася, як ёй было цяжка нас гадаваць і выхоўваць. Мама акружыла мяне такім цяплом сваёй душы, што ў самыя цяжкія і няўдалыя моманты жыцця менавіта гэтае цяпло давала мне сілы і ўпэўненасць у сабе. Вельмі пашанцавала, што ў мяне ёсць самая лепшая мама ў свеце. Усе мамы розныя: маладыя, прыгожыя, добрыя, ласкавыя… Але да самай старасці яны застаюцца для нас любімымі і найлепшымі, таму што толькі маці, нягледзячы ні на што, падтрымае любыя нашыя пачынанні, дапаможа ў цяжкі час. Мама даруе нам любую памылку і няўдачу, грубае слова і непаразуменне. Толькі сэрца маці здольна дараваць усё на свеце і любіць сваіх дзяцей такімі, якія яны ёсць. Таму матулю неабходна цаніць, даражыць кожным імгненнем, праведзеным з ёй.
Пра маці можна гаварыць бясконца. І пакуль яна жыве, пакуль сустракае і сагравае нас яе ласкавая ўсмешка, цёплы позірк любімых вачэй, пакуль у дні поспехаў і страт ёсць каму сказаць пявучае, самае добрае і найлепшае слова “мама”, мы адчуваем сябе смелымі, дужымі, упэўненымі ў заўтрашнім дні. І таму нам усім трэба рабіць усё магчымае,і немагчымае для таго, каб яны былі шчаслівымі.
Алена Жаўнерык
Фота з архіву аўтара
