А слёзы капалі: гісторыя Евы Чопчыц з Леніна

Калі б не Вялікая Айчынная вайна, што знішчыла мільёны людзей, і рэха якой чуваць да сёняшняга дня, у 85-гадовай Евы Чопчыц, ветэрана педагагічнай працы з аграгарадка Ленін, быў бы іншы лёс – не сірочы, больш сыты і шчаслівы. Толькі гісторыя не церпіць умоўнага ладу, яе, як вядома, не перапішаш.

Вайна забрала маці-бацьку

У вёсцы Цімашэвічы жылі-былі Піліп і Марыя. І было ў Насуковічаў двое дзетак з біблейскімі імёнамі – Адам і Ева. Хлопчык-першынец нарадзіўся, як казалі, за польскім часам, у 1938-ым, за год да ўз’яднання Беларусі. Вяскоўцам пры панах прыйшлося нясоладка, зямлі не хапала, дзе ступі, там плаці. Вызваленчы паход чырвонаармейцаў жыхары Заходняга краю сустракалі з радасцю і вялікай надзеяй на лепшыя змены. Восенню 1940 года сям’я павялічылася, бог даў сужэнцам дачушку. Здавалася б, людзі толькі сталі апраўляцца ад сваёй жабрацкай долі, як здарылася гітлераўскае нашэсце.

– Бацьку мабілізавалі яшчэ да пачатку вайны і адправілі ў Сінкевічы, дзе стаяў салдацкі гарнізон, – пераносіцца ў пачатак сваёй біяграфіі Ева Піліпаўна. – Дзядзька Міша расказваў, як мяне маленькую разам з мамаю вазіў туды да яго на спатканне, яно стала для нас літаральна апошнім. У кастрычніку 1944-га прыйшла афіцыйная папера, што тата прапаў без звестак.

У акупацыю палешукі выцярпелі шмат гора і нястачы. У раёне Цімашэвічаў ворагу знатна давалі прыкурыць партызаны Пінскага злучэння, у тым ліку атрад знакамітага падпольшчыка Васіля Каржа. У адказ на іх актыўныя дзеянні фашысты часта каралі мірнае насельніцтва, учынялі аблавы, расстрэльвалі непавінных людзей. Ад іх рук загінуў і дзед Якаў, бацька Марыі, актыўны калгаснік. Пазней вёску напаткаў лёс Хатыні, праўда, агонь знішчыў толькі пабудовы. Народ хаваўся ў месцах дыслакацыі партызан. Сям’я Насуковічаў таксама пэўны час жыла ў лясной зямлянцы. У 1943 годзе Евіна маці цяжка захварэла і памерла. Клопат пра ўнукаў узяла на сябе бабуля, Яфімія Стражэвіч. Жанчыну адразу пасля вайны ўгаварылі аддаць сірот у дзіцячы дом, што адкрылі ў Мікашэвічах. Два тыдні праплакаўшы, яна забрала іх назад.

Сірочая доля

– У мамы было яшчэ пяць братоў, – працягвае аповед субяседніца. – Памятаю, як будаваліся на спаленым фашыстамі селішчы, дзе ацалела толькі сцёпка. Дзядзькі па чарзе жаніліся і прыводзілі ў дом нявестак. Маладыя сем’і, пакуль ставілі свае хаты, некаторы час жылі разам з намі ў двух невялікіх пакойчыках. Здаецца, нявесткі і не крыўдзілі нас з Адамам напрамую, але ж адносіны былі іншымі, чым да ўласных дзяцей. Чаргу гнаць – сваіх шкада будзіць, а мяне можна. Зацемна ўстану, кавалак хлеба ў кішеню – і на ўвесь дзень кароў пасвіць ці свіней. А то на луг за два кіламетры іду бабоўню рваць, ці па чарніцы з фанернымі скрынямі за плячамі ў Жоўты брод. Зімою на санках сухастой збіралі па лесе, секлі хмызняк, дроў не дужа выпісвалі, ды і прывезці іх не было на чым. За коней ці валоў трэба было плаціць. Пляменнікаў папагадавала, карацей, без справы не сядзела ні дня. Не ведалі мы дзяцінства…

Бабуля, што замяніла сіротам бацькоў, без продыху гаравала на калгасных сотках. Расказваючы пра тое, як Яфімія Пятроўна за дзень сярпом ўбірала 15 сотак жыта, Ева Піліпаўна не магла схаваць слёз. Рабілі людзі пасля вайны за так званыя палачкі-працадні. Па выніках паляводчага сезону, кажа субяседніца, атрымлівалася на чалавека па паўмеха жыта і пяць літраў льнянога алею. Жылі, так бы мовіць, з уласнага агароду і падворку. Жывыя грошы вясковыя жанчыны зараблялі ў лесе, на ягадах, сушылі іх і здавалі ў нарыхтоўчую кантору. Дарэчы, і пенсіі работнікам сельскай гаспадаркі пачалі плаціць толькі з 1964 года, спачатку ўсяго 12 рублёў.

За ведамі 15 км

– Цукеркі-падушачкі – найвялікшы ласунак, – жанчына прыгадвае маленькія радасці пасляваеннага часу. – Аднойчы нам, як сіротам, выдзелілі пасылку, казалі, з Амерыкі. Там было плацце ў палосачку, запомніла яго на ўсё жыццё, такім шчасцем яно мне здавалася тады.

У школу Ева Піліпаўна пайшла ў лапцях. За партамі Цімашэвіцкай сямігодкі сядзела шмат пераросткаў, у адным пакоі адначасова вучыліся і чацвёрты, і пяты класы. Добрым словам успамінае сваю настаўніцу Розу Гірас. Пісалі пёрамі, чарніла рабілі, разводзячы вадою спецыяльны парашок. Сшыткаў не хапала, падручнікі таксама былі ў дэфіцыце. Затое меўся агарод, дзеці вырошчвалі моркву, гуркі. На Новы год ставілі ёлку, упрыгожвалі яе самаробнымі цацкамі з ваты, выразалі папяровыя сняжынкі. На Каляды бабуля частавала малых гарбузянымі семкамі, да свята іх не краналі.

Потым дзяўчынка вучылася ў Ленінскай васьмігадовай школе, дзе выкладаў вядомы многім пакаленням настаўнік Уладзімір Баярын. Забягаючы наперад, скажам, што пазней яны стануць калегамі. Атэстат сталасці Ева Насуковіч атрымала ў вёсцы Хорастава (цяпер Салігорскі раён, а тады гэты населены пункт быў у складзе Ленінскага раёна, прычым цэнтрам апошняга лічыліся Мікашэвічы). У панядзелак а шостай гадзіне шасцёра цімашэвіцкіх дзяцей выходзілі з дому, каб да дзевяці раніцы пераадолець 15-кіламятровы шлях. Тыдзень жылі ў прышкольным інтэрнаце, а ў суботу дадому іх часта падвозіў на паштовым грузавіку знаёмы аднавясковец. Тут старшакласнікі дапамагалі мясцовай гаспадарцы на розных палявых работах. Жанчыне запомнілася, як дзяўчаты ставілі ў “бабкі” снапы лёну.

Праз церніі да прафесіі

– “Хай як хоча, а мы яе вучыць не будзем!”, – пасля выпускнога Ева ненаўмысна падслухала размову малодшай бабінай нявесткі. – Я так хацела атрымаць прафесію, хаця разумела, што на дапамогу нельга разлічваць. Вырашыла сама сабе дарогу прабіваць і завербавалася ў Карэлію.

Год дзяўчына працавала ўчотчыкам драўніны на цалюлозна-папяровым заводзе ў пасёлку Ляскеля, што непадалёку ад горада Сартавала. Магчыма, засталася б там надоўга, толькі цётка напісала, што пагоршылася здароўе бабулі, і яна просіць вярнуцца дадому. З таго часу пачалася педагагічная паэма Евы Піліпаўны.

У Ленінскай школе яе кар’ера стартавала з пасады піянерважатай. Неўзабаве дзяўчыну сасватаў мясцовы хлопец. Мікалай Чопчыц працаваў саўгасным механізатарам. У 1963-ім пабраліся шлюбам. Муж прывёў маладую ў бацькоўскую хату, дзе жыла яшчэ сям’я брата. Адна за адной у сужэнцаў з’явіліся дачушкі – Эма, Люба і Анжэла. Толькі мара пра адукацыю не адпускала Еву. І праз некалькі месяцаў пасля нараджэння меншай дзяўчынкі яна падала дакументы на завочнае аддзяленне гістарычнага факультэта Мінскага педагагічнага інстытута.

– Ледзьве ўгаварыла дзядзькаву жонку адпусціць мяне на сесію, – гартаючы фотаальбом, жанчына кажа, што мала хто верыў у яе прагу да ведаў. – Тая і дачок забрала на месяц, і бабулю маю. Потым мы самі з Колем спраўляліся, у выдзеленую кватэру перабраліся. Дыплом я атрымала насуперак усім цяжкасцям. Днём на працы, вечарам – хатняя гаспадарка, а начамі пісала кантрольныя. Ці саромелася настаўніца мужа-трактарыста? Не, ні ў якім разе. Жылі мы дружна, ён дапамагаў ва ўсіх справах, падтрымліваў і разумеў асаблівасці маёй прафесіі. Пятнаццаць гадоў назад Мікалая не стала.

Не школа – а жыццё

Сукупны педагагічны стаж Евы Чопчыц складае без малога сорак гадоў. Яна выкладала гісторыю, грамадазнаўства, этыку і псіхалогію сямейнага жыцця (быў такі прадмет у 1990-ых), некаторы час працавала завучам па выхаваўчай рабоце. За добрасумленнасць атрымала званне “Старшы настаўнік”. Пры ёй увялі ў эксплуатацыю ў 1983 годзе сучасны будынак Ленінскай СШ.

– Здаецца, колісь весялей жылі, – усміхаецца пенсіянерка, – больш насычана. Помню сваё першае класнае кіраўніцтва – 42 вучні! Усе адмаўляліся, бо нагрузка не аплочвалася, а часу займала нямала. Вадзіла дзяцей у паходы па месцах партызанскай славы, ездзілі ў Брэсцкую крэпасць, актыўна выступалі ў мастацкай самадзейнасці і розных конкурсах. Выхаванню наогул надавалася вялікая ўвага. І вучыцца стараліся. Спадзяюся, што ніхто з іх на мяне не крыўдуе. Многія да гэтай пары віншуюць са святамі. Рыгор Бабчанок, член Саюза пісьменнікаў, мне нават верш прысвяціў.

Годнымі параслі і дочкі гераіні аповеду, усе атрымалі вышэйшую адукацыю. Люба вывучылася на выхавальніка, Эма стала архітэктарам, дыплом інжынера-будаўніка мае Анжэла. Ева Піліпаўна – бабуля шасці ўнукаў, якія працягваюць гісторыю роду, даўшы жыццё пяцярым нашчадкам. Радня не забывае бацькоўскую хату, гаспадыня якой штодзённа адчувае яе клопат і дапамогу.

–  Лёс ў цэлым склаўся нядрэнна, нельга скардзіцца, – падсумоўвае суразмоўца. – Ніколі я не патрабавала ад дзяржавы ніякіх ільгот за тое, што вайна пасіраціла. Але ж часта думаю, што Вялікая Айчынная забрала частку майго шчасця. І колькі буду жыць, столькі не згасне ў душы найвялікшая ўдзячнасць самаму дарагому чалавеку – маёй любай бабулі.

 

 

Святлана Шакалян

Фото аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!