Край легенд і паданняў. Як сёння жыве вёска Ляхавічы

Доўгае, Плячышча, Сяло, Забярвецкая. Ні на адной карце не знойдзеш гэтых тапонімаў, затое імі дагэтуль карыстаюцца жыхары вёскі Ляхавічы, замяняючы казённыя назвы вуліц на жывыя словы, прыдуманыя продкамі стагоддзі назад.

Нашчадкі непакорлівых

Ідучы па вёсцы, што прытулілася да знакамітага на ўсю Беларусь возера, ад старшыні Чырвоненскага сельвыканкама Руслана Сацуты, які згадзіўся выступіць гідам, даведаліся, што сёння тут каля паўсотні чалавек. Юнае пакаленне прадстаўлена ўсяго двума школьнікамі. Пераважная колькасць месцічаў – пенсіянеры. Нямала хат, ператварыўшы ў дачы, даглядаюць нашчадкі.

– У кватэры на пасёлку хіба што толькі начую, бо там тапіць не трэба, – жартуе Генадзь Акунец, прызнаючыся, што на бацькоўскім селішчы і дыхаецца лягчэй. – Без работы тут дня не магу вытрымаць. Матанула мяне жыццё, бо нораў гарачы. Свабоду люблю і свае Ляхавічы. Галубікі во насадзіў, сажалку даглядаю, лес і возера душу лечаць. Якой была вёска маёй маладосці? Вясёлай, дружнай і нават трохі бандзіцкай – нашых хлопцаў у раёне добра ведалі.

Па словах мужчыны, у адрозненні ад суседніх паселішчаў, дзе аселі сасланыя Кацярынай ІІ катаржане, ляхаўцы лічацца карэнным народам. У сяле з уездным статусам працавалі млын, гімназія і праваслаўны прыход. Мужыкі тут жылі дужа непакорлівыя, падаткі плаціць адмаўляліся, за што на расправу са сталіцы адпраўлялі царскія эскадроны. Звесткі гэтыя Генадзь Арсенцьевіч мае ад свайго прыяцеля, які знайшоў іх у архівах.

Пад покрывам гісторыі застаецца яшчэ адзін цікавы факт. Наш субяседнік расказаў, што недзе ў вёсцы закапаны звон (колокол). Аматары прыгод не аднойчы спрабавалі яго знайсці. На месца, дзе стаяла царква, і трактары з каўшом прыганялі, і з металашукальнікамі людзі хадзілі, толькі тайна тая так нераскрытай і засталася. А яшчэ ходзіць байка, што ў возеры падчас вайны заможныя яўрэі золата хавалі.

 

Родная хата шчасцем багата

Сонечны вецер палошча на вяроўках бялізну, ад чысціні яна, здаецца, аж рыпіць. І ў хаце Глебусаў – узорны парадак.  Галіна Аляксандраўна чатыры гады як заслужыла адпачынак. На пенсію пайшла з паштальёнаў.

– Сарціруючы газеты, адразу разгортваем раёнку, каб даведацца пра ўсе навіны, – жанчына сцвярджае, што «Новае Палессе» заўжды было самым папулярным выданнем на яе ўчастку. – Цяпер наша вуліца амаль апусцела, карову трымалі да апошняга, зараз куры засталіся толькі.

Гаспадыня да пошты працавала дзесяць гадоў кінамеханікам. Ляхаўцы надта любілі індыйскія фільмы, стараліся да вечара гаспадарку дагледзець, каб са спакойнай душою пагрузіцца ў яркую меладраму.

Пакуль у Чырвоным будавалі дзесяцігодку, пачаткоўцы, у ліку якіх і Аляксандраўна, вучыліся ў дзіцячым садзе пасёлка. Старажылы памятаюць, што ў Ляхавічах да вайны была свая трохкласная школа. З будучым мужам Сяргеем (зараз ён працуе слесарам на ТБЗ) Галіна сядзела за адной партай. Пасля арміі маладыя пажаніліся і вырашылі застацца дома. Нарадзіліся ў сужэнцаў два сыны. Адзін пусціў карані ў Хойніках, другі жыве побач. І такой акалічнасці маці дужа радая – дапамога бацькам дарэчы.

 

Ішоў атрад па беразе

Чорную старонку пакінула ў гісторыі вёскі Вялікая Айчынная. Раён Чырвонага возера быў адным з партызанскіх цэнтраў Палесся. Тут народныя мсціўцы стварылі лядовы аэрадром. Транспартныя самалёты дастаўлялі зброю, боепрыпасы, іншыя патрэбныя грузы, а ў зваротны шлях забіралі параненых і хворых байцоў. У хаце ляхаўчанкі Марыі Цімашчэні цэлы месяц напачатку 1943 года размяшчаўся штаб злучэння знакамітага камандзіра, двойчы Героя Савецкага Саюза Сідара Каўпака. Цяпер на гэтае месца сімвалічна ўзнялі пушку, да падножжа якой па знакавых датах месцічы ўскладаюць кветкі і вянкі.

– Мы, малыя, бегалі глядзець на Каўпака. Конь пад ім на дыбы станавіўся, – дзеліцца ўспамінамі старэйшы жыхар вёскі 90-гадовы Аляксандр Давыдовіч, пляменнік гаспадыні таго самага дома, дзе жылі галоўныя партызаны. – Пазней карнікі спалілі Ляхавічы, дзве пабудовы – разам з людзьмі. Толькі адна хата ацалела, бо з сырога лесу нядаўна склалі. Дахі з чароту і дранкі хутка гарэлі.

Дачка доўгажыхара Наталля дадала важны штрых да партрэта бабы Насці, якая запомнілася ўнучцы шчуплай жанчынай з жалезным характарам. Акрамя старэйшага Сашы, у яе было яшчэ чацвёра хлопцаў. Падчас знаходжання ў лясных буданах старалася разрабіць хоць маленькую лапінку, каб кінуць у глебу некалькі бульбін. З сястрою Марыяй для партызан пяклі хлеб, з якім да месца дыслакацыі байцоў адпраўлялі сваіх сыноў.

У гэтым доме мы пачулі яшчэ адну казку-быль пра Чырвонае. Некалі князь з роду Алельковічаў-Слуцкіх, што валодаў тутэйшымі землямі, зненавідзеў свайго брата і затачыў яго ў палац, узведзены пасярод вады. Потым здарылася вялікая паводка, пабудова абрынулася і вязень загінуў. Дарэчы, адсюль пайшла яшчэ адна назва гідрааб’екта – Князь-возера. Наталля Аляксандраўна таксама ведала тую гісторыю, і пакуль аднойчы падчас моцнай засухі на свае вочы не пабачыла ў 500 метрах ад берага сваі і каменні, была ўпэўнена, што гэта ўсяго толькі прыгожая легенда.

 

Лясная дынастыя

У Ляхавічах прайшло дзяцінства Генадзя Баранава. Ягоны бацька, Рыгор Сцяпанавіч, 25 гадоў узначальваў мясцовае лясніцтва, а потым – аддзел лясгаса. Прафесію сваю перадаў у спадчыну сыну, што шчыруе тут зараз майстрам.

– У адной палове будынка была кантора, а ў другой жылі мы, – прыгадвае маленства субяседнік. – Памятаю, як над дахам завісаў верталёт. Пілот скідваў чырвона-белую стужку з кішэнькаю, у якой была запіска з нумарам квартала і выдзела, дзе здарыўся пажар. Тата сядлаў каня і мчаў тушыць лес.

Гадуючыся сярод соснаў-бяроз, ён спакваля ўпітваў бацькоўскую навуку і не выключае, што дынастыя працягнецца. Дачка вывучылася на інжынера ў галіне палявання, турызму і рыбалкі, сын гімназіст, таксама ўлюбёны ў лес.

 

Аптымізм перамагае

На развітанне зайшлі яшчэ ў адзін дом, каб праведаць мясцовую майстрыху Ніну Семянчук. У акуратным, падстаць гаспадыні, пакойчыку на ложку стракаціць вышытая прасціна. Лёс жанчыны не аднойчы выпрабоўваў яе на трываласць: пахавала двух сыноў і мужа, але ж не ачарсцвела душою.

– Бяднота была, восем душ у мамы – вось і мусіла навучыцца шыць, – Наумаўну ляхавіцкі хлопец Ціхан прывёз з Салігорскага раёна. – Плацці, кофты, касцюмчыкі людзі заказвалі. Спіны за машынкаю ручной не разгінала, пакуль сыны з дачкою параслі. Потым пайшла ў калгас за рубель гной выкідываць. Дзеці спяць, а я начамі вышываю, хацелася жыць не горш за іншыя сем’і. Якая любоў? Прывычка! Хаця і выпіваў, але ж удваіх весялей, прыцерліся і жылі. Вяртацца дадому не магла. Сама ж згадзілася за ім ехаць.

У 84-гадовай бабулі два ўнукі і тры праўнукі. На спінцы канапы з фотакартак паглядаюць самыя родныя людзі:

— Пагаманю з кожным, дабра пажадаю і здароўя, – дзень і мінае…

 

Факты

З кнігі «Памяць» мы даведаліся, што ў сакавіку 1943 года фашысты спалілі ў вёсцы дваццаць сем душ. Вучоныя мяркуюць: у аснове назвы Ляхавічы ляжыць этнічнае найменне ляхі – «палякі». Згодна пісьмовых крыніц, у 1886 годзе тут налічвалася 276 жыхароў, а ўжо ў 1909-ым колькасць насельніцтва складала 745 чалавек. Такі прырост мог быць абумоўлены перасяленнем у Ляхавічы пухаўцоў, якія пацярпелі ад моцнага пажару, што адбыўся ў іхняй вёсцы.

 

 

Cвятлана ШАКАЛЯН

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!