Сімвал рэвалюцыі, элемент патрыятызму. Як з’явіўся помнік Леніну ў Жыткавічах
Асноўнымі сімваламі Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года былі: чырвоны колер (стужкі, сцягі, гваздзікі), які сімвалізаваў барацьбу і салідарнасць, «серп і молат» – знак адзінства рабочых і сялян, а таксама чырвоная зорка, «Інтэрнацыянал», лозунг «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!». Усё гэта яшчэ даволі добра памятаюць людзі старэйшага пакалення, але сёння яны ўжываюцца бадай толькі ў сферах навукі, адукацыі, культуры пры правядзенні мерапрыемстваў адпаведнай тэматыкі і для навучання.

Не так даўно помнікі правадыру савецкага пралетарыяту Леніну былі часткай так званай маштабнай «ленініяны». Яны былі распаўсюджаны ва ўсіх гарадах і пасёлках як падцвярджэнне палітычнай спрыяльнасці. А наша краіна займала трэцяе месца ў свеце па колькасці помнікаў Леніну пасля Расіі і Украіны. Агульная іх колькасць у Беларусі – каля чатырохсот.
Якое значэнне маюць помнікі Леніну ў наш час: сімвалічнае ці выхаваўчае? Пытанне складанае. Але спачатку хочацца спыніцца на гісторыі гэтага помніка ў нашым раённым цэнтры. Для гэтага звярнулася да чалавека, які ўсё ведае пра сімвал рэвалюцыі ў Жыткавічах – старшынi раённага савета ветэранаў Адама Купрацэвіча.
– Помнік Леніну ў Жыткавічах з’явіўся ў студзені 1924 года, –пачаў гаворку Адам Прохаравіч. – Ён быў першым у Гомельскай вобласці расійскаму рэвалюцыянеру і размешчаны ў нашым раённым цэнтры адразу пасля смерці Леніна па ініцыятыве першага начальніка пагранічнага атрада Аляксандра Кавалёва за чыгункай каля казармаў гэтага пагранатрада. Першы помнік знаходзіўся на драўляным пастаменце. Значыць, нетрывалым, нямоцным.Праз некалькі гадоў яго перанеслі і размясцілі каля чыгуначнага вакзала, дзе зараз знаходзіцца помнік воінам-інтэрнацыяналістам. Драўляны пастамент стаў разбурацца, таму усталявалі на бетоннай аснове. Падчас Вялікай Айчыннай вайны сімвал рэвалюцыі, як і многія іншыя матэрыяльныя сведкі гісторыі, будынкі, дамы, вёскі і гарады, быў разбураны. Трэцяя прапіска помніка Леніну адбылася ў 1965 годзе – на цэнтральнай плошчы каля сучаснага Жыткавіцкага райвыканкама. Апошняе, чацвёртае перамяшчэнне адбылося 19 красавіка 2010 года: помнік зараз знаходзіцца каля кінатэатра «Усход». Вось такая гісторыя рэвалюцыйнага сімвала ў нашым раённым цэнтры.
Адам Прохаравіч зазначыў, што пасля распаду СССР людзі сталі скептычна адносіцца і да самой Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года, і да асобы Леніна і помнікаў яму, і да святкавання гэтай даты. І вельмі добра, што зараз адбываецца пераацэнка каштоўнасцей, маладое пакаленне пачынае больш глыбока аналізаваць падзеі розных часоў і вызначаць, якія з іх сапраўды істотна паўплывалі на ход гісторыі.
У наш час помнікі Леніну маюць разнастайнае значэнне. Яны служаць напамінаннем аб гістарычных падзеях савецкай эпохі і ідэях, з’яўляюцца часткай характэрных рыс гарадоў, прывабліваюць турыстаў, даюць аснову для дыскусій і дыспутаў аб мінулым, аб нашай гісторыі. Нам усім трэба памятаць і ведаць, што любы помнік – гэта не толькі фізічная структура, але і сімвал, які дапамагае захаваць памяць і перадаць традыцыі і гісторыю будучым пакаленням. Помнікі здольны натхняць час, напамінаць аб нашай агульнай чалавечнасці і каштоўнасцях, якія нас аб’ядноўваюць як грамадства. У тым ліку ўсё гэта можна аднесці і да сціплага на першы погляд помніка Леніну, як выгравіравана на шыльдзе, «заснавальніку і кіраўніку Савецкай дзяржавы», які размешчаны ў цэнтры горада Жыткавічы і ўжо на працягу ста гадоў з’яўляецца важнай часткай нацыянальнай ідэнтычнасці, захавання беларускай гісторыі і культуры, умацавання нацыянальнай самасвядомасці і служыць важным элементам сучаснага патрыятызму.
Алена Жаўнерык
Фото Светланы ШЕКОЛЯН
