Каб толькі не было вайны
Карнікі смела шлі па вёсцы і кожнага, хто на шум стрэлаў выбягаў з хат, касілі аўтаматнымі чэргамі. Калі ўсё сціхла, маці апасліва вывела дзяцей з канопляў, дзе хаваліся ад фашысцкага нападу. Пяцігадовая дзяўчынка, пераступаючы праз мёртвыя целы суседзяў, моцна заплюшчвала вочкі, каб не бачыць тую жахлівую карціну. Толькі як бы ні старалася Юлія Панчэня з вёскі Пагост, забыць яе не ўдаецца да гэтай пары…
ЛЁС ХАТЫНІ
Вяскоўцы вырошчвалі хлеб і жывёлу, ставіў працоўныя рэкорды мясцовы калгас. У Нічыпара Гуда і яго жонкі Яўгеніі падрасталі тры дачкі і маленькі сынок. Перад самай вайной сям’я павялічылася яшчэ на адну дзяўчынку. Трохгадовая пляменніца засталася без бацькоў, яны памерлі ад туберкулёзу. Юля – перадапошняе дзіця – нарадзілася ў верасні 1936-га. Здавалася б, простаму чалавечаму шчасцю не будзе канца, наперадзе – новае жыццё. Толькі ўсе планы парушыла чорная хмара фашызму. Наколькі ўмеюць лютаваць нелюдзі, Пагост даведаўся ўжо ў жніўні 1941 года, калі ў адзін з дзён напрыканцы месяца ў вёску ўварваліся эсэсаўцы і паліцаі.
– Наша хата стаяла на дальнім ускрайку, – пераносіцца ў дзіцячыя ўспаміны Юлія Нічыпараўна, – маці, пачуўшы, што немцы збіраюцца паліць сяло, стала хуценька выймаць вокны, каб зберагчы дэфіцытнае шкло. А потым мы пабеглі хавацца ў каноплі. Здаецца, і зараз чую, як у роспачы крычаць на вуліцах людзі, а адна жанчына просіць «Дабівай мяне, гад!». Немцы былі апранутыя ва ўсё чорнае, з закасанымі рукавамі і аўтаматамі наперавес. Пасірацілі багата маіх сябровак…
Як палілі вёску, а Пагост стаў палесскай Хатынню, мая субяседніца не бачыла. У той жа дзень маці, прыхапіўшы нейкі хатні скарб, з Маняй, Надзяй, Хвядорай, Юляй і Колем падалася да Сцвігі. Шэсць душ (жанчына не памятае, дзе ў той час быў яе бацька, магчыма, у апалчэнні) перадолелі раку і рушылі да Хваенска. Спачатку жылі там у школе разам з такімі ж бежанцамі.
ХЛЕБ ПЯКЛІ
З ЖАЛУДОВАЙ МУКІ
– Аднойчы вечарам у будынак зайшлі партызаны, прасілі есці, – працягвае свой аповед Юлія Нічыпараўна. – Жанкі сабралі сёе-тое, карова там была. А раніцай мама абвясціла, што іх расстралялі. Мы пабеглі глядзець: маладзенькія такія ляжаць, у аднаго кудры ўюцца, а ў другога з роту малако цячэ. Дарослыя выкапалі яму і загрэблі пяць целаў.
Заставацца ў вёсцы было небяспечна, і сям’я перабралася ў лес. Курэнь, пабудаваны жаночымі і кволымі дзіцячымі рукамі надоўга стаў Гудам прытулкам. Нічыпар неўзабаве вярнуўся дадому, толькі пражыў нядоўга. Аднойчы яго моцна збіў паліцай, ад чаго галава сямейства за тыдзень і памёр. Цяжка ўявіць, як выжыла Яўгенія з малымі на сырой зямлі сярод соснаў ды бяроз.
– Капала такую ямку, клала агонь, – расказвае пра лясны быт Юлія Нічыпараўна. – Мы пад дзяружкамі начавалі, грэліся. Рабілі лапці з лыка. На пагосцкім пажарышчы шукалі капцы з бульбай, бочкі, у якіх людзі хавалі зерне, на жорнах малолі пшаніцу. Мама загорне ляпёшачку ў дубовае лісце і, як прагарыць, спячэ на вогнішчы такі хлебец. Падмешвалі ў яго і муку з жалудоў, той праснак быў чорны-чорны. А яшчэ збіралі ягады, грыбы, шчаўе расло кругом. Трава такая з шышачкамі была, на клевер падобная, яе таксама елі.
ПЕРШЫЯ «КАНХВЕТЫ»
У Пагост яны вярнуліся напрыканцы вайны. Яўгенію з чатырма дзяўчынкамі і сынам прытулілі сваякі ў адной з нямногіх ацалелых ад пажару хат. Па гістарычных звестках 22 жніўня 1941 года карнікі знішчылі 163 домы, забілі больш за паўсотні людзей. Зараз у цэнтры вёскі стаіць помнік ахвярам генацыду.
– Спалі на падлозе, ложкаў не хапала, салому сцялілі, – пенсіянерка прыгадвае, як пад адным дахам жылі тры сям’і ці больш за 20 чалавек. – Самыя малыя лезлі пад пол. Немцы прыходзілі і выганялі мацярок на працу, капаць акопы. І Маня, наша сірата, таксама шла з імі. Аднойчы адзін салдат аддаў загад на працу і, пабачыўшы, колькі кіндараў за печчу сядзіць, дастаў з кішэні цукерку – доўгую нібы свечка – і кінуў нам. Так першы раз паспрабавалі «канхветы».
А яшчэ малой Юльцы ўрэзалася ў памяць, як пасля вызвалення Беларусі па вуліцы хадзіў абарваны фашыст. Ці то з палону ўцёк, ні то ад сваіх адстаў. Гледзячы ў ягоныя галодныя вочы, маці не магла стрымацца ад нямой мальбы і выносіла яму свежазвараныя кукурузныя кіяхі, якімі ласаваліся дзеці.
УДОВЫ СТАНАВІЛІСЯ Ў ПЛУГ
Паціху наладжвалася ў Пагосце мірнае жыццё. Гудам далі маленькую хатку, гаспадары якой загінулі. Пачалі разжывацца, радаваліся, што прагналі з роднай зямлі ворагаў-захопнікаў. Палеткі замест коней аралі ацалелымі каровамі, а то і франтавыя ўдовы станавіліся ў плуг. Даражэй за хлеб была соль. Сапраўдная радасць аднойчы разнеслася па вёсцы: у капліцы згрузілі соль. На вялікую сям’ю насыпалі дзве меркі, для іх прыстасавалі чарушкі з-пад міны, недзе з літру аб’ёмам, меншым выдавалася адна. Кожную дробку гаспадыні стараліся ашчадна выкарыстоўваць.
Юля Нічыпараўна ўсяго два гады пахадзіла ў школу, і яшчэ адзін – у вячэрнюю. Не было за кім вучыцца. Сёстры жалі жыта ў калгасе, а яна збірала каласкі. Таўклі іх у ступе, грудачку цукру – і ў печ куццю прэць ставілі.
– Смачна было дужа, – усміхаецца жанчына дзіцячым няхітрым радасцям. – А на Новы год, адзначалі яго на Васілле, з 13 на 14 студзеня, пяклі сапраўдныя пампушкі. Да іх натаўчом канаплянай смятаны, намакаемся ад душы. Маці засцілала стол палатняным абрусам, пад які клала сена. І мы выцягвалі сухія травінкі: калі доўгая – лён уродзіць. Упрыгожвалі да свята вокны, выразалі ўзоры з газет, якіх было не дастаць.
Па словах Юліі Нічыпараўны, не менш за Новы год дзеці чакалі выбараў. У гэты дзень маці вярталася з галасавання з куплёнымі булачкамі. Святам было на стале і манпасье – круглыя «голыя» смактулькі. Іх звычайна давалі ў краме ў нагрузку да меха мукі.
За палачкі-працадні доўга шчыравалі калгаснікі. Юля з 15 гадоў стала рабіць на законных падставах. Сена касіла ўручную, на малацілцы дапамагала дарослым, лён апрацоўвала, кок-сагыз даглядала. А яшчэ на пагосцкіх землях вырошчвалі тытунь. Сеялі яго спачатку на рассаду, як капусту, а потым – радкамі ў полі. Як парасце, жанкі з мужчынамі зразалі высакаватыя расліны з шырокім лісцем. Падлеткі зносілі іх на вазы, конюх дастаўляў сыравіну да кароўнікаў, дзе яе развешвалі пад столлю для правяльвання на два тыдні. А потым зноў грузілі, і яздовыя адпраўляліся ў Тураў здаваць тытунь дзяржаве.
ЖЫЛІ ЦЯЖКА, АЛЕ ВЕСЕЛА
Першыя боцікі – гумавыя – берагла, здаецца, сто гадоў. Потым, як узбіліся на капейку, маці пашыла дачцэ хромавыя чобаты. Не горшыя за тыя, што спраўлялі сваім дзецям сем’і, дзе быў бацька.
– Вунь, бачыш, – ківае рукою пад трыльяж Нічыпараўна, – стаяць дзве пары дабрэнных сапагоў, а насіць няма куды. Ат, думаю, каб мне тады такія.
Як дзяўчына крыху падрасла, перайшла на ферму. Сямнаццаць гадоў даіла рукамі 15 кароў, пакуль не з’явіліся першыя апараты. На пенсію пайшла, як малакапровад аблегчыў жывёлаводчую справу.
– Хоць і цяжка жылі, затое весела, – субяседніца прызнаецца, што да сённяшняга дня не забыла колішнія песні. – Па буднях збіраліся на вячоркі ў адной хаце, каб керасіны багата не паліць. Пралі, ткалі, вязалі, вышывалі, гаманілі. А ў суботу вучыліся танцаваць. Падлеткаў у клуб яшчэ не пускалі, дык мы дамаўляліся, у каго вялікі пакой, той і пускае моладзь да сябе на вечар, каб паскакаць польку.
На адным з такіх сходаў паміж Юляй і аднавяскоўцам Іванам Панчэням прабегла іскрынка сімпатыі. Сябравалі яны чатыры гады, а як пабраліся шлюбам, неўзабаве маладога забралі ў армію. Новаспечаная жонка ўжо чакала першынца. Дарэчы, распісаліся сужэнцы толькі пасля дзембеля, калі рэгістравалі дзіця. А вяселле было, як трэба, напачатку сумеснага жыцця.
– Ён харошым чалавекам быў, – па твары жанчыны прабег цень смутку. – Гадоў 50 пражылі разам, а цяпер адна засталася. Працаваў да службы конюхам, а потым вывучыўся на вадзіцеля, кранаўшчыка і трактарыста, дарожнікам прарабіў. Два сыны ў нас, тры ўнукі і пяць праўнукаў.
Хата Юліі Нічыпараўны на вясковай вуліцы адразу кідаецца яркім колерам у вочы. Такая ж прыгажосць і парадак у пакоях. Вышытыя посцілкі і рушнікі, тканыя дарожкі на падлозе. У альбоме – фотакарткі сямейнікаў і знакамітага народнага фальклорнага ансамбля «Міжрэчча», што нават за мяжою гастраляваў, у якім шмат гадоў запявала гаспадыня.
– Вось зараз усяго хапае, і вады, і яды, – на развітанне кажа жанчына, – а людзі не ўмеюць жыць. Мама мая здумляла часта: «Каб, вам, дзеткі, вайны не было», і я цяпер за ёй сваім унукам гэта паўтараю.
Святлана ШАКАЛЯН
Фота аўтара і з сямейнага альбома гераіні публікацыі
