Выкарыстоўваць інфармацыю этычна і ўсвядомлена. Настаўнік сярэдняй школы №2 г. Турава Таццяна Зямлянік выступіла спікерам на Міжрэгіянальным педагагічным форуме

У Ленінградскай вобласці 4-7 снежня адбыўся IX Міжрэгіянальны педагагічны форум «Под крылом пеликана. Образование как искусство: творчество, мастерство, успех».
Гэта маштабная пляцоўка для прафесійнага дыялогу: амаль 500 педагогаў з 40 рэгіёнаў Расіі і Рэспублікі Беларусь дзяліліся інавацыйнымі ідэямі і праверанымі практыкамі.
У ліку спікераў форума выступілі пяць абсалютных пераможцаў конкурсу “Настаўнік года” Расіі і Беларусі. Праграма ўключала дзве панэльныя дыскусіі з удзелам прадстаўнікоў огранаў адукацыі, грамадскіх арганізацый і лепшых педагогаў Расіі і Беларусі. Таксама ў межах форума было праведзена дзевяць адкрытых урокаў, 27 майстар-класаў і восем трэнінгавых пляцовак.
Рэспубліку Беларусь прадставіла дэлегацыя з Гомельскай вобласці.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Сярэдняй школы №2 г. Тураў” Таццяна Зямлянік выступіла ў ролі спікера і правяла майстар-клас, у ходзе якога падзялілася вопытам работы па фарміраванні інфармацыйнай культуры вучняў. У ходзе сумеснай дзейнасці педагогі прыйшлі да высновы, што задача кожнага настаўніка вучыць школьнікаў выкарыстоўваць інфармацыю этычна і ўсвядомлена.
Выступ беларускага педагога выклікаў цікавасць з боку калег з розных рэгіёнаў Расіі і стаў каштоўным унёскам у абмеркаванне выклікаў лічбавай эпохі ў адукацыі. Удзельнікі майстар-класа высока ацанілі метадычную глыбіню прамовы і выказалі ўдзячнасць настаўніцы з Беларусі.
Таццяна Мікалаеўна падзялілася ўражаннямі: “Форум “Под крылом пеликана” – гэта пляцоўка для абмену вопытам, абмеркавання актуальных выклікаў і прафесійных зносін. Настаўнікі дзеляцца вопытам, паказваюць свае лепшыя практыкі, абмяркоўваюць набалелыя пытанні. Кожны павёз у сваю школу не толькі новыя веды, але і матывацыю, творчы настрой і ідэі для далейшага развіцця.
Таксама хочацца адзначыць работу арганізатараў форума. Для беларускай дэлегацыі была арганізавана экскурсія ў г. Санкт-Пецярбург, таксама наведалі знакаміты Гатчынскі палац і пабывалі ў дзвюх новых сучасных школах Ленінградскай вобласці. Дырэктар адной з іх з задавальненнем адзначыла, што будынак узведзены беларусамі. Таксама не магу не ўспомніць выступленне знакамітага акцёра Ягора Бероева, які адзначыў выключны патэнцыял кінамастацтва для фарміравання светапогляду падлеткаў і юнакоў”.
Удзел беларускіх педагогаў у форуме «Под крылом пеликана» стаў не толькі дэманстрацыяй прафесійна майстэрства, але і напамінам пра тое, што адукацыя – гэта прастора агульных каштоўнасцей і даверу. І менавіта такія сустрэчы нагадваюць: сапраўднае падагагічнае майстэрства не ведае межаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!