Мы – дзеці маці-Беларусі: гісторыя Зінаідзы Клімені з вёскі Перароў
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Зінаідзе Кліменя было толькі тры гады. Яна родам з вёскі Перароў, гадавалася ў мнагадзетнай сям’і разам з двума сёстрамі і братам.

Як вядома, Перароў быў знішчаны нацыстамі разам з іншымі вёскамі раёна падчас карнай аперацыі «Перамога». Жыхары былі ці забіты, ці вывезены ў Германію на прымусовыя работы. А некаторым пашанцавала больш, таму што ім удалося ўцячы ў лес, у тым ліку і сям’і Зінаіды Ігнацьеўны.
Жанчына добра памятае той дзень, калі па радыё аб’явілі аб прыходзе немцаў. Многія людзі сталі ўцякаць у лес, забіраючы з сабой ўсё, што можна, у тым ліку і хатнюю жывёлу. Бацькі жанчыны ўзялі з сабой карову, парасят і пайшлі ўслед за сваімі аднавяскоўцамі ратавацца ад смерці. У лесе людзі будавалі так званыя курані – неглыбокія вялікія ямкі ў зямлі, а зверху – шалашы, зробленыя з галля і бярвення. У такім курані разам было восем сем’яў. У тым ліку 12 дзяцей. Жанчына тут жыла з бабуляй і дзядулям. А яе бацькі, сёстры і брат былі ў іншым месцы.
Аднойчы зімой малыя выйшлі пагуляць у снежкі і заўважылі, што ідуць немцы. Хлопчыкі і дзяўчынкі хутка схаваліся і сталі назіраць за імі. Фашысты рухаліся з Лельчыцкага раёна па лясной лініі. Яны забіралі ў людзей хатнюю жывёлу, якая знаходзілася ў кашарах: кароў, авечак, свіней. Раптам адзін з немцаў закрычаў: «Kinder! Kinder!». Зінаіда Ігнацьеўна прызнаецца, што запомніла гэтае слова на ўсё жыццё. Самыя смелыя, пераважна старэйшыя, дзеці выйшлі да немца, і ён даў ім дзве скрынкі: у адной былі пернікі, у другой – цукеркі. Канечне, галодная дзятва хутка з’ела прысмакі. Фашысты не кранулі няшчасных хлопчыкаў і дзяўчынак, пашкадавалі.
Праз некаторы час бацька Зінаіды прыйшоў, каб забраць дачку да сябе. Калі ён вёў яе па лесе, ішлі немцы. Мужчына хутка палажыў дзяўчынку на снег, накрыў мяшком і лёг сам. Такім чынам яны выратаваліся ад немінучай пагібелі. Да канца вайны сям’я жыла ў лесе. Калі наступіла вызваленне, бацькі з дзецьмі вярнуліся ў родны Перароў і на месцы вёскі ўбачылі адны руіны. Людзі сталі будавацца нанова. Цяжка было, але самае галоўнае, што засталіся жывыя. Не ўсе, канечне, вярнуліся назад. У многіх сем’ях былі ахвяры вайны, якія ці загінулі ў баях або палоне, ці памерлі ад голаду і хвароб, ці прапалі без вестак.
Калі Зінаідзе Ігнацьеўне споўнілася восем гадоў, у іх сям’і нарадзіліся блізняты – два хлопчыкі. Мама толькі паспела на іх зірнуць і пайшла ў іншы свет. Дзяцей гадавала бабуля, адзін брацік памёр, не дажыўшы да году. Бацька ўвесь час быў на рабоце, каб пракарміць сваю вялікую сям’ю. Ён працаваў майстрам у лесасплаўнай арганізацыі. Старэйшыя сёстры дапамагалі па гаспадарцы. Некалькі разоў прыязджалі з Мазыра, каб забраць дзяцей у дзіцячы дом, але бабуля іх не аддала.
Жанчына ўспамінае, як пасля вайны, людзі пачыналі будавацца, абжывацца і думаць пра то, чым яны будуць харчавацца. Ішлі вясной аглядаць палі, каб пачынаць сяўбу. Некаторыя падрываліся на нямецкіх мінах. Нямала загінула вяскоўцаў. На дапамогу прыехала воінская часць. Салдаты не пакінулі вёскі, пакуль не абясшкодзілі апошнюю міну. Менавіта яны дапамаглі арганізаваць пахаванне маці. Адзін з гэтых салдат сустрэў у вёсцы сваё каханне: ён ажаніўся з маладой настаўніцай. Зінаіда Ігнацьеўна і зараз памятае імя – Іван Міхайлавіч Банкоўскі. Нават сустракала яго ў аўтобусе, калі ўжо мела сваю сям’ю.
Жыццё жанчыны ў далейшым склалася ўдала. Яна выйшла замуж за добрага і клапатлівага чалавека, разам яны выгадавалі траіх дачок. Дзесяць гадоў жылі ў Варкуце, потым прыехалі на радзіму, у 1971 годзе купілі дом у Жыткавічах. Зінаіда Ігнацьеўна працавала на хлебапякарні, пайшла на пенсію. Мужа яе ўжо няма ў жывых, ён памёр 12 гадоў таму назад.
Але і зараз перад вачыма стаяць двое маладых яўрэяў – хлопец і дзяўчына, якіх яе бабуля схавала ў стозе сена. Фашысты знайшлі іх і забілі прама ў двары на вачах у маленькай дзяўчынкі.
– Мне сніцца вайна, немцы, страляюць з аўтаматаў. Прачынаюся, сэрца калоціцца, цела трымціць, і толькі праз некалькі хвілін усведамляю, што гэта толькі страшны сон, – жанчына прызнаецца, што не можа без слёз глядзець ваенныя фільмы. – Як добра жыць пад мірным небам. Якое гэта шчасце! І я хачу, каб нашы дзеці і ўнукі не зведалі ўсяго таго, што чула, бачыла і перажыла я і мае равеснікі – дзеці вайны.
З гадамі ўсё больш усведамляеш, як нам дарагія ўсе тыя людзі, хто дакрануўся з тым далёкім мінулым. Сівыя, адзначаныя суровымі слядамі вайны і няўмольнага часу, яны збіраюцца разам каля абеліскаў з высечанымі імёнамі і прозвішчамі землякоў, сяброў, каб успомніць пра тыя гады.
Сёння недастаткова проста любіць мір, трэба ўмець яго абараняць і берагчы. Бо, гаворачы словамі вядомага беларускага паэта Ніла Гілевіча, «мы – тройчы дзеці ў вечным крузе: мы дзеці роднае сям’і, і дзеці маці-Беларусі, і дзеці матухны-Зямлі».
Алена Жаўнерык
Фота з сямейнага архіва гераіні
