Браты па зброі: ураджэнец Казахстана Жапаш Кожухаў вызваляў Азяраны

Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне здабывалі прадстаўнікі многіх народаў вялікага Савецкага Саюза. Краязнаўца, настаўніца Азяранскай школы Алена Хвасцянок у выніку пошукавай працы знайшла родных радавога Кожухава, пахаванага ў Брацкай магіле, што ў цэнтры аграгарадка. Спяць тут вечным сном і сыны іншых рэспублік СССР.

На нашай беларускай зямлі няма такога куточка, дзе б не прайшлася сваёй страшнай віхурай вайна… Яна пакінула пасля сябе папялішчы, руіны, гора і слёзы. Але нашы продкі выстаялі, адбудавалі вёскі, гарады, упрыгожылі родную зямлю садамі і цудоўнымі будынкамі. А ў гонар пераможцаў узведзены велічныя манументы, каля помнікаў гарыць Вечны агонь, не зарастаюць сцежкі да Невядомага салдата.
У Брацкіх магілах знайшлі свой спачын тыя, хто мужна змагаўся з фашыстамі за нашу зямлю, аддаў сваё жыццё дзеля Вялікай Перамогі.

Стаіць салдат, схіліўшы ў смутку сваю галаву, над Брацкай магілай і ў аграгарадку Азяраны. Каля трохсот чалавек пахаваны тут. Ляжаць разам беларусы, рускія, украінцы, армяне, грузіны, таджыкі… Усе яны браты па зброі, па крыві, якую пралілі ў баях за невялічкія палескія вёскі Азяраны, Бечы, Буда.

Сярод загінуўшых ёсць ураджэнец далёкага Казахстана Жапаш Кожухаў.
Нарадзіўся ён у 1909 годзе ў Паўладарскай вобласці. У ліпені 1941-га быў прызваны ў Чырвоную Армію. Ваяваў у складзе 78-га гвардзейскага мінамётнага палка, на ўзбраенні якога былі легендарныя «Кацюшы». У адным з баёў Жапаш атрымаў раненне.
Пасля выпіскі са шпіталю яго залічылі ў склад сапёрнага ўзвода 117 стралковага палка 23 стралковай дывізіі. 16 сакавіка 1944 года полк заняў пазіцыі каля вёскі Буда. З 20.30 адной ротай вялі бой за два кіламетры на поўнач ад вёскі Бечы. Раніцай 17 сакавіка чырвонаармейцы акружылі гарнізон фашыстаў, які размяшчаўся ў гэтым населеным пункце. Завалодаўшы Бечамі, адбівалі варожыя атакі.

Перад пачаткам наступлення пад агнём непрыяцеля сапёр Жапаш Кожухаў абясшкодзіў 49 супрацьпяхотных і 12 супрацьтанкавых мін, чым забяспечыў паспяховае наступленне палка. За праяўленую мужнасць салдат быў узнагароджаны медалём «За адвагу».
Баі ішлі вельмі жорсткія, вораг падцягнуў сілы і нашы часці вымушаны былі пакінуць Бечы. 20 сакавіка рыхтаваліся да наступлення, да 21.00 авалодалі вёскамі Бечы і Буда. 21 сакавіка быў вызвалены Хваенск. На наступны дзень чырвонаармейцы 117 і 89 стралковых палкоў вялі бітву на ўскрайку Азяран, але поспеху не мелі: вораг адкрыў моцны агонь, палі былі замініраваны. Яшчэ тыдзень нашы часці спрабавалі вызваліць вёску. З 1 красавіка перайшлі да абароны. Падраздзяленні замацоўвалі свае пазіцыі, сапёры мініравалі пярэдні край.

У баі 4 красавіка загінуў Жапаш Кожухаў. 22 чэрвеня 2019 года адбылося перапахаванне астанкаў двух воінаў, знойдзеных каля Азяран. Так на пліце нашай Брацкай магілы з’явілася яшчэ адно імя – мужнага салдата з далёкага Казахстана.

Азяранская СШ падтрымлівае сувязь з пляменніцай Жапаша, Розай Кожухавай, якая з вялікай павагай ставіцца да беларускага народа. Яна ўдзячна за тое, што памяць пра загінуўшых жыве.
А як інакш? Не забываць пра мінулае, быць удзячнымі за мірнае жыццё – наш абавязак.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!