Майстар. Тата. Гаспадар: гісторыя Сяргея Барбарыча – ад выратавання жыцця да сямейнага шчасця
З нагоды 95-годдзя «Новага Палесся» пагартаем старонкі выдання, каб даведацца, як жывуць героі нашых публікацый.

Адкрые цыкл гісторыя пра пажарнага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргея Барбарыча. З гэтым адважным чалавекам раёнка пазнаёміла чытачоў у нумары за 9 снежня 2015 года.

Тады наш журналіст даведаўся, як мужчына, рызыкуючы ўласным жыццём, вынес з палаючага дома жыхара вёскі Беразіна. Прывесці ў прытомнасць гаспадара селішча выратавальніку дапамагла першая адукацыя. Выпускнік СШ №1 райцэнтра па жаданні бацькоў скончыў Мазырскае медыцынскае вучылішча і тры гады пасля арміі адпрацаваў у паліклініцы фельчарам-лабарантам. Гэтага часу яму хапіла, каб зразумець, што трэба шукаць такую прафесію, ад якой атрымліваў бы сапраўднае задавальненне. І падобная справа хутка знайшлася. Жончын брат параіў Сяргею ісці на службу ў РАНС, дзе сам працаваў. На момант публікацыі наш герой правёў у шэрагах выратавальнікаў пяць гадоў.
– Ні тады, ні зараз гэты ўчынак не здаваўся нейкім подзвігам, проста работа такая, –субяседнік успомніў, што пасля той змены раніцай віншаваў маму з днём нараджэння. – Хаця, хаваць не буду, водгукаў пасля заметкі атрымаў шмат. Нават наш класны кіраўнік Алена Андрэеўна на сустрэчы выпускнікоў з гонарам пракаменціравала мае дасягненні, пра якія даведалася з газеты.

Той нумар раёнкі беражліва захоўваецца ў асабістым архіве Барбарычаў. За дзесяць мінулых гадоў у сям’і адбылося шмат станоўчых змен. Сяргей Анатольевіч, спраўдзіўшы сваю гаспадарскую мару, пабудаваў прасторны дом, прычым шмат чаго рабіў уласнымі рукамі. Хутка пасля наваселля ў ім затупаў ножкамі доўгачаканы сын. А потым у іх з Вікторыяй, якая зараз працуе ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці, нарадзілася яшчэ адна дачушка. Старэйшай Паліне ўжо 12 гадоў, Івану хутка споўніцца дзевяць, а Кацярынка сёлета пойдзе ў школу. Дзеці не аднойчы з аднакласнікамі былі на экскурсіі ў пажарнай аварыйна-выратавальнай часці. Яны ганарацца сваім татам, а той лічыць іх найгалоўнейшай каштоўнасцю ў жыцці.
Нядрэнна складваюцца ў Сяргея Барбарыча справы і на працы. Званне старшага сяржанта ён змяніў на пагоны прапаршчыка. Радавы пажарны даслужыўся да майстра-выратавальніка.
– Як хутка ляціць час, – на развітанне прыкмеціў мужчына. – Азіраючыся назад, магу сказаць, што ўсё склалася так, як планаваў. Каб і з’явілася раптам фантастычная магчымасць пражыць гэты адрэзак часу наноў, нічога мяняць бы не стаў.

Святлана ШАКАЛЯН
Фота аўтара і з архіва «НП»
