Слаўная браня і людзі. Як сёння жыве вёска Браніслаў
Зіма шчодра прыбрала вуліцы Браніслава белай пушыстай коўдраю. Зіхацяць-іскрацца на сонцы мірыядамі дыяментаў сняжынкі, невялікі мароз прыемна шчыпле за шчокі. А мы з інспектарам Людзяневіцкага сельскага Савета Марыяй Кулакевіч адпраўляемся па хатах, каб даведацца, чым жыве вёска з больш чым трохсотгадовай гісторыяй.

Дзе нарадзілася, там і шчасце знайшла

Першай на маршруце стала мясцовая дзевяцігодка, у двары якой на пастаментце ўзвышаецца зацярушаная снегам фігурка будучага правадыра рэвалюцыі. Валодзя Ульянаў у гімназічнай форме абапіраецца на стос кніг, сімвалізуючы светач ведаў. Школа справіла наваселле ў 1978-ым годзе. Наталля Хаміцэвіч не паспела тут павучыцца, яе выпуск стаў апошнім, каму атэстат аб базавай адукацыі ўручалі ў старым будынку. Затое працаваць у гэтых сценах ёй выпала ўсё жыццё.

– Браніслаў майго маленства ўспамінаецца шматлікасцю дзіцей, вулічнымі гульнямі і бабулямі, што збіраліся на лаўках пад хатамі, – з настальгіяй пераносіцца ў мінулае настаўніца хіміі і біялогіі. – У нас было два паралельныя класы. Тэхнічка раздавала чай з хлебам, абедаў тады, як зараз, не гатавалі. Зімою на Случы ўтвараўся каток, дзе мы прападалі дацямна. Хлопцы з самаробнымі клюшкамі рэзаліся ў хакей. Канькі мала ў каго былі. Коўзаліся ў валёнках ці бурках. Наш сасед каваль Фёдар Іванавіч Кананучанка шыў іх для ўсяго Браніслава.
Ад Наталлі Мікалаеўны даведаліся, што вёска падзяляецца на своеасаблівыя мікрараёны. На вуліцу Маладзёжную кажуць Капліца, тут колісь стаяла царква. За Першамайскай замацавалася назва Браніслаў, Лясную клічуць Мар’янаўкаю ці Хутарам. І гэта не выпадковыя тапонімы. Як распавядаюць хронікі школьнага краязнаўчага музея, тутэйшы памешчык некалі так падзяліў паміж дзецьмі спадчынныя землі. Сыну Браніславу дасталася вёска, а дачцэ Мар’яне бацька адпісаў хутарок.
Чацвёртую вуліцу населенага пункта – Зарэчную – месцічы завуць Свірнішчам. Згодна з другім паданнем, аднойчы хлопчык Бронюсь з суседняга паселішча, пасвячы кароў, трапіў на паляну з пабудовамі, у тым ліку вялікім свірнам (памяшканне для захоўвання збожжа), якія належалі памешчыку з Белага. Пазней туды перасялілася некалькі сялян-браніслаўцаў, а мясціна далучылася да вёскі.
Пусціў трывалыя карані

Сваё меркаванне, адкуль карані населенага пункта, мае Леанід Цупік. Яго сям’я пераехала з Лагвоўшчаў, калі будучы настаўнік фізкультуры пайшоў у чацвёрты клас. Дзевяць гадоў ён быў завучам і 11 – узначальваў школу:
– Падчас Паўночнай вайны 1700 года ў нашых мясцінах салдаты рускай арміі святкавалі перамогу ў баі са шведамі. Падымаючы кубкі, яны крычалі: «Брані слава! Слава брані!». Так і замацавалася назва паселішча – Браніслаў.
Версію сваю Леанід Міхайлавіч падмацоўвае цікавым фактам: у 1950-ых гадах недалёка быў раскапаны старажытны курган, пад якім аказалася магіла знатнага шведскага воіна. Крыж з яе перанеслі на вільчанскія могілкі.
Па словах педагога, большасць продкаў – збяднелая шляхта. Людзей тут вызначала інтэлігентнасць і прага да адукацыі. Сёння, канечне, народ перамяшаўся, але «голубая кровь» адчуваецца і зараз. У параўнанні з сярэдзінай мінулага стагоддзя, на якое прыйшлася найлепшая дэмаграфія, вуліцы вёскі прыкметна апусцелі, тут зараз зарэгістравана 128 чалавек.
Леанід Цупік таксама мяняў прапіску. Ратуючы сына і дачку ад радыяцыі, ён з жонкаю, дарэчы, таксама настаўніцай, і яшчэ дзвюма тутэйшымі маладымі сем’ямі пераехаў ў Цвярскую вобласць. І праца там была, і паважалі іх, але не прыжыліся нашыя беларусы, радзіма цягнула. Праз тры гады Цупікі вярнуліся дадому апошнімі з перасяленцаў.
Брыгадзірская біяграфія

Дарожка ад каліткі да ганку вычышчана да апошняй сняжынкі – бетонная плітка відаць. Гэта вынік стараннасці 86-гадовай Валянціны Дудзіч. Незважаючы на шаноўны ўзрост і ўдары лёсу (год, як пахавала сына, і 10 таму стала ўдавою) рухавая жанчына спраўляецца з хатнімі клопатамі без старонняй дапамогі.
– Мне ніхто не угодзіць, – самакрытычна прызнаецца Цімафееўна, у цёплай хаце якой на сцяне заўважаем каляндар з «Новага Палесся», значыць, наш чалавек. – Маю тонкі густ. Маўчаць буду, але больш не пазаву. Самой лепш зрабіць, чым перарабляць за кім.
У Браніслаў жыхарка Перарова пайшла замуж. Электрык Васіль выглядзеў дзяўчыну, калі наладжваў у вёсцы свет. Валянціна да гэтага часу паспела ў Калінінградзе вывучыцца за токара і добра зарэкамендаваць сябе на заводзе. Толькі хворым бацькам неўзабаве патрабавалася дапамога, прыйшлося вярнуцца.
– У саўгасе «Людзяневічы» пачынала кладаўшчыцаю, а потым да самай пенсіі і яшчэ 17 гадоў пасля рабіла брыгадзірам, – жыццё не песціла субяседніцу. – Ферма лічылася паказальнай, семінары тут праводзілі раённыя. Дома гаспадарка была, бульбы адной па гектару абраблялі.
Валянціна Цімафееўна зімою бавіць час з кнігамі.
Хто на вёсцы гаспадар

Міма сядзібы Ніны і Алега Катвіцкіх нельга прайсці, не заўважыўшы яе ландшафтнай даглежданасці. Упрыгожваюць участак хвойнікі, летам радуюць вока ружы. Як потым даведаліся, гэтыя расліны гаспадыня разводзіць сама. Ветэран педагагічнай працы Ніна Лявонцьеўна не хавае, як цяжка было будавацца ў ліхія 90-ыя з татальным дэфіцытам на ўсё. Крэдыт маладая сям’я брала на 299 мільёнаў рублёў, што па тым курсе адпавядала дзевяці тысячам долараў. А пакуль пазыку атрымалі, інфляцыя зменшыла яе ў 15 разоў. Хапіла толькі на матэрыялы, на будоўлю зарабілі. Паставілі парнік і поле клубнікі пасадзілі. Так і справілі наваселле.
А звычка і задавальненне працаваць на зямлі засталіся. Катвіцкія гадоў пятнаццаць таму залажылі плантацыю буякоў (голубики). Агратэхналогіі вучыліся ў фермера з Дзедаўкі. Сёння сужэнцы маюць 600 кустоў ягад, частку якіх чаранкавалі самастойна.
– Спыніліся на трох гатунках, – працягвае Ніна Лявонцьеўна. – Год на год не прыходзіцца, але ж у цэлым бізнес выгадны. Як правіла, ягады аптавікі забіраюць прама з дому.
Даярка і пастух

Трое дзяцей, пяць унукаў і адзінаццаць праўнукаў – галоўнае багацце браніслаўскіх старажылаў Рыгора і Майі Піскун. Іхняму шлюбу – 65 гадоў. Вяселля не гулялі, ціха распісаліся, калі нарадзілася ўжо другое дзіця.
– Любоў? – з гумарам адгукаецца Рыгор Рыгоравіч. – Канечна, была. Інакш знайшоў бы сабе ў Маскве, дзе тры гады служыў, сталічную жонку. А так ляцеў дадому, да сям’і.
– Не казалі тады, дочанька, пра такое, – дадае жанчына, апошнія пяць гадоў праз страту зроку вымушаная існаваць у вечнай цемры. – Жылі да і жылі. Пасварымся іншы раз, а трэба ж ўпраўляцца, работу рабіць, дзяцей гадаваць, – і забудзем, што адзін другому зычылі…
Абодва нарадзіліся ў Дзедаўцы. Майя Трафімаўна даіла кароў. Паўтара дзесятка галоў, рукамі, тройчы за дзень. Ён пасвіў жывёлу. Хату купілі ў Браніславе, разжывацца пачалі. Гаспадыня пайшла ў брыгаду, гэта значыць, куды пашлюць: гной выкідаць, буракі палоць, цялят заганяць. А сужэнец сеў за руль саўгаснай машыны. Пра тое, што спраўна круціў баранку, сведчаць працоўныя ўзнагароды на яго парадным піджаку.
Неяк Рыгоравіча, які ляжаў у бальніцы, прыйшлі праведаць родныя. «Вунь мой табар ідзе», – пабачыўшы, як дзеці з унукамі занялі ўсю дарогу, сказаў суседу па палаце. На што той здзіўлена прамовіў: «Ты што на цыганцы жаніўся?».
Як сібірачка на Палессе трапіла

Таццяна Штэйн ніколі не марыла пра вясковае жыццё, хаця бацькоўская дача ў дзяцінстве ёй падабалася. Напэўна, прага да зямляробства проста чакала свайго часу. Жанчына вырасла ў Омску, а з мужам Сяргеем Саенкам пазнаёмілася ў Маскве, дзе абодва працавалі. Вільчанец – на будоўлі, яна – ў сферы эканомікі. Праз час бацькі дваіх дзяцей прынялі рашэнне пераехаць у вёску. Купілі ў Браніславе невялікі домік. Дзіяна і Матвей пайшлі ў школу. Таццяна паціху ператварыла падворак ў эксперыментальную аграпляцоўку. Пачала вырошчваць гародніну, ягадныя культуры, разбіла сад і кветнік, у якім пераважаюць шматгадовікі – ліліі, гібіскусы, гартензіі, півоні. У хаце на паліцах с падсветкаю дружна зелянее расада эустомы.
– Вёска нібы запавольвае жыццё, робіць яго больш асэнсаваным, – Таццяна Вітальеўна кажа, што па горадзе не сумуе. – Тут такая прырода! Муж у перапынках паміж работаю з сынам ходзяць на рыбалку, мы любім лес. Зямля падпітвае энергіяй, дае сілы.
А яшчэ, як высветлілася, абуджае творчыя здольнасці. Жанчына захапілася скульптурным жывапісам. З дэкаратыўнай штукатуркі робіць карціны. Аб’ёмныя букеты на іх выглядаюць нібы жывыя. Шмат дызайнерскіх задумак у яе і на афармленне новага дома, што рукамі Сяргей Аляксеевіча зараз даводзіцца да ладу.

Святлана ШАКАЛЯН
Фота аўтара
