На Жыткаўшчыне берагуць успаміны пра настаўніка-героя Дзмітрыя Ефіменка

У нашай школе ёсць традыцыя: на свята першага званка і пасля заканчэння навучальнага года выпускнікі ідуць на могілкі былых настаўнікаў, каб пакласці кветкі і ўспомніць кожнага. Спыняюцца, безумоўна, і каля магілы Дзмітрыя Ефіменкі.

0904.PNGДзмітрый Трафімавіч Ефіменка ў пераможным 1945 годзе. Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц

Дзмітрый Трафімавіч нарадзіўся ў 1921 годзе ў вёсцы Новая Грэбля Брагінскага раёна. 1 ліпеня 1941 года быў залічаны ў Арлоўскае ваенна-пяхотнае вучылішча, якое знаходзілася ў лагерах пад Арлом. Але вораг падступаў да горада, таму курсантаў эвакуіравалі ў Туркменістан. Праграму, разлічаную на два гады, будучыя лейтэнанты прайшлі за пяць месяцаў. З іх сфарміравалі 36-ю асобную стралковую брыгаду, якая ўжо ў лістападзе 1941 года была накіравана на фронт.

Малады лейтэнант Дзмітрый Трафімавіч камандаваў кулямётнымі падраз­дзяленнямі – узводам і ротай. За мужнасць і гераізм узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені. У баях за населеныя пункты Котава і Чыслава вёў роту ў атаку. Уварваўшыся ў варожую траншэю, рота пад яго камандаваннем знішчыла каля 80 гітлераўцаў.

09042.PNG

Дзмітрый Ефіменка двойчы атрымаў раненне, апошняе было надзвычай цяжкім. Ад смерці яго выратаваў салдат, які ў апошняе імгненне перад выбухам адштурхнуў свайго камандзіра, а сам загінуў.

У шпіталі Дзмітрый Трафімавіч сустрэў сваю будучую жонку. Рана доўга не загойвалася, стан пагаршаўся. Выжыць дапамаглі моцны характар, вытрымка і маладзенькая санітарка Зоя. Пасля шпіталя лейтэнант Ефіменка вярнуўся ў строй, а Зоя стала для яго галоўнай падтрымкай. Разам яны пабудавалі дом і выхавалі пяцёра дзяцей.

Пасля вайны Дзмітрый Трафімавіч скончыў Яраслаўскі педагагічны інстытут і вярнуўся разам з сям’ёй у родную Беларусь, працаваў дырэктарам школы ў Брагінскім раёне. Потым пераехаў ў вёску Азяраны Жыткавіцкага раёна, дзе таксама кіраваў школай, вучыў дзяцей гісторыі.

09043.PNG

Марыя Балбуцкая, якая тады была маладой настаўніцай пачатковых класаў, успамінае:

– Дзмітрый Трафімавіч быў строгім дырэктарам, патрабавальным, але не памятаю выпадку, каб ён пакрыўдзіў кагосьці грубасцю ці павысіў голас. Нават заўвагі рабіў з усмешкай на вуснах, добразычліва. Не шкадаваў слоў для пахвалы сваім калегам. Працаваць з ім было вялікім задавальненнем. Гэта быў сапраўдны настаўнік, кіраўнік школы, прыклад для маладых.

Вучні Дзмітрыя Трафімавіча ўспамінаюць яго з вялікай удзячнасцю і цеплынёй. Сярод жахаў вайны ён здолеў захаваць у сэрцы любоў да жыцця, каб потым, у мірнай Беларусі, аддаць яе сваім вучням. У нас жыве памяць пра мужнага франтавіка, мудрага настаўніка, сапраўднага чалавека.

 

 

Паліна ПЯШЭВІЧ, вучаніца 9-га класа Азяранскай сярэдняй школы

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!