Наперад у мінулае. Жыткаўчанка Алена Мікалаенка і праз 27 гадоў жыве ў згодзе з сабою і людзьмі
У пошуках героя нашай рубрыкі, у якой цікавімся, як склаўся лёс тых, пра каго пісала раёнка, зазірнулі ў падшыўку “Новага Палесся” за далёкі 1999 год. На другой старонцы нумара за 17 красавіка погляд прыцягнула фота настаўніцы Жыткавіцкай СШ №2 Алены Мікалаенка.

Тады яна восем гадоў выкладала гісторыю. І за гэты непрацяглы час паспела заслужыць вучнёўскую любоў і павагу. «Удумлівы педагог, які пастаянна павышае свае веды, імкнецца ісці ў нагу з часам, таму і ўрокі ў яе вельмі цікавыя і насычаныя», – такое меркаванне ў артыкуле выказаў пра яе дырэктар школы, дадаўшы, што, акрамя заняткаў, Алена Вячаславаўна шмат часу аддае пазакласным мерапрыемствам.
– Канечне, памятаю тую заметку, – прыгадвае сустрэчу з журналістам субяседніца. – Выразка з газеты дагэтуль ляжыць недзе ў маміным альбоме. Тады было столькі добрых водгукаў, прыемна…
Жанчына вырасла ў расійскім горадзе Іванава. Скончыла мясцовы ўніверсітэт і выйшла замуж за вайскоўца Васілія Мікалаенку з Жыткавічаў. Неўзабаве па стану здароўя афіцэр вымушаны быў развітацца са службай. І маладая сям’я, у якой падрастала дачушка Алеся, прыняла рашэнне пераехаць у Беларусь. Тут нарадзіўся сын Вячаслаў, а на момант публікацыі жанчына насіла пад сэрцам малодшую дзяўчынку, Аню. У размове яна прызналася, што без шкадаванняў змяніла вялікі горад на прыгожую правінцыю, якая стала другой не менш любімай радзімай.

Праз некалькі год пасля дэкрэтнага водпуску ў Алены Вячаславаўны пачалося другое жыццё. Разві-таўшыся з настаўніцтвам, яна стала прадпрымальнікам. Магчыма, пачалося прафессійнае выгаранне, а хутчэй, хацелася дапамагчы дзецям трывала стаць на ногі. І калі малодшая дачка паступіла вучыцца, а сямейны бізнес мог рухацца без яе непасрэднага ўдзелу, жанчына з задавальненнем вярнулася да педагагічнай справы. Праўда, ужо ў СШ №3, дзе гісторыю выкладае сёмы год пасля перапынку. І гэтак жа як раней, атрымлівае асалоду ад зносін з дзецьмі, магчымасці сваёй працай уплываць на будучыню краіны.
– Люблю школу за непрадказальнасць і тое, што як настаўнік тут атрымліваеш больш чым аддаеш, – разважае суразмоўца. – Не згодна, калі кажуць, што педагог – няўдзячная прафесія. Наадварот, кожны чалавек праз усё жыццё праносіць памяць пра свайго лепшага настаўніка. Тым, хто абраў у жыцці дарогу навучання і выхавання моладзі, трэба імкнуцца да гэтага.
Жыткаўчанка прызналася, што задаволена і асабістым жыццём. Яна ўдзячна мужу Васілію Мікалаевічу за падтрымку і разуменне, жартуючы, што рэдкі мужчына вытрымае жонку-настаўніцу, якая і дома не забывае працу і праблемы чужых дзяцей, а выхадныя часта праводзіць таксама з вучнямі.

– Мы аб’ехалі амаль усю Беларусь, – педагог лічыць, што такія ўрокі гісторыі на практыцы дазваляюць абудзіць любоў да Радзімы і пачуццё гордасці за яе славутасці. – Вяртаючыся з падарожжа, дзеці нярэдка здзіўляюцца, якая прыгожая наша краіна, колькі тут цікавых месцаў.
Наогул, Алена Мікалаенка шмат сіл аддае патрыятычнаму выхаванню. Пад яе кіраўніцтвам вядзецца краязнаўчая работа ў школьным музеі, прысвечаным ваенным разведчыкам. Пасля прысваенне СШ №3 імя легендарнага камандзіра Івана Банава патрабавалася шмат часу для збору матэрыялаў для экспазіцыі. Гэтая сумесная праца аб’яднала калег і адміністрацыю навучальнай установы.
Сям’я Алены Вячаславаўны мае працяг у пяцярых унуках.
– Гэта асаблівае шчасце, –упэўнена субяседніца. – Дзяцей мы не толькі любім, а і нясём за іх адказнасць, а ўнукі дадзены для асалоды.
Развітваючыся, субяседніца падкрэсліла, што нічога мяняць ва ўласнай біяграфіі не хацела б. А сабе на тым здымку 27-гадовай даўнасці пажадала бы смела ісці наперад, жыць у гармоніі з Богам, людзьмі і прыродай.
Святлана ШАКАЛЯН
Фота аўтара і з архіва “НП»
