Наперад у мінулае. Жыткаўчанін Віталь Трафімаў і праз 15 гадоў ад дабра дабра не шукае

На гэты раз героя рубрыкі, дзе мы расказваем, як жывуць тыя, пра каго «Новае Палессе» пісала раней, знайшлі ў выпуску газеты за 4 снежня 2010 года.

 

У заметцы «С любовью к делу» наш каррэспандэнт пазнаёміў чытачоў з юрысконсультам ААТ “Белаграпрамбанк” Віталем Трафімавым, які “с большой ответственностью и профессионализмом относится к трудовым обязанностям… Главный его ориентир – всегда соблюдать букву закона”. Партрэт мужчыны ўпрыгожыў першую старонку выдання.

На той час жыткаўчанін ужо меў першую кваліфікацыйную катэгорыю, а сёння дасягнуў  прафесійнай вяршыні. Віталь Аляксандравіч – галоўны юрысконсульт юрыдычнага аддзела па Гомельскай вобласці ўпраўлення каардынацыі прававога суправаджэння юрыдычнага дэпартамента банка. У яго абавязкі ўваходзіць прававое абслугоўванне двух структурных падраздзяленняў банка – ЦБУ ў Жытвавічах і Петрыкаве.

– А марыў між іншым быць настаўнікам, – з ходу здзіўляе субяседнік. – Можа і добра, што тады не дабраў балаў на гістарычны факультэт. Тут, на гэтай пасадзе, дабіўся ўсяго, чаго хацеў.

Нярэдка можна пачуць, што юрыспрудэнцыя зараз лічыцца пераважна жаночай спецыяльнасцю. І лёс нашага героя ў некаторай ступені гэта пацвярджае – у яго студэнцкай групе пераважалі дзяўчаты, а сярод банкаўскіх калег па вобласці ўсяго трое мужчын. Але ж, зразумела, што справа тут не ў гендарных стэрэатыпах. Юрыстаў на рынку працы шмат, а таленавітым заўжды знойдзецца месца.

У жніўні Віталь Трафімаў адзначыць 23-юю гадавіну прафесійнага стажу, прычым заробленага на адным месцы. Пра такіх кажуць: застаюцца на ўсё жыццё  вернымі абранай справе і калектыву. Дарэчы, мужчына просіць адзначыць, што ў яго карьеры немалую ролю адыгралі калегі, у прыватнасці сярод іншых добрым словам успамінае былога ўпраўляючага аддзялення ААТ «Белаграпрамбанк» у г. Жыткавічы Анатолія Занкевіча, які многаму навучыў.

– Я патрыёт сваіх Жыткавічаў, – юрысконсульт прызнаецца, што ніколі не хацеў з’ехаць у вялікі горад. – Ад дабра дабра не шукаюць. Тут мне камфортна, усё сваё – сям’я, праца, сябры.

Дарэчы, пасля той публікацыі многія па-добраму жартавалі, вітаючыся пры сустрэчы: «Віталік, паўгода цяпер правую руку мыць не буду, ты такая знакамітасць». Цікава, ва ўласным архіве Трафімава той нумар раёнкі 15-гадовай даўнасці не захаваўся, затое ёсць папярэдняя заметка пра яго, датаваная 2008-ым.

Мы даведаліся, што хутка пасля таго, як выйшаў з друку той снежанскі нумар «Новага Палесся», у мужчыны адбыліся асабістыя перамены. Ён пабраўся шлюбам. Зараз сужэнцы выхоўваюць дачку-падлетка, якая радуе іх добрай вучобай. Асобае месца ў жыцці гэтага чалавека займае футбол, ён актыўны ўдзельнік ветэранскай зборнай горада па гэтаму спорту, член раённай зборнай ў чэмпіянаце Гомельскай вобласці па футболу сярод каманд другой лігі. У вольны час Віталь Трафімаў любіць паганяць шайбу на лёдзе.

– Будзь добрасумленным! Усё складзецца як трэба, – пачулі на развітанне, пацікавіўшыся па традыціі, што пажадаў бы наш герой сабе на тым здымку ў раёнцы.

 

Святлана ШАКАЛЯН

Фота аўтара і з архіва “НП”

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!