Сэрца балела за кожнага: гісторыя пяці ветэранаў, якія аддалі бальніцы ў Леніне і жыхароў вёсак па трыццаць і больш гадоў свайго жыцця

Сучасная медыцына – гэта камп’ютары і хуткія аўтамабілі. Але яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму праца сельскага медыка была сапраўднай барацьбой за выжыванне: печы ў палатах, прыбіральні на вуліцы і начныя выклікі праз лес.

Ніна Нэсіна: цяпер працаваць лягчэй

 

Гэта гісторыя пяці ветэранаў мясцовай медыцыны, якія аддалі бальніцы ў Леніне і жыхароў вёсак па трыццаць і больш гадоў свайго жыцця.

Ніна Нэсіна, старэйшая медсястра: «Ад грубак да замежнай дапамогі»

Ніна Антонаўна прыехала працаваць у 1965 годзе. Тады бальніца была старой, драўлянай, усяго на 25 ложкаў, з радзільным аддзяленнем на тры месцы. Абагравалі грубкамі, дровы насілі санітаркі, а прыбіральня была на вуліцы. Да хворых дабіраліся спачатку на кані, потым на старэнькім УАЗіку па страшным бяздарожжы. У 1990-я гады да нас прыехала нямецкая дэлегацыя. Галоўны ўрач Сяргей Кажэўнікаў, які добра ведаў англійскую, дамовіўся аб дапамозе. Раён пабудаваў будынак, а немцы прывезлі ўсё астатняе: мэблю, сучасную кухню і рэгуляванае электрычнае ацяпленне. «Цяпер лягчэй, але тады ўся адказнасць была на табе. Працавалі з душой і людзей ратавалі!» – успамінае яна.

 

Таццяна Чопчыц, фельчар: «Ты нарадзіўся ў кашулі!»

Таццяна Паўлаўна з усмешкай узгадвае 1965 год. Адзін раз у Грычынавічах выклік прынялі няправільна, не папярэдзіўшы, што жанчына нараджае. Заходжу ў хату – а яна ўжо на ложку тужыцца. Дзіця ішло ножкамі – цяжкая паталогія. Ад страху ўсё перавярнулася ўнутры, але Гасподзь даў сілы. Зрабіла паварот – і хлопчык выйшаў! Кажу яму: «Ну, ты нарадзіўся ў кашулі, будзеш шчаслівы». Усе засталіся жывыя.

 

Вольга Туча, медсястра: «Асабісты боль і вялікае сэрца»

Вольга Феадосьеўна трапіла ў Ленін у 1964 годзе. Да гэтага яна паўтара года адпрацавала акушэркай у глухой вёсцы на Століншчыне, дзе і роды прымала, і хірургам, і дзіцячым доктарам была. Два выпадкі сталі рубцамі на сэрцы. Першы – смерць пацыенткі Надзі ад крывацёку пасля позніх родаў. «Яна ціха казала: «Фядосьеўна, я ведаю, што паміраю, але я так хачу паглядзець на сваіх дзяцей…». Мы ўсе плачам, а зрабіць нічога не можам». Другі выпадак прывёў да асабістай трагедыі: на дзяжурстве памёр мужчына, і на фоне жудаснага стрэсу Вольга Феадосьеўна, будучы цяжарнай, страціла сваё ненароджанае дзіця. Але яна знайшла сілы вярнуцца да працы: «Калі нараджаецца здаровае немаўля – гэта такое шчасце! Я вельмі люблю сваю працу».

 

Надзея Саколік, медсястра: «Дзевяць вёсак у абходзе»

Прафесійны шлях Надзеі Іванаўны пачаўся пасля Мазырскага медыцынскага вучылішча. «Еду праз густы лес, калдобіны, трасе… Сяджу і з жахам думаю: «Божа, куды ж мяне вязуць?». Але прыехала, прынялі добра, сустрэла каханне і засталася на ўсё жыццё». Працаваць было вельмі цяжка: на абходзе дзевяць вёсак. Людзі працавалі ад цямна да цямна і не мелі часу ісці ў бальніцу здаваць аналізы. Таму медыкам даводзілася хадзіць па хатах і збіраць іх самім. «Так і працавалі – з цярпеннем і клопатам пра кожнага».

 

Бэла Трафімовіч, медсястра: «Думала, адпрацую і паеду»

Бэла Мотэлеўна таксама прыехала па размеркаванні пасля вучылішча. «Думала: «Адпрацую трохі і паеду». А жыццё распарадзілася інакш: сустрэла чалавека, выйшла замуж, і Ленін стаў родным». Умовы былі цяжкія: палілі звычайныя печкі, працы вельмі шмат. У Ленінскай школе было больш за 600 дзяцей, у Мілевічах – таксама. «Праца медыка лёгкай не бывае ніколі. Я задаволена, што прысвяціла жыццё гэтай прафесіі, нават пасля пенсіі яшчэ пяць гадоў працавала, бо не магла без сваёй бальніцы».

Пяць розных жанчын, пяць лёсаў – але адна супольная справа. Старая драўляная бальніца і калдобіны на дарогах даўно засталіся ў мінулым. А вось людзі, якія са-маахвярна аддавалі свае сілы хворым у любое надвор’е, застаюцца ў памяці нашага краю. Дзякуй вам, дарагія медыкі, за вашу працу і вашыя сэрцы.

 

 

Юлія СТАХІЕВІЧ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!