Голас, які крануў сэрцы. Азяранская школа з поспехам прагучала на рэспубліканскай сцэне

Шчырае слова, прачытанае з душой, здольнае спыніць час і крануць сэрцы нават самых строгіх суддзяў. Яскравым пацверджаннем гэтаму стала перамога 11-класніцы згаданай установы адукацыі Ангеліны Саскевіч на заключным этапе рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка».

Шлях Ангеліны да фінала быў захапляльным і напружаным. Як мы расказвалі, пасля бліскучага выступлення на абласным этапе яна атрымала права прадстаўляць наш рэгіён у рэспубліцы. А наогул, у гэтым конкурсе наша зямлячка ўдзельнічае з пятага класа. У сталіцы на гэтым тыдні сабраліся 17 самых таленавітых дзяцей з усёй Беларусі, і кожны з іх быў сапраўдным майстрам жывога слова. Вынікі творчага спаборніцтва здымала сталічнае тэлебачанне, якое разам з міністэрствамі інфармацыі, адукацыі і Саюзам пісьменнікаў Беларусі выступала арганізатарам конкурсу.

У Мінску Ангеліна зноў прадставіла глыбокі лірычны твор Янкі Сіпакова «Жанчына спявае». Гэты верш патрабаваў асаблівай душэўнай аддачы, эмацыянальнай сталасці і ўмення адчуваць кожнае слова. Дзякуючы свайму артыстызму і шчырасці, озеранская школьніца змагла перадаць усе адценні пачуццяў, закладзеных паэтам, і заслужана атрымаць высокую ацэнку ад членаў журы. Вынік плёну – дыплом ІІІ ступені.

За такім поспехам заўсёды стаіць не толькі талент і працавітасць самога вучня, але і майстэрства настаўніка.
— Дужа ўдзячна Алене Мікалаеўне Хвасцянок, — Ангеліна падкрэслівае, што ўзнагарода – вынік сумеснай працы. – Яна дапамагала раскрыць глыбіню твора, шчыра падтрымлівала ў хвіліны хвалявання і верыла ў перамогу да самага канца.

— Канкурэнтнасць была неверагодная, — дадае педагог. – Дзеці прадстаўлялі тэатральныя студыі і вялікія гарады – Брэст, Мінск. І побач з імі ў фінале мы, са звычайнай вясковай школы. Ганаруся здольнасцямі Ангеліны.

Спецыяльная праграма СТБ, прысывечаная конкурсу “Жывая класіка”, выйдзе ў эфір 6 верасня, у Дзень беларускага пісьменства. Пачатак а 17-ай гадзіне.

Святлана ШАКАЛЯН

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!