Беларускі сакрэт
А ці ведаеце вы, што самы містычны раман Уладзіміра Караткевіча «Чорны замак Альшанскі» — не проста выдумка? У яго ёсць рэальны прататып, які стаіць на нашай зямлі. Я гавару пра знакаміты Гальшанскі замак — месца, дзе легенды жывуць у сценах.

Замак узводзіўся ў першай палове XVII стагоддзя і належаў магутнаму роду Сапегаў. Ён быў не проста ўмацаваннем, а сапраўднай рэзідэнцыяй: тут была бібліятэка, калекцыя зброі і нават тры штучныя азёры, дно якіх выкладзена пліткай. Але галоўнае — гэта чуткі, другое жыццё якім даў Уладзімір Караткевіч. Згодна з паданнямі, у сценах замка спачываюць астанкі маладога хлопца, закаханага ў княжну Ганну-Гардзіславу Гальшанскую, і яснымі начамі можна заўважыць яго сілуэт. Акрамя яго, на тым месцы жыве яшчэ адзін прывід — Белая Дама. Кажуць, што шмат гадоў таму, каб умацаваць муры касцёла, будаўнікі замуравалі ў адной са сцен жонку аднаго з майстроў. З тых часоў па калідорах стала брадзіць непрыкаяная душа маладой жанчыны. І хоць навукоўцы знайшлі ў сцяне старажытнае пахаванне, гэта толькі дадало таямніцы.
Але Караткевіч не проста перапісаў гэтыя паданні. Ён упісаў іх у складаны дэтэктыўны сюжэт. У кнізе сябар галоўнага героя распавядае яму пра гісторыю роду Альшанскіх і багацце, што з’явілася пасля змовы 1481 года. Антону Космічу даводзіцца расшыфроўваць запіс дзяржаўнага скарбніка пра схаваныя скарбы. А таямніцу «чорнага манаха» і «дамы» гісторык разгадвае цалкам рацыянальна: прывіды аказваюцца ўсяго толькі аптычнай ілюзіяй — старажытны гадзіннік-дзыгар на званіцы касцёла мае сістэму люстэркаў і рэфлектараў, якія ў поўню адкідаюць на сцены замка невыразныя чалавечыя цені. Такім чынам, містычнае ў рамане паслядоўна дэміфалагізуецца, а рацыянальнае тлумачэнне становіцца асновай сюжэтнай развязкі.
Гальшанскі замак — гэта сапраўдны беларускі сакрэт. Ён паказвае, што наша гісторыя багатая на загадкі, а старажытныя сцены ўмеюць захоўваць памяць. Каб адчуць гэтую атмасферу, не абавязкова чытаць кнігі — дастаткова проста дакрануцца да старажытных муроў, дзе гісторыя і міфы зліліся ў адзінае цэлае.
Анастасія ЯРМОЛІЧ
Фота носіць ілюстрацыйны характар
