Нашы карані. Як сёння жыве вёска Навуць
Гэтую вёску, забудаваную абапал шашы на Дзякавічы, можна лічыць адыходзячай у мінулае. Але наперакор лёсу жыццё ў невялічкай Навуці яшчэ цепліцца, а людзі не губляюць аптымізму і не скардзяцца на абставіны.

Надзеі жывая памяць

Лістападаўскай раніцай нас сустрэлі тры ціхія вуліцы: на дзвярах адных хат вісяць замкі, у другіх – святло патухла назаўсёды. Заселеныя дамы выдаюць сцежкі да брамак і свежафарбаваныя фасады. Робім першы прыпынак, каб пазнаёміцца з самай старэйшай жыхаркаю Надзеяй Вялічка. Кампанію пенсіянерцы складаюць тры каты – уся яе гаспадарка. Прытуліўшы на каленях шэрую Мурку, 86-гадовая жанчына распавяла пра сваю долю. Ураджэнка Веткаўшчыны прыехала на Палессе маладой аграномкай і завіднай нявестай – з адным чамаданам і спадзяваннем на шчасце. Тут угледзеў яе мясцовы трактарыст Валодзя. Пасля вяселля ён прывёў маладую да бацькоў. Пакуль будавалі свой куток, пад адным дахам жылі чатыры сям’і – свёкры, яны, мужаў брат і сястра са сваімі сужэнцамі. Як гарох, адзін за другім пасыпаліся нашчадкі. Чатыры хлопцы і столькі ж дзяўчат. У калгас «багатая» маці амаль не хадзіла – даглядала вялізную хатнюю гаспадарку і без садзікаў гадавала дзяцей.
– У шлюбе пражылі 48 гадоў, муж нябожчык быў дужа раўнівы, усяго хапала, – папраўляючы хустку, прызнаецца бабуля. Ёй выпала вялікае гора пахаваць траіх дзяцей і ўнука, якія заўчасна пайшлі з жыцця. – Адзін толькі сын, што са мной жыве, не ўдаўся, астатнія добрыя выраслі, раз’ехаліся. У мяне ўжо восем праўнукаў ёсць.
Разам з аповедам пра тое, як перажыць нягоды і застацца чалавекам, пачулі ад Надзеі Архіпаўны і гісторыю, адкуль пайшла назва вёскі? Версія, якую жанчына чула ад старых людзей, сведчыць, што некалі мясцовы пан паляваў тут “на вуцей”. Так і пачалі казаць на гэтую мясціну каля аднайменнай рэчкі, дзе і зараз водзяцца качкі, – Навуць.
Філасофія шчасця

Зараз месцічы больш жывуць успамінамі. Столькі тут мінула розных падзей: сумных і радасных, душэўных і трагічных. Людзі будаваліся, гулялі вяселлі, нараджалі дзяцей. А потым сталі раз’язджацца, а хаты – пусцець. Усе гэтыя змены адбываліся на вачах Тамары і Міхаіла Масла, ад іх мы даведаліся, якой была вёска ў час свайго росквіту. Будучыя муж і жонка пазнаёміліся ў Дуброўскім клубе. Хлопец з Навуці рабіў на кінаперасоўцы і прывозіў туды кіно, а яна дужа любіла індыйскія стужкі. Самым дарагім падарункам на іх вяселле ў 1974 годзе стала карова, якую далі бацькі нявесты. Нікога не здзіўляла, што кольцаў не куплялі.
– Моды не было такой! – у адзін голас кажуць сужэнцы, бацькі двух сыноў, якія таксама засталіся ў Навуці.
Па словах Міхаіла Фёдаравіча, вёска чалавек на дзвесце жыла дружна, дзяцей шмат. Зімой яны каталіся на самаробных каньках: да маленькай дошчачкі прымацоўвалі кавалак дроту, які служыў лязом, і абувалі гэту канструкцыю на валёнкі. Летам прападалі на рэчцы ці бавілі час за гульнямі паміж рознай работай, што загадвалі бацькі.
– А яшчэ хадзілі красці калгасныя агуркі, – смяецца Міхаіл Фёдаравіч, успамінаючы, як разам з сябрукамі ўцякаў ад вартаўніцы, старой бабы Каці. – Чамусьці яны былі смачнейшыя, чым са свайго агароду.
У Навуці ён скончыў чатыры класы пачатковай школы. А ў васьмігодку хадзіў у Палянку. Як і многія юнакі пасля вучобы падаўся ў горад на завод. Толькі вытрымаў там усяго некалькі месяцаў: шум, чэргі, мітусня. Вярнуўся дадому і большую частку жыцця працаваў механізатарам. Тамара Іванаўна спачатку ў паляводчай брыгадзе шчыравала, потым гадавала цялят. Дырэктар часам пытаўся: «Гэта ў вас бычкі?» – настолькі спраўнымі пад яе апекай вырасталі цёлкі. Ферма была сэрцам вёскі, пакуль яе не закрылі ў 90-я.
Цяпер у Навуці засталося каля двух дзясяткаў чалавек. Замест магазіна – аўталаўка, клуб зачынены, бо ў ім няма патрэбы, прэсу, у тым ліку і некалькі экземпляраў «Новага Палесся», паштовая машына пакідае ў скрыні з ячэйкамі. Да самых хат падышоў лес. Казулі і зайцы ходзяць пад вокнамі. На такі паварот сужэнцы не наракаюць, глядзяць на жыццё з філасофскім спакоем.
– Усе гады аднолькавыя, – адказваюць на пытанне пра самы шчаслівы свой час. – Трэба быць удзячнымі за кожную хвіліну.
Ціхі подзвіг сумлення

Мясцовыя жыхары называюць сябе палякамі, спасылаючыся на той факт, што самыя папулярныя прозвішчы ў іх – Масла, Пугач і Ляшкевіч – маюць выразнае польскае паходжанне. Напэўна, іх далёкія продкі мелі сувязь са шляхтай, якая асядала на гэтых мясцінах пасля падзелаў Рэчы Паспалітай.
– У майго дзеда з польскімі каранямі было 12 душ, – распавядае сямейную біяграфію Алена Ляшкевіч. – Жылі па тым часе дужа заможна. Калі прыйшла савецкая ўлада, усё дабро ён здаў у калгас, каб пазбегнуць рэпрэсій. А вёска наша, як гаварыў бацька, у 30-я гады стварылася з некалькіх хутароў.
Кранула гісторыя і самой Алены Пятроўны пра тое, як лёс можа закінуць чалавека за тысячы кіламетраў ад роднай хаты, а потым праз боль страты і абавязак вярнуць назад. Яна рана стала дарослай. У пятнаццаць гадоў, ледзь скончыўшы восьмы клас, пайшла даглядаць свіней на ферму. Бацька, які быў блізкі з дырэктарам калгаса, дамовіўся, каб дачка не марнавала час дарма. Так прыйшлося пачынаць працоўную біяграфію.
Пасля вучылішча яна паехала ў Калінінград. Горад падараваў сустрэчу з беларусам, мараком Паўночнага флоту. Сумеснае жыццё яны пачалі ў Кіеве, дзе жыла мужава сястра. Алена Пятроўна проста ўлюбілася ў сталіцу Украіны. Працавала на фабрыцы, якая выпускала шоўкавую тканіну, модны тады шыфон і крэпдэшын. Свая кватэра была. Здавалася, вось яно шчасце. Трагедыя прыйшла нечакана. Муж патануў у Дняпры, калі дочцы мінула ўсяго тры гады. Потым цяжка захварэла маці.
– У сястры была сям’я, а я ўдава, адна, – свой выбар жанчына тлумачыць проста. – Кінула ўсё і паехала дадому.
Ціхі подзвіг сумлення доўжыўся цэлых сямнацаць гадоў. Прыкаваная да ложку старая памерла ў дзень нараджэння ўнучкі, так і не дачакаўшыся яе вяселля, якім заўжды падбадзёрвала дачка: “Мам, пабачыш, яшчэ Наташу замуж аддасі”…
У чысценькіх пакоях бацькоўскага дома цішыню парушае курыца ў картоннай скрыні. Чубатка ўпала на ногі, і гаспадыня забрала яе на поўны пансіён. Усеўшыся на падваконнік, з вуліцы праз шкло на гасцей паглядае чорная кошка Марта. Жыццё працягваецца.
Дзе сэрца шчыміць

– Не думала ніколі, што тут буду адчуваць сябе шчаслівай, – без пафасу прызнаецца ў любові да роднай вёскі наступная гераіня нашага рэпартажу Надзея Маслава. – Прыязджаю, і аж сэрца шчыміць…
Пасля школы скончыла вучылішча ў Светлагорску, потым сорак пяць гадоў працавала на тамтэйшым хімічным заводзе. А як выйшла на пенсію, так і пацягнула яе дадому. Зімуе Надзея Іосіфаўна ў гарадской кватэры, а лета праводзіць у Навуці, дзе лечыць душу і напаўняе сэрца ціхай радасцю.
Яе цёплы сезон на лоне прыроды насычаны няспешнымі справамі. Ягады, грыбы, праца ў агародзе. Жанчына жартуе, што раней была «камбайнам» па зборы чарніц, зараз жа вядро змяніла на вядзерца – для задавальнення. Падчас размовы Надзея Іосіфаўна звяртае ўвагу на парадокс сучаснасці: моладзь хоча ў горад, старэйшае пакаленне рвецца назад. Яна спрабуе пераканаць сваю дачку, каб купіла дом у вёсцы, але тая не разумее гэтай патрэбы. Для яе сяло – мінулае, а для маці – цёплая радзіма, дзе знаёмая кожная сцежка, і жывуць успаміны пра бацькоў.
Шакаладны раман

І пад занавес мы пагутарылі з нашай адказнай праважатай, што арганізавала сустрэчу з аднавяскоўцамі, Любоўю Масла. Ураджэнка Хісцецкага Бору да шлюбу з мясцовым хлопцам Валянцінам таксама паспела паспытаць гарадскога хлеба. Праз чатыры гады ўдарнай працы на ткацкай фабрыцы ў Падмаскоўі яна прамяняла камфорт шырокіх вуліц на сціплую радзіму, дзе, па яе словах, нават дыхаецца лягчэй. Скончыла курсы прадаўцоў і ўладкавалася ў навуцкі магазін.
– Як пазнаёміліся? – хітра ўсміхаецца ў вусы Валянцін Міхайлавіч. – Яна мяне падманула, узяла за шакаладку, бо на пяць гадоў старэйшая.
– Так і пажаніліся з маім шчасцем, першы хлопец на вёсцы быў, –падхопліваючы жарт, Любоў Адамаўна дадае, што ведалі адзін другога яшчэ са школы. Абодва заканчвалі новую – Чырвонаборскую.
У сужэнцаў двое дзяцей і чатыры ўнукі. Працоўны шлях пары быў такім жа дынамічным, як і асабістае жыццё. Яна шчыравала і даяркай, і паштальёнам, а зараз ахоўніцай на ферме ў Марохарава. Муж таксама змяняў прафесіі: трактарыст, ляснік, рабочы ў сельсавеце, апошнім часам – аператар насоснай станцыі ПМС.
– У горад ні за якія грошы не паехаў бы, – катэгарычна заяўляе гаспадар. – Гэта ж клетка.
І Любоў Адамаўна згаджаецца з гэтым меркаваннем: свой дом для вясковага чалавека – рай.







Святлана ШАКАЛЯН
Фота аўтара і Любові Масла
