Жыццё без зайздрасці і злосці. Як сёння жыве вёска Цімашэвічы
Шчодры май патанае ў квецені садоў, кожная вёска зараз нібы нявеста. Дыхаюць вясеннім разнатраўем і Цімашэвічы – адзін з самых аддаленых у паўночна-заходнім накірунку населены пункт раёна. Запрашаем у праважатыя кіраўніка справамі Ленінскага сельвыканкама Інэсу Глушань і ідзем знаёміцца з месцічамі.

Другая радзіма

Вуліцы тут не бягуць роўнай стужкай, забудова раскінута купкамі сярод лесу. Дамоў нечакана многа, хаця жылыя можна па пальцах пералічыць. Частка хат абуджаецца ўлетку з прыездам дачнікаў, а пастаянную прапіску ў Цімашэвічах маюць усяго 18 чалавек.
Любоў Стражэвіч для гасцей спецыяльна адчыніла парадныя дзверы праз веранду, дзе на канапе сустракае кампанія вялізных мяккіх цацак – ад унукаў, мабыць, засталіся. Жвавая для сваіх 88-мі гадоў жанчына якраз вярнулася з агароду, сеяла моркву. У прасторных пакоях ідэальны парадак, на стале – белы абрус, канапы засцелены самаробнымі посцілкамі.
– Папабегала пасля работы да Зосі ткаць, Юзік мой пакойны нават сварыўся, – твар субяседніцы асвятляецца ўсмешкай. – У чым шчасце? Тое, што дзеці добрыя параслі, не забываюць дарогу дадому, прыязджаюць дапамагаць. А мне на хутары адной не сумна, паверце. Калі чалавек заняты справай, клапоціцца пра нешта, то час ляціць імгненна.

У Цімашэвічы ўраджэнку Петрыкаўскага раёна накіравалі заатэхнікам пасля вучобы. Тут стварылася сям’я, нарадзіліся два сыны і столькі ж дачок. Праз дзесяць гадоў яна змяніла прафесійны вектар на гандаль, за прылаўкам прастаяўшы 32 гады. І сёння Любоў Раманаўна, ці па-вясковаму Любаша, ў гушчыні жыцця. За актыўнасць і уменне ладзіць з кожным чалавекам яе выбралі старастай вёскі. Сочыць за парадкам і дапамагае землякам у вырашэнні розных пытанняў праз мясцовую ўладу.
Ад пенсіянеркі даведаліся, што ў канцы 1950-ых, калі яна прыехала на Жыткаўшчыну, колькасць цімашэўцаў перавышала паўтысячы. Былі тут сямігадовая школа, клуб, два магазіны, у тым ліку – орсаўскі, ФАП, саўгасная кантора, аддзяленне сувязі, пякарня райсаюза і нават адміністрацыйны будынак Ленінскага сельсавета.
– Нашы людзі вельмі харошыя, – прызнаецца на развітанне гасцінная жанчына, без кавы з хаты нас не выпусціла. – Такіх, можа, ва ўсім раёне няма. Лічу, што трэба жыць без зайздрасці, злосці і з дабром ў душы. Тады ўсё будзе ладзіцца…
Гаспадара відаць па падворку

Хата Аляксандра Данілевіча здалёк прыцягвае погляд дагледжанасцю і парадкам. Каля металічнай агароджы заўважаем арыгінальную канструкцыю. У загарадцы з прымайстраванымі коламі пасуцца куры. Сашчыпалі траву ў адным месцы – будан пераязджае на свежае. За веснічкамі адкрываецца моцны драўляны зруб, малады сад, на падворку грунтоўныя гаспадарчыя пабудовы. Мужчына запрашае на лаўку ў цянёк.

Роднае селішча ён пачаў даводзіць да ладу пасля таго, як выйшаў на пенсію. Тут на лоне амаль першазданнай прыроды, пакінуўшы жытло ў Салігорску, і жыве з жонкай Святланай. Адчуваецца, што сужэнцы ўкладаюць у хату сілы і душу.
– Бацька быў цясляр ад бога, – намякае на спадчынную майстравітасць Аляксандр Аркадзьевіч, дадаючы, што больш за сорак гадоў рабіў электрыкам. – Шкада, рана пайшоў з жыцця. Хвароба дагнала. І маці ўжо няма.
Успамінаючы вёску дзяцінства, субяседнік прыгадаў, як зімою з хлапчукамі майстравалі драўляныя канькі з лязом-дротам накшталт самакатаў. Адштурхоўваючыся адной нагою, па замерзлых разліўных лугах можна было дабрацца аж да Грычынавічаў.
Выхавала вёска

Вярнулася ў хату дзяцінства і Ганна Гетко. Больш за паўгадзіны слухалі мы аповед гэтай аптымістычнай жанчыны, якая выжыла наперакор лёсу. У гады фашыскай акупацыі шмат цімашэўцаў трапілі ў нямецкае рабства. У ліку вязняў была і маці Ганны Іванаўны, Лідзія. Праз некаторы час з дому прыйшла страшная вестка: усіх яе родных пабілі ворагі. У роспачы асірацелая дзяўчына вырашыла адказаць на пачуцці Івана з Львоўшчыны, які таксама працаваў у бауэра. І за кратамі было каханне, маладосць брала сваё. 10 ліпеня 1944 года ў пары нарадзілася дачка. Праз 11 месяцаў палонных вызвалілі. Сям’я афармляе дакументы на выезд ва Украіну. Чамусьці першымі да месца прызначэння адправілі жанчын. Цягнік ехаў праз Беларусь. На прыпынку ў Лунінцы да Ліды кінуўся знаёмы вясковец са словамі: «Ты такая шчаслівая, усе вашы жывыя!» Узрадаваная, з маленькай Ганнай на руках яна вяртаецца ў свае Цімашэвічы.
– След бацькі, на жаль, згубіўся, – уздыхае былая вязніца. – Пісалі мы на тэлебачанне і ў архівы: прапаў без звестак. А мама больш замуж не пайшла. Мяне вырасціла не толькі яна і дзед з бабай, мяне вёска выхавала. Як дружна і весела мы жылі, здаецца, і цяжкасцяў не заўважалі. З маленства спявала. Памятаю, як ганю свіней – 14 галоў з кабаном Гітлерам – да фермы пасвіць і на ўсе Цімашэвічы завожу «Славное море, священный Байкал». А колькі выступалі – у клубе і на конкурсах з нашым дзявочым трыа…
Ганна Іванаўна – афіцэрская ўдава, мае двое дзяцей і тры ўнука. Усё жыццё прысвяціла выкладанню спеваў і музыкі. Калі маці і цётцы Марыі патрабавалася дапамога, не раздумваючы, зачыніла кватэру ў Лідзе і прыехала дадому. Дагледзеўшы абедзвюх, так і засталася ў вёсцы, якую лічыць сваім месцам сілы.
Сапраўдны селянін

Так можна сказаць пра Уладзіміра Царыкевіча. Сярод пенсіянераў ён з жонкай – адзіная на ўсю вёску працаздольная сям’я. У маладосці, як і большасці равеснікаў, яму хацелася з’ехаць у вялікі горад, ды і бацькі на лягчэйшае жыццё выпраўлялі. Толькі лёс распарадзіўся інакш. Уладзімір Адамавіч атрымаў самую зямную прафесію – лясніка. Рабіў спачатку ў Мілевіцкім лясніцтве, а зараз – ляснічы Беразнянскага. Ніна Мікалаеўна доўгі час шчыравала побач з сужэнцам, а нядаўна перайшла ў кафэ «Тракцір». У той дзень якраз была на змене, а гаспадара пашанцавала застаць дома па прычыне яго водпуску.
– Тут у каляіне і выгадаваўся, – шуткуе заядлы рыбак і паляўнічы. – З маленства ведаю кожную лужыну і дзялянку. Радзіма не адпускае. Унукам тут свабода. І я не шкадую, што так склалася.
Прасторны двор з мноствам пабудоў выдае працалюбівую натуру яго ўладальнікаў. Царыкевічы трымаюць карову і каня. Белку з Воранам па сёняшнім часе ўпаўне можна лічыць вясковымі славутасцямі. На жаль, для сялянскай перыфірыі – гэта ўжо знікаючая карціна. Субяседнік прызнаецца, што без гаспадаркі не ўяўляе свайго жыцця, так прывучаны бацькамі мець усё сваё.
Каб канцы не гулялі

У гэтай хаце доўгажыхаркі Евяліны Маркулевіч пачулі легенду пра назву вёскі. Старыя людзі расказвалі, што ва ўрочышчы Шчыт, на невялікай адлегласці ад населенага пункта, стаяў дуб. І аднойчы бацька і сын з іншага сяла пайшлі туды па жалуды. Хлопец залез на дрэва, каб патрасці галіны, ды не ўтрымаўся, упаў і забіўся. А звалі таго юнака па адной версіі Ціт, а па другой – Цімох. Ці так гэта, за даўнасцю гадоў невядома.
– Цяпер жыць добра, – упэўнена кажа бабуля. У верасні ёй мінула 90 гадоў. – Пры Хрушчове сама цяжка было: свіней хавала ў хаце ад камісіі. Хадзілі па дварах і правяралі, каб не больш адной галавы. А ў мяне пяцёра дзяцей. Як Зміцер памёр, меньшы хлопец у першы клас пайшоў.
Родам Евяліна Апанасаўна з Палосцевічаў, што ў трох кіламетрах. Як і Цімашэвічы, гэтая вёска 18 гадоў знаходзілая пад уладай Польшчы. Бабуля памятае, як з маці насілі ягады да адной пані ў Ленін. Тая давала за чарніцы хусткі ці адрэз тканіны на спадніцу.
Не забыць ёй і фашысцкую акупацыю. Колькі аднавяскоўцаў тады спалілі немцы. А ім пашчасціла. Пасля Перамогі яна паспела скончыць усяго чатыры класы, бо трэба было працаваць. І кароў даіла, і паляводам была. Замуж пайшла – у адной хатцы свёкраў жылі сем’і чатырох сыноў. Кожная нявестка старалася першай свой чыгунчык у печ паставіць.
– Яна і цяпер не дае нам спуску, – з усмешкай да размовы далучаецца старэйшая дачка Таццяна. Яны з братам па чарзе прыязджаюць да маці на тыдзень. – Бульбу ўчора недасадзілі, наракае: «Тры канцы гуляе!». А сама яшчэ капаць дапамагала восенню.


Святлана Шакалян
Фото аўтара
