Дзве Таццяны – адна місія: медыцынскія сёстры раённай паліклінікі, цёзкі Таццяны Віктараўны – Гарбуз і Некрашэвіч, не памыліліся з лёсавызначальным рашэннем
Як важна ў юнацтве зрабіць правільны выбар прафесіі – каб на ўсё жыццё і ў радасць. Не памыліліся з лёсавызначальным рашэннем медыцынскія сёстры раённай паліклінікі, цёзкі Таццяны Віктараўны – Гарбуз і Некрашэвіч.

І ўсмешка лечыць
– Лёгкая ў яе рука, – уладкоўваючыся на кушэтцы дзённага стацыянара, пахваліў нашу першую візаві мужчына сярэдніх гадоў. – У вену патрапіць з ходу, талент проста, і падбадзёрыць заўжды.
Так, вопыту жанчыне не займаць, за плячыма, калі не ўлічваць два дэкрэтныя водпускі, сямнаццаць гадоў. Спагадлівая, добразычлівая, яна знаходзіць падыход да любога чалавека і, як і ў першыя гады сваёй работы, не растраціла душэўнай цеплыні, уважлівасці і спачування.
– А калі паступала ў каледж, то крыві дужа баялася, – усміхаецца Таццяна Віктараўна. – Пасля школы марыла стаць выхавальнікам, ды па конкурсе не прайшла. Вырашыла шчасця паспрабаваць у медыцыне. І скажу вам: не прагадала. Гэта заўжды запатрабавана – і ў грамадстве, і ў сваёй сям’і.
Першыя прафесійныя крокі жанчына зрабіла ў Брэсцкай абласной бальніцы, куда яе размеркавалі, а потым замужжа паклікала ўраджэнку Людзяневічаў дадому. У нашай ЦРБ яна ўладкавалася ў хірургію, дзе і адточвала сваё практычнае майстэрства. Пасля таго, як сын, а за ім і дачушка пайшлі ў дзіцячы сад, а аддзяленне напаткала рэарганізацыя, ей прапанавалі рэгістратуру, адкуль ў 2023-ім Таццяна Гарбуз перайшла ў дзённы стацыянар.
– Хто мае такую падрыхтоўку, можа працаваць у любым месцы, а на нашым справіцца не кожная медсястра, – справядліва зазначае суразмоўца, маючы на ўвазе ювелірную дакладнасць пры выкананні такіх назначэнняў як уколы і асабліва кропельніцы.
А яшчэ, па словах субяседніцы, ёй пашанцавала з тымі, хто шчыруе побач. Урач Валянціна Лябедзька і калега Таццяна Пашэвіч – надзейныя паплечнікі.
Найлепшая справа ў свеце

Так кажа пра сваю прафесію Таццяна Некрашэвіч, старэйшая медсястра аддзялення агульнай практыкі раённай паліклінікі. «Захварэла» на медыцыну яна яшчэ ў маленстве.
– Часта ляжала ў бальніцы, а там былі, як мне падавалася, прыгожыя сястрычкі ў белых халаціках, усе такія добразычлівыя, – гледзячы на іх, дзяўчынка цвёрда вырашыла, што таксама хоча ратаваць людзей, вяртаць ім здароўе.
Сёння яна і сама здзіўляецца, як хутка праляцелі 39 гадоў яе служэння самай высокароднай справе. Памятае, як з першых дзён працы ў інфекцыйным аддзяленні ўсвядоміла сваю вялікую місію. Не палохалі маладога спецыяліста і начныя змены са шчыльным, з мноствам маніпуляцый, раскладам у перавязачным кабінеце хірургіі. Толькі па сямейных абставінах, калі нарадзіліся дзеці, Таццяне Віктараўне прыйшлося перайсці на дзенны графік. Якраз у 1992 годзе ў Азёрным адкрылася паліклініка, тут яна і засталася. Спачатку доўгі час была ўчастковай медсястрой, а потым яе кар’ера пайшла на, так бы мовіць, адміністрацыйнае павышэнне. Усім медсёстрам буйнейшага аддзялення гэтай структурнай адзінкі райбальніцы, якое тады звалася тэрапеўтычным, яна стала старэйшай.
– Што самае галоўнае ў рабоце? – на хвілінку задумваецца суразмоўца. – Знаходзіць агульную мову з калегамі, умець камунікаваць так, каб не было збояў, мікраклімат заставаўся станоўчым, а атмасфера – працаздольнай.
Застаецца дадаць, што надыходзячае прафесійнае свята Таццяна Некрашэвіч будзе сустракаць не ў белым халаце. На бягучым тыдні яе з удзячнасцю правялі на заслужаны адпачынак. Як прызналася жанчына, планы на пенсію ў яе вялікія, а за калегамі, канечне, будзе крыху сумаваць.
Святлана ШАКАЛЯН
Фото аўтара
