Праз прызму слова і фарбаў: у Леніне адбылася сустрэча з таленавітымі землякамі

У аграгарадку Ленін, у Маладзёжным цэнтры культуры, адбылася значная падзея – прэзентацыя кнігі вершаў і апавяданняў Мікалая Бакуновіча (псеўданім Мікола Дрозд) «Таямніцы восені» і знаёмства з творчасцю члена Саюза мастакоў Беларусі Рыгора Таболіча, які прадставіў новую карціну «Беларуская партызанка Фая Шульман». Абодва госці нарадзіліся ў вёсцы Палосцевічы, дзе і цяпер жывуць іх родныя.

Ленін сабраў прыхільнікаў з Мінска, Брэста, Салігорска, Жыткавічаў і іншых гарадоў. Падтрымаць аднакласніка Мікалая Бакуновіча прыехалі настаўнікі і выпускнікі 1982 года Палосцевіцкай сярэдняй школы.

Адкрыў мерапрыемства старшыня Ленінскага сельсавета Васіль Нямчэня. Ён павітаў гасцей, распавёў пра жыццё сельсавета, стан вёсак і падрыхтоўку да сустрэчы. Кніга «Таямніцы восені», паводле яго слоў, – лірычны твор пра родную зямлю, які сплятае восеньскія пейзажы, дзіцячыя ўспаміны, трагічныя старонкі вайны і мудрасць простых людзей. Яна вучыць берагчы любоў да бацькоў, роднай мовы і Радзімы. Усе сродкі ад продажу кнігі пойдуць на дапамогу Ленінскай участковай бальніцы і мясцовай бібліятэцы.

Мікалай Бакуновіч расказаў, як прыйшоў да беларускамоўнай паэзіі. Першыя вершы ён пісаў па-руску, але зямляк Адам Таболіч параіў пісаць па-беларуску, што і вызначыла яго творчы шлях. Аўтар прызнаўся, што вялікую ўвагу надае родным мясцінам, сучаснай вёсцы і прыродзе. У кнізе ёсць як лірыка, так і проза. Галоўная думка: зямля, як маці, заклікае сваіх дзяцей жыць дружна, ісці да росквіту Беларусі, абапіраючыся на дабро, любоў, свет і згоду. Госці з захапленнем слухалі аўтарскае чытанне.

Эстафету падхапіў Рыгор Таболіч. На слайдах дэманстраваліся работы, звязаныя з гісторыяй і культурай Беларусі. Асаблівае месца сярод іх займае жыццёвы шлях Максіма Багдановіча. Мастак паказаў цыклы «Маці паэта», «Вянок Максіма», трыпціх «Тры санеты», а таксама творы пра Кейстута, Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца. Дыптых «Вогненная вёска» прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне. На многіх палотнах прысутныя пазнавалі землякоў і родных мастака. Рыгор Таболіч паведаміў, што яго карціны захоўваюцца ў пасольствах Беларусі ў Францыі і Чэхіі, а іконы ён пісаў на замову для храма ў Празе.

Пасля агляду слайдаў мастак перайшоў да галоўнага – прэзентацыі палатна «Беларуская партызанка Фая Шульман». Зняць покрыва з карціны даручылі Васілю Нямчэні, а расказаць пра гераіню папрасілі Людмілу Таненю.

Фая (Фаіна) Лазебнік (па мужу Шульман) нарадзілася ў Леніне. Яна была партызанкай, медыкам і адзінай жанчынай-фатографам. У жніўні 1942 года фашысты знішчылі ленінскае гета, забіўшы амаль усю яе сям’ю. Фаю пакінулі жывой, бо яна ўмела працаваць з фотаапаратам – акупанты хацелі фіксаваць свае злачынствы. Праяўляючы плёнку, яна ўбачыла твары загінулых і сярод соцень целаў у рове пазнала сваіх бацькоў. Рызыкуючы жыццём, дзяўчына зрабіла таемныя копіі негатываў.

У верасні 1942 года, пасля партызанскага налёту на нямецкі гарнізон, яна збегла ў лес і далучылася да атрада імя Шыша (брыгада імя Молатава), дзе ваявала да перамогі і шмат фатаграфавала. Фая здолела вывезці негатывы спачатку ў Германію, а потым у Канаду. Дзякуючы ёй свет даведаўся пра трагедыю жніўня 1942 года ў Леніне. Гэтыя здымкі – бяспрэчны доказ генацыду на тэрыторыі Беларусі, яны захоўваюцца ў архівах Яд Вашэм (Ізраіль) і Музеі Халакосту (ЗША).

Выступілі і запрошаныя госці. Былы дырэктар Палосцевіцкай школы Васіль Вярэніч адзначыў напружана-драматычны рытм вершаў Бакуновіча і падкрэсліў, што карціны Таболіча – неацэнны ўклад у культуру. Іерэй Ілья, настаяцель прыходу Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, назваў сустрэчу значнай для сельсавета і пажадаў аўтару новых твораў. Старшыня Азяранскага сельсавета Іна Дарафей пажадала землякам далейшых поспехаў.

Напрыканцы ўсе жадаючыя змаглі ўзяць аўтографы і сфатаграфавацца на памяць.

 

Васіль Вярэніч, аграгарадок Ленін

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!