Наперад у мінулае. Мікалай Юхневіч і праз 18 гадоў застаўся надзейным вадзіцелем і чалавекам

Працягваючы рубрыку, у якой цікавімся лёсам тых, пра каго пісала раёнка, вырашылі пагартаць падшыўку за 2008 год. У нумары за 18 кастрычніка позірк прыцягнуў фотаздымак, з якога хораша ўсміхаецца Мікалай Юхневіч.

На той час мужчына працаваў у камунальнай гаспадарцы вадзіцелем смеццявоза. «Он – своеобразный санитар города, его чистильщик и нетрудно представить, в каком аду мы бы все жили, среди каких свалок и зловонных запахов, если бы не было таких водителей, как Николай», – расказваў пра важную місію нашага героя журналіст «Новага Палесся», прыкмячаючы, што душа Мікалая Юхневіча ляжыць да прафесіі і малой радзімы.

У «Жыткавіцкі камунальнік» ён прыйшоў 31 год таму, і з тае пары не здраджвае ні сваёй шафёрскай справе, ні калектыву, які, адчуваецца, стаў для яго другой сям’ёй.

– Паспрабаваў аднойчы лёгкага хлеба, – з жартам у голасе зазначае гаваркі Мікалай Пятровіч. – Пайшоў у дарожную арганізацыю начальства вазіць. Усяго два з паловай месяцы і вытрымаў: сумна стала. Я ж люблю і сам распавесці пра жыццё-быццё, і людзей розных паслухаць, а тут адно і тое штодня. З радасцю назад вярнуўся.

А пачынаў наш герой сваю працоўную біяграфію з водаканала, дзе восем месяцаў быў слесарам. Калі вадзіцель «аварыйкі» пайшоў у водпуск, Мікалая Юхневіча папрасілі часова яго замяніць. Відаць, тых некалькіх тыдняў кіраўніцтву хапіла, каб ацаніць старанне новага шафера і прапанаваць яму другую машыну. Так і пачалася яго гісторыя на колах. Рабіў на смеццявозе і асенізацыйным аўто. А летась перасеў за руль грузапасажырскай ГАЗелі, замацаванай за будаўнічай брыгадай КУП «Жыткавіцкі камунальнік».

Вадзіцельскае пасведчанне Мікалай Пятровіч атрымаў разам з атэстатам сталасці ў другой школе райцэнтра. Цягу да тэхнікі меў з дзяцінства, і бацька, які рабіў механікам, яе заахвочваў. Шафёр – прафесія, можна сказаць, вечная. У любы час запатрабаваная.

– Маю ўсе катэгорыі, – без пахвальбы кажа субяседнік, з твару якого не сыходзіць усмешка. – Прысвоены першы класс, гэта вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя. Пра такіх як я кажуць: дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся.

Не наракае мужчына і на асабістае жыццё. З жонкаю, Людмілай Віктараўнай, у моцным шлюбе 32 гады. Выраслі іхнія дзеці. Оля і Яўген маюць вышэйшую адукацыю, стварылі свае сем’і. Род Юхневічаў доўжыць любімы ўнучак Багдан, якому два з паловай гадочкі. Для дзеда ён вялікая уцеха. А нядаўна і сын стаў бацькам, парадаваў унучкай Евай.

– Чалавеку заўжды нечага не хапае для поўнага шчасця, – разважае Мікалай Пятровіч. –  Але ж, калі задумацца, то яно тут – у простых рэчах. Блізкія людзі побач, у сям’і лад і дабрабыт, на працы парадак. Адзінае шкадаванне, што жыццё бяжыць дужа хутка.

Па традыціі на развітанне пацікавіліся: «Калі б была магчымасць звярнуцца да таго мужчыны на здымку 18-гадовай даўнасці, што б яму сказалі?» Пасля нядоўгага роздуму мужчына даў адказ: «Не сумнявайся, усё будзе добра!».

Святлана ШАКАЛЯН

Фота аўтара і з архіва «НП»

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!