Нашы таленты. У Жыткавічах адбыўся V раённы фестываль-конкурс юных выканальнікаў “Мой родны край”
Творчае спаборніцтва, як і ў мінулыя гады, прымеркавана да адкрытага регіянальнага фестывалю літаратуры, культуры, мастацтва і народных традыцый “На зямлі Кірылы Тураўскага”, які ў гэтыя дні восьмы раз прымае Гомельшчына.

Новы навучальны год у Жыткавічах пачаўся з гучання цудоўнай музыкі і яскравых творчых выступленняў. Конкурс задаў неверагодна высокую планку для ўсяго надыходзячага творчага сезона.
Свае здольнасці на сцэне ДШМ прадставілі 38 удзельнікаў — таленавітыя музыканты і вакалісты раёна. Конкурсная праграма ахапіла адразу чатыры намінацыі: «Струнныя інструменты», «Народныя інструменты», «Духавыя інструменты» і «Сольныя спевы».

Асаблівай увагі заслугоўвае рашэнне журы. У гэты раз трэціх месцаў не прысуджалася наогул — узнагароды размеркаваліся выключна паміж лаўрэатамі I і II ступеняў.
Як падкрэсліла на цырымоніі ўзнагароджвання дырэктар ДШМ Жана Гарэлава, такі факт красамоўна сведчыць пра тое, што ўзровень падрыхтоўкі ўдзельнікаў аказаўся сапраўды на вышыні, а канкурэнцыя была вельмі сур’ёзнай і годнай.
Скрыпачка Паліна Якушевіч, вучаніца 3 класа школы мастацтваў, падзялілася ўражаннямі:

— Рыхтавалася на канікулах, бо хацелася годна выступіць. Радая, што заняла першае месца.
Віншуем усіх лаўрэатаў I і II ступеняў, іх педагогаў і бацькоў з цудоўным пачаткам музычнага сезона. Жадаем не губляць натхнення, творчага запалу і новых гучных перамог.










Святлана ШАКАЛЯН
Фота аўтара
