Напярэдадні Дня беларускага пісьменства спыталі ў жыхароў раёна, што яны думаюць пра родную мову і кнігу

Наш раён – гэта не толькі прыгажосць палескіх краявідаў, але і сапраўдны куток жывой беларускай мовы. Тут слова гучыць асабліва пяшчотна, быццам працягвае традыцыі нашых продкаў і натхняе сучасных аўтараў. Напярэдадні галоўнага літаратурнага свята краіны мы вырашылі даведацца, што думаюць пра родную мову і кнігу землякі.

Раскажыце, ці ёсць у вашай сям’і традыцыі, звязаныя з чытаннем?

Ілля Клімкін, мастацкі кіраўнік Жыткавіцкага раённага цэнтра культуры:

— Мне ў гэтым сэнсе пашанцавала. У дзяцінстве мама часта чытала ўголас і сам гэта рабіў з задавальненнем. Знаёмства са светам літаратуры пачалося з нашай хатняй бібліятэкі. У ёй назбіралася ўжо досыць многа экземпляраў. Кнігі, колькі сябе памятаю, дома куплялі пастаянна. Звычка гэтая перайшла і ў маё дарослае жыццё. Асабістая калекцыя зараз пераваліла за сотню тамоў і яна папаўняецца. Набываю розную літаратуру, у тым ліку і айчынных аўтараў на мове арыгінала. Ёсць некалькі твораў замежных пісьменнікаў, перакладзеных на беларускую.

Прызнаюся, што многія кнігі яшчэ чакаюць сваёй чаргі, але ж, упэўнены, што абавязкова з імі пазнаёмлюся.

 

Які твор айчыннай літаратуры вы перачытвалі некалькі разоў, знаходзячы ў ім нешта новае?

Алена Матчэня, бібліятэкар Семянчанскай бібліятэкі:

— «Людзі на балоце» Івана Мележа. Асабліва падабаецца першая частка трылогіі. Яна пераносіць у непаўторны свет Палесся, дазваляе дакрануцца да вытокаў, адчуць, як жылі і выжывалі нашыя продкі. Кожнае чытанне адкрывае новыя псіхалагічныя грані характараў галоўных герояў Ганны, Васіля і Яўхіма. Іхнія лёсы поўныя драматызму, страсці і барацьбы за ўласную годнасць. Асобна варта сказаць пра сакавітую мову пісьменніка, чытаць – адно задавальненне.

У наведвальнікаў нашай бібліятэкі карыстаюцца попытам творы многіх класікаў. А з сучасных літаратараў часта бяруць кнігі Сяргея Клімковіча.

 

Калі была магчымасць пагутарыць з беларускім пісьменнікам, хто б гэта быў і пра што запыталі яго?

Ангеліна Саскевіч, вучаніца Азяранскай школы, пераможца рэспубліканскагаконкурсу чытальнікаў «Жывая класіка»:

— Васіль Быкаў – адзін з маіх любімых аўтараў. Шмат што чытала з ягонай літаратурнай спадчыны. Аповесць «Альпійская балада» уражвае тым, што каханне змагло зарадзіцца ў такіх страшных умовах. А «Жураўліны крык», «Сотнікаў» паказалі, што ў адных і тых жа абставінах людзі паводзяць сябе па-рознаму. Перадаць так характары герояў – вялікі талент і сапраўдны дар.

Пацікавілася б у Васіля Быкава «Дзе ён браў сілы і мужнасць пісаць праўду пра вайну, паказваць не толькі гераізм чалавека, а і здраду, адступленне?».

 

Назавіце тры беларускія словы,  што асабліва падабаюцца?

Ягор Пяшэвіч, вучань 3 класа гімназіі г. Жыткавічы:

— Бусел. Гэта мая любімая птушка. А яшчэ, канечне, «бульба», самая знакамітая гародніна беларусаў. І, напрыклад, «папера». На ёй друкуюць кнігі.

Наогул, калі б я быў пісьменнікам, то выдаў бы твор пра нашу краіну. У ім не прамінуў бы і Жыткавіцкі раён, дзе жыву. Яго гонар – старажытны Тураў. Мне падабаецца даведвацца пра тое, чым славіцца наша дзяржава, якія знакамітасці тут жылі і жывуць. У бібліятэцы часта бяру беларускамоўныя чытанкі. Па-мойму, кожны чалавек павінен разумець роднае слова і ведаць гісторыю сваёй радзімы.

 

Каго вы лічыце мясцовым літаратурным скарбам?

Зінаіда Кальцова, ветэран педагагічнай працы, г. Жыткавічы:

— Для мяне ў сучаснай літаратуры пісьменнік нумар адзін – Уладзімір Гаўрыловіч. Пісьменнік шматпланавы, амаль усе яго героі ўзяты з жыцця. Першая кніга, з якой пазнаёмілася, зборнік «Споднія яблыкі». Уразілі аўтарскія эмоцыі, глыбіня думак, драматызм, уменне па-філасофску асэнсаваць рэчаіснасць, радасць за сваіх герояў і ўменне спачуваць ім.

А пазней былі прачытаны «Плата за каханне», «Цяпло маладзіка», «Глыбокія карані» і інш. Дарэчы, большасць выдадзеных кніг падараваў сам Уладзімір Мікалаевіч. Чытаю яго раманы і чую ўласны аповед аўтара, бо калі ведаеш чалавека асабіста, несумненна суадносіш словы з яго голасам. Здаецца, размаўляеш з ім самім. На маю думку, немагчыма не захапіцца яго творамі, бо яны пра нашых продкаў, пра нас. У іх сэнс чалавечага жыцця, мэты і імкненні тых, хто стварае будучыню сабе і нашчадкам. Чытаюцца лёгка, запамінаюцца надоўга.

 

Што для вас асабіста значыць выраз «роднае слова»?

Ірына Давідовіч, урач-стаматолаг Жыткавіцкай ЦРБ:

— Гэта мая спадчына, ад якой не магу адмовіцца. Люблю нашу мову, ганаруся ёй і паважаю. Жаданне размаўляць па-беларуску прыйшло не адразу. Неяк трапілася інфармацыя, што нашу мову ЮНЭСКА аднесла да ліку знікаючых. І такі факт мяне зачапіў, падштурхнуўшы да перачытвання любімых айчынных класікаў. Потым пачала карыстацца моваю ў сацыяльных сетках. Каб абнавіць веды (а скончыла я беларускамоўную школу), прайшла навучальную праграму на інтэрнэт-пляцоўцы. Зараз з задавальненнем размаўляю па-беларуску і ў побыце, і на працы. Многіх гэта здзіўляе, выклікаючы пытанне «Ці не настаўніца я?». Францішак Багушэвіч трапна сказаў «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не умёрлі».

Святлана ШАКАЛЯН

Фота аўтара і з архіву рэспандэнтаў

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!