Сонца вышэй, сяўба бліжэй. Як ААТ «Тураўшчына» рыхтуецца да выхаду ў поле
Пакуль некаторыя беларусы, пад-даўшыся анамальнай цеплыні, ставяць эксперыменты на сваіх агародах, аграрыі звычайны графік работ не парушаюць. Паспешлівых надвор’е можа пакараць маразамі.

Зараз аграномы ўважліва назіраюць за развіццём азімых, асцерагаючыся вялікага мінусу. Без снегу пры значным паніжэнні тэмпературы існуе высокая верагоднасць пашкоджання культур. А тэхнічная служба тым часам працягвае рамонтную кампанію.
На мехдвары «Знаменка» блішчыць на сонцы зялёным колерам новы пасяўны агрэгат. Два маладыя мужчыны, прадстаўнікі арганізацыі-пастаўшчыка, вядуць яго наладку.
– Гэтая сеялка з долатавідным сашніком, у адрозненні ад дыскавага, добра зарэкамендавала сябе на пераўвільготненых участках, якіх у нас хапае. Ён не так забіваецца глебай, таму і хібаў няма, – адзначае перавагі набыцця такой машыны галоўны інжынер прадпрыемства Мікалай Чорны.

Сёлета акцыянернае таварыства яшчэ набыло на імпартны камбайн жатку і кормараздатчык, да сезону павінна паступіць і барана айчыннай вытворчасці. У механізатараў, вадзіцеляў і слесараў завяршаецца перыяд адпускоў. Зараз галоўная задача – як след падрыхтавацца да выхаду ў поле. Спачатку на лінейку гатоўнасці ставіцца тэхніка, што дае старт веснавым аграрным работам – глебаапрацоўчая і пасяўная, машыны для ўнясення арганічных і мінеральных угнаенняў. Перабіраюцца механізмы, пры неабходнасці ставяцца новыя запчасткі. Дырэктар ААТ «Тураўшчына» Генадзь Варанцоў гэтым пытанням надае першаступенную ўвагу і трымае сітуацыю пад штодзённым кантролем. У асноўным рамонты, арганізаваныя на двух мехдварах – «Знаменка» і «Верасніца» – выконваюць сваімі сіламі. У спецыялізаваныя арганізацыі адпраўляецца на ўзнаўленне складаныя вузлы, напрыклад, рухавікі замежнай вытворчасці.
Механізатар Іван Кажаноўскі, які з вясны да восені заняты на кормавытворчасці, у зімовы сезон пераходзіць на ўчастак шынамантажу.
– Пара адказная, – адкручваючы гайку на коле Беларуса, зазначае сялянскую ісціну мужчына. – У гарачы час любая паломка крытычная. Каб не прастойваць тады, парупіцца трэба зараз.
На другім канцы мехдвара таксама пануе ажыўленне. Каля раскідвальніка арганікі завіхаецца трактарыст-машыніст Міхаіл Бабарыка, мяняе ў ім выпрацаваныя падшыпнікі.

– Свае плугі, сеялку і культыватар прывёў у парадак яшчэ да водпуску, – тлумачыць механізатар. – Цяпер сябар пайшоў у адпачынак, вось яго тэхніку і рамантую, дапамагаць жа трэба адзін аднаму.
У асноўным аднаўленнем займаюцца самі механізатары, якія лепш за іншых ведаюць стан сваіх жалезных коней. Канечне, ёсць работа і для звяна слесараў. Не прастойвае таксама сварачны ўчастак, дзе пазнаёміліся з прафесіяналам Дзянісам Філіпчыкам, што не першы год працуе ў гаспадарцы.
– Кадры вырашаюць калі не ўсё, то многае, – намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Арцём Кузьміч прыгадвае прозвішча пенсіянера Мікалая Маркевіча – аса такарнай справы, якога тут лічаць на вагу золата. – Гаспадарка ў цэлым забяспечана работнікамі, хаця гатовы браць ветурачоў, як вопытных, так і маладых механізатараў. Учарашніх выпускнікоў хутка забіраюць на службу.
Рамонтная кампанія ў ААТ «Тураўшчына» ідзе згодна распрацаванага графіка. На лінейку гатоўнасці пасяўную тэхніку трэба паставіць да канца лютага. І тут упэўнены, што з задачай справяцца. Мясцовыя аграрыі добра пастараліся з восені, падняўшы 3,7 тыс. га зябліва, на 700 га больш запланаванага. Плошча яравой сяўбы параўнальна невялікая – прыкладна чатыры тысячы гектараў пад кукурузу, зернебабовыя і гародніну. Амаль палову – 3,5 тыс. га – тут складаюць азімыя культуры. Пры захаванні такога спрыяльнага надвор’я праз два-тры тыдні тэхніка можа выйсці на палеткі, распачаўшы падкормкі азімых і траў.





Святлана Шакалян, фота аўтара
