Пра макуху і ваенную разруху: гісторыя Надзеі Бакуновіч
У хаце 89-гадовай Надзеі Бакуновіч соладка пахнуць півоні. Гэты водар пераносіць жанчыну ў пару маленства, калі яна была бясконца радая цукеркам-падушачкам, што зрэдку выдаваў дзецям бацька. За добрыя паводзіны даставалася дзве, а таму, хто правініўся, – адна.

Надзея Саваўна, жыхарка Грычынавічаў, расказала, як іх сям’я ратавалася ад ворагаў у лясным лагеры, чаму на боты дзяўчынкі прыходзіла паглядзець уся вёска і што дапамагала таму пакаленню не губляць аптымізму.
Вясковы стан на балоце
– Нас было шасцёра ў бацькоў. Сёмы, хлопчык, нарадзіўся пасля Перамогі. У той дзень два старэйшыя браты пайшлі па грыбы. Неўзабаве яны – раз’юшаныя і агаломшаныя – вярнуліся назад. Памятаю, як беглі па вуліцы і крычалі: «Там нямецкія танкі, сюды ідуць!». Усе пачалі мітусіцца, тата вывеў каня. Мы з ім і мамай сталі выносіць з хаты нейкі скарб – посцілкі, адзенне, такую-сякую ежу, грузілі на падводу і ў заплечныя мяшкі.
Хутка ўся вёска аказалася ў лесе. Людзі выбралі вялікі ўзгорак пасярод балота – урочышча Ваўкаўня. За ім стаяў партызанскі атрад імя Будзённага. З нятоўстых бярвенняў усе будавалі шалашы, як мы кажам, станЫ. На зямлю пакідалі хваёвыя лапкі, недзе сена находзілі, накрылі посцілкамі-радзюшкамі – атрымаўся ложак на ўсю сям’ю. Пасярэдзіне клалі агонь. Як варожыя самалёты ляцяць, касцёр імгненна тушылі, каб дым, што выходзіў праз адтуліну ўверсе, не стаў мішэнню. Так і жылі амаль увесь час акупацыі.
Пастаянна хацелася есці. Старэйшыя хадзілі да сваіх хат. У каго была закапана бульба ці зерне прыхавана, прыносілі. Ваду бралі ў рэчцы паблізу. Не забуду, як аднойчы каля берага нямецкі бамбардзіроўшчык з паветра расстраляў хлопчыка з нашага лагера. Маці старалася нас, малых, не адпускаць далёка. Ратаваў лес, збіралі ягады, грыбы, шукалі ядомыя травы.
Іваны, за што вы ваюеце?
– Неўзабаве бацьку і 26-гадовага старэйшага брата забралі на фронт. Міша недзе загінуў, пахаронка на яго прыйшла. А тату, Саву Мартынавіча, незадоўга да Перамогі камісавалі па раненню. У назе і руцэ на ўсё яго нядоўгае жыцце засталіся асколкі варожага снарада. Запомніла з яго аповеду такую ваенную гісторыю. Справа была на тэрыторыі Польшчы. Яго падраздзяленне стаяла на высотцы, а непрыяцель заняў тэрыторыю ніжэй. У хвіліну зацішша выйшаў адзін немец і пытае: «Іваны, за што вы ваюеце? За чужую зямлю. Здавайцеся!».
У адным з жорсткіх баёў чырвонаармейцы пацярпелі паражэнне. Поле было ўслана целамі салдат. Па ім ехала машына, каля мёртвых людзі ставілі «флажок», а параненых грузілі ў кузаў. Бацька з сябрам прыдумалі, як выратавацца ад палону. Яны асцярожна дакаціліся да бліжэйшых кустоў, адпаўзлі на небяспечную адлегласць, доўга блукалі па лесу. Іх падабрала адна палячка і выхадзіла, загаіла раны. Гэта добрая жанчына потым нават прыслала нам пасылку з адзежай.
Адзін Буквар на ўсіх
– У першы клас мы з сястрою пайшлі пераросткамі. Грычынавічы амаль цалкам згарэлі. Бацька пабудаваў невялікую сцёпку, у якой і бульбу захоўвалі, і самі жылі, на падлозе спалі. А школу спачатку зрабілі ў ацалелай дзядзькавай хаце. Збілі лавы і сталы. На увесь клас быў адзін Буквар, які мне ні разу не трапіў у рукі. Настаўніца, і прозвішча яе памятаю: Гумарава, па ім нас вучыла. Пісалі на газетах, бяросту замест сшыткаў выкарыстоўвалі. З сажы рабілі чарніла, потым ужо з’явіліся алоўкі.
На ўрокі хадзілі ў лапцях. А аднойчы здарыўся цуд. У трэцім класе мне купілі сапраўдныя боты. Паглядзець на іх прыходзілі ўсе вясковыя дзеці. Абутак той берагла, толькі ў школу насіла.
Смак пасляваеннага хлеба
– Побач з нашым селішчам у аднаго дзеда была маслабойня, дзе рабілі льняны алей. Якой смачнай здавалася нам тая макуха. Плотныя кругі жмыха, што грызла ўся дзятва, глушылі голад. Хлеб пасляваенны рабілі з дабаўленнем апілак. Маці пасылала мяне з сястрою ў гай. І цяпер ведаю тую траву, з якой выцярушвалі дробнае насенне, мялі яго і кідалі ў суп.
Асноўная ежа – спечаная ў грубцы бульба. Маці ў кашЫ патрусіць яе – і на стол. Паставіць гуркі, капусту, скваркі толькі па святах бывалі. Так і жылі. Марылі пра цукеркі. Бацька купіць падушачак, сядам чай піць. Ён дае смакотку па заслугах. Калі слухаўся, бярэш дзве, а як здарылася якая правіннасць, – усяго адну.
Карова ў нас была, малако сваё. Трымалі авечак. Я ўмела іх стрыгчы. З воўны ткалі палатно. У вялізным чане залівалі яго кіпнем і ўсю ноч мялі нагамі, каб звалялася і стала шчыльным. З яго шылі цёплыя курткі – світкі. На кроснах выраблялі і льняную тканіну на спадніці, сукенкі і штаны. Фарбавалі адзенне часцей дубовай карою.

Калгасныя памагатыя
– Бацькі працавалі ў мясцовым калгасе. Спачатку ён насіў імя Будзённага, потым быў саўгас «Рассвет», які змяніў назву на «Ленінскі». Землі бедныя, трактароў не было, ураджаі слабыя. І плата адпаведная. Мама, памятаю, за цэлы год атрымала аж 62 рублі грашыма, ну, і тое, што вырасла на палетках, на калгаснікаў дзялілі.
Працадні, дарэчы, пісалі і на нас, падлеткаў. Мы ў калгасе дапамагалі перабіраць бульбу ці кідалі яе вясною ў гранкі за валамі, запрэжанымі ў плугі. Жыта яшчэ сярпамі жалі. Каласкі, што заставаліся пасля ўборкі, ашчадна збіралі ў кішэнькі, каб дома маці што зварыла с таго зерня.
Дужа не хацела ісці ў сёмы клас, таму што была адна дзяўчынка сярод хлопцаў, Гатовая была вярнуцца ў шосты. Але потым мы добра сябравалі. Па дарозе на ўрокі яны мяне сустракалі, бо ведалі, што дам спісаць дамашняе заданне.
Як скончыўся навучальны год, да дырэктара нашай сямігодкі прыйшоў брыгадзір і папрасіў выдзяліць чатырох вучняў. Гаспадарцы патрабаваліся рахункаводы. Так я трапіла ў бухгалтэрыю. Потым завочна скончыла тэхнікум і доўга шчыравала ў канторы. А калі цэнтральнай сядзібай стаў Ленін, пайшла загадваць грычынавіцкім клубам. У 1980-ыя гады ён гудзеў па вечарах. Столькі моладзі, танцы, вечарыны ладзілі, адпачывалі дружна. Дзе ні шлі – спявалі, весела жылі. Была завядзёнка сустракаць святы па хатах, збіраліся людзі і з калгаса, і са школы, і з ФАПа. Пасля пенсіі некалькі гадоў яшчэ працавала бібліятэкарам.
Цаніце мір і спакой
– Пабраліся мы шлюбам у 1961 годзе. Муж, Пётр Барысавіч – мой аднакласнік. У юнацкую пару ён заслужыў павагу аднавяскоўцаў тым, што паехаў трактарыстам на цаліну і зарабіў там больш за тону пшаніцы. Доўга іх вялікая сям’я, дзе бацькі гадавалі сямёра дзяцей, спажывала той хлеб.
Вяселле згулялі сціплае, госці дарылі тады па рублю. Разжываліся самі. Пачалі хутка будаваць гэту хату. Муж скончыў партыйную школу, яго накіравалі на павышэнне, прызначылі парторгам у пухавіцкі калгас. Там прайшло сем гадоў. Потым мы вярнуліся дадому.
У нас трое дзяцей. Усім далі добрую адукацыю і выхаванне. Маю сем унукаў і чатыры праўнукі. Дачка, нявестка і зяць – урачы, унучка – фармацэўт. Шкада, што мой Пеця рана пайшоў у іншы свет. Чатырнаццаць гадоў я адна.
Часта ўспамінаю, якія цяжкасці выпалі на наш лёс. Вайна пакінула свой след, адбілася на кожнай сям’і, забрала наша дзяцінства. Мы яго не бачылі, вымушаны былі рана станавіцца дарослымі. Але ж наша пакаленне змагло падняць краіну з руін, адбудаваць народную гаспадарку. Думалі тады не пра сябе, а пра Радзіму і яе дабрабыт. Хочацца пажадаць моладзі, каб цанілі мір і спакой. Гэта найвялікшая каштоўнасць у свеце.
За паўтара гады да Вялікай Айчыннай вайны Грычынавічы вярнуліся ў склад БССР. Па ўмовах Рыжскага дагавора 18 сакавіка 1921-га вёска адышла да Польшчы. У выніку вызваленчага пахода Чырвонай арміі ў верасні 1939-га Заходняя і Усходняя Беларусь аб’ядналіся. І Грычынавічы зноў сталі савецкімі.
Пад час карнай аперацыі ў лютым 1943 года фашысты спалілі тут 200 двароў і забілі 76 жыхароў.
Святлана Шакалян
Фота аўтара і з альбома гераіні публікацыі
