Віктар Казько: “Вільча па-ранейшаму мяне не адпускае…”

23 красавіка бягучага года выдатнаму беларускаму пісьменніку, нашаму земляку Віктару Казько споўнілася 85 гадоў. Напярэдадні гэтай даты мы папрасілі шаноўнага літаратара адказаць на некаторыя пытанні.

—Віктар Апанасавіч, Ваша дзяцінства прыпала на вайну і пасляваеннае ліхалецце. Людзей Вашага літаратурнага пакалення называюць падранкамі і шасцідзясятнікамі.

—І гэта сапраўды так. Я нарадзіўся ў 1940 годзе ў Калінкавічах. У час вайны на маіх вачах ад нямецкага снарада загінулі маці і сястра. Я пайшоў за дапамогай і адразу трапіў у натоўп, які фашысты з паліцаямі гналі ў лагер Азарычы. Адтуль мяне забрала родная бабуля. Яна несла мяне на плячах, не ведаючы, што поле замініравана. Але мы засталіся жывымі. І з тых часін я паверыў у знялі лёсу, якія ёсць у кожнага чалавека. Я яшчэ не раз мог загінуць на сваім доўгім, пакручастым шляху жыцця, толькі анёл-ахоўнік нязменна быў са мною…

Ну а пасля вайны мне пашчасціла трапіць у Вільчанскі дзіцячы дом, жыць, вучыцца і выхоўвацца на ўлонні цудоўнай палескай прыроды.

—У Вас жа быў яшчэ жывы бацька…

—Так, бацька быў жывы, ён пражыве 73 гады, але я не знайшоў агульнай мовы з мачахою, таму і пайшоў у бяздомнікі. Вельмі любіў змалку чытаць кнігі, часам за дзень прачытаў да 500 старонак. І вось, начытаўшыся рознай рамантыкі, вырашыў збегчы на Аляску. Але мяне і на гэты раз злавілі ў цягніку і адправілі ў чарговы дзіцячы размеркавальнік. Пакуль канчаткова не атабарыўся ў Вільчы.

У 16 гадоў паехаў у Кузбас, паступіў у горнапрамысловае вучылішча, потым у Кемераўскі індустрыяльны горны тэхнікум. Працаваў шахцёрам, геолагам. Затым – газета “Красная Шория”, вучоба ў Літаратурным інстытуце ў Маскве.

Пісаць пачаў на рускай мове, гэта аповесці “Вісокосный год”, “Здравствуй і проўай”, “Повесть о беспрізорной любві”. Пражыўшы 15 гадоў у Расіі, спачатку зусім не думаў пра сваю беларускасць. Але родная зямля і родная мова так проста чалавека не адпускаюць. Трымаюць да смерці, дзе б ты і кім бы ты ні быў. Мова – з’ява глыбінна-містычная, не спазнаная, яна шмат што вызначае ў жыцці чалавека. Ездзячы па Беларусі ў той час, я заўважыў адну акалічнасць. Каб успомніць родную мову, старшыні калгаса дастаткова было трох чарак гарэлкі. Да гэтага ён гаварыў па-руску, а пасля трэцяй чаркі ўся яго “рускасць” знікала бясследна.

Канечне, мой пераезд на радзіму для многіх быў нечаканы, дзіўны. Неяк у Валгаградзе я зайшоў у кнігарню, разгарнуў першы вершаваны томік і прачытаў: “Итак, домой, на родину, в Итаку». Гэта быў як чарговы знак. І больш я ўжо не раздумваў. Прыехаў і, каб вывучыць беларускую мову, пайшоў працаваць у газету “Чырвоная змена”. І родная мова, як і некалі ў дзяцінстве, зноў увайшла ў мяне як хлеб і соль, як вада і паветра.

—А крыху пазней Вы купілі ў Вільчы пад лецішча хату цёткі Еўкі, якая пераехала жыць у Жыткавічы. Якія творы тут былі напісаныя і хто са знакамітых людзей прыязджаў да Вас у госці?

—Некалі ў дзяцінстве гэта хата загарэлася ад маланкі, і я разам з усёй вёскай бег яе тушыць. Зразумела, я не мог тады і падумаць, што прыйдзе час і яна стане маёй. І тут будуць створаны мае лепшыя кнігі-раманы “Хроніка дзетдомаўскага саду”, “Неруш”, аповесць “Выратуй і памілуй нас, чорны бусел” і другія.

А гасцей было шмат, дарогу сюды не забывалі. Гэта беларускія пісьменнікі Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч, Анатоль Кудравец, Алесь Жук, кінарэжысёр Віктар Тураў, рускія майстры слова Сяргей Залыгін, Лазар Лазараў і іншыя. Некаторыя з жонкамі і дзецьмі адпачывалі тут па месяцу.

Прызнаюся шчыра, што Вільча і па сённяшні дзень мяне не адпускае, бо адтуль мае гісторыі, героі, прататыпы, пейзажы. Вось толькі вельмі шкада, што няма ўжо майго лепшага сябра – Сашы Танчынскага, якога звалі гаспадаром ракі, які, вобразна кажучы, ведаў у твар кожную выдру, кожнага бабра. Гэта мы разам з ім і ўсёй грамадскасцю баранілі ад высечкі пракаветны дубовы лес пад вёскай Града…

Як жа мне забыць Вільчу – крыніцу майго натхнення! Вёска з веку ў век горкая і салодкая, смяротная і вечная, гарапашная і крывавая, наскрозь, навылёт паляшуцкая верасамі, багуном, бусламі ды журавамі, хвойнікамі, ліпамі і дубровамі, водамі і росамі. Яна ўдыхнула ў мяне сваю душу, надала дыханне і перахапіла яго, апякла і загаіла. Вось чаму шчыміць сэрца, стогне душа, умываецца кроўю памяць ад аднаго толькі дотыку да таго, што было і што ёсць сёння ў Вільчы, спрадвеку радзімы буслоў ды буслянят – 150 былых пасляваенных сірот-бязбацькавічаў, выхаванцаў Вільчанскага дзіцячага дома. Хаця буслоў было значна болей, каля трохсот налічвалі ў адлётнай іх чарадзе ў вырай.

Здаецца, сама гісторыя зайшла ў ціхую і сціплую паляшуцкую вёску Вільча. Гісторыя з геаграфіяй. Зайшла, спатыкнулася і назаўсёды збілася тут у адно непарыўна наскае, як сведчанне не толькі паляшуцкасці, беларускасці – пра нашы заручыны з вялікім светам. Пра тое, што Палессе – сапраўды велічнае, у повязі з усёй зямлёй, а не толькі з лапйямі, каўтуном і ліхаманкай.

Вясковае, Фестывальнае, Беліч, Гарулёва, Белае – гэта ўсё нашвы азёр і старыц каля вёскі. А іх тут ці не пад два дзясяткі. І паўсюдна ўся зямля пайменавана, нарочана прозвішчамі людзей, што хадзілі, рабілі, гібелі, святкавалі і смяяліся тут. Кожнае поле, кожная дзялянка сенажаці, кожны лясок: Харлін, Шаўрэева паляна, Дзям’янаў брод, Саўчына гара… Зямля не губляе памяць пра тых, хто хадзіў па ёй, не забывае ні аднаго слядка. Колькі гадоў, як няма ўжо дзетдома, а дзетдомаўскі востраў Стрэлка, дзе мы галапуза блёхаліся ў Случы, стаіць. І што мне салодзіць душу, тут стаіць дуб, пад якім я любіў рыбачыць і які людзі назвалі Казькоў дуб…

—Скажыце, а як даўно Вы займелі сваё лецішча ў вядомых Дудутках, што пад Мінскам?

—Будоўлю я закончыў у 1991 годзе. З драўнінай дапамаглі сябры-палешукі, лес тады недарагі быў. У той час у мяне якраз выйшаў двухтомнік, дык ганарару акурат і хапіла.

Побач – рэчка Пціч, раней тут рыба вадзілася, а цяпер амаль прапала. Але вада ў Пцічы – незвычайная, яна цячэ па тарфяніках і добра фільтруецца. Думаю, што ёсць у ёй лекавыя ўласцівасці, скажам, на свой псарыяз я за лета проста забываюся. Да таго ж тут надзвычай грыбныя мясціны – у добры год я па 200 баравікоў браў!

Ёсць свая зямля і свой сад. Да апошняга часу ў мяне быў трактарок-матаблок. Я сам нарыхтоўваў дровы, за плугам, праўда, цяжкавата было хадзіць. Дапамагалі суседзі і сын, які прадаў кватэру ў Мінску і пасяліўся ў суседняй вёсцы. Неяк я пасадзіў восем сотак бульбы. Урадзіла столькі, што ўсім памочнікам хапіла, а рэшту я бясплатна перадаў супрацоўнікам дудуткаўскага музея. А так у мяне штогод памідоры, гуркі, гарох, моркаўка, бурачок – свае.

Нешта новае пісаць ужо цяжка, перакладаю свае першыя аповесці з рускай мовы на беларускую, каб прывесці ўсё да аднаго знамянальніка.

—Віктар Апанасавіч, у Вас нямала падстаў лічыць сябе шчастлівым чалавекам: доўгі і трывалы шлюб, сын, дзве ўнучкі і нават праўнучка. А галоўнае – Вам Усявышні даў напісаць столькі цудоўных кніжак. Жадаю Вам моцнага здароўя і даўгалецця. Даганяйце паціху сваю бабулю, якая, як Вы сцвярджаеце, пражыла 112 гадоў. А што б Вы хацелі пажадаць сваім землякам-жыткаўчанам?

—Я хацеў бы павіншаваць іх з 80-годдзем Вялікай Перамогі, пажадаць моцнага здароўя, дабрабыту, радаснага настрою. Любіце сваю радзіму, свой народ і сваю мову.

Сяргей КУЛАКЕВІЧ

Фота з архіва “НП” і інтэрнэт

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!