Вятчын сустракаў землякоў

Куды б не закінуў нас лёс, родны куток застаецца ў сэрдцы назаўжды. Так лічаць і вятчынцы, якія ў мінулую суботу адзначылі Дзень вёскі. На свята сабралася больш за сотню чалавек. Пад апладысменты ўшанавалі цэлую кагорту вартых увагі землякоў.
Падзякі заслужылі старажылы, якія перасягнулі 90-гадовы рубеж, — Ева Дзмітрыеўна Мірановіч, Уладзімір Цітавіч Мірановіч, Марыя Міхайлаўна Асіпенка і Міхаіл Рыгоравіч Асіпенка.
На сцэну запрасілі і сужэнцаў Генадзя і Святлану Рагалевіч, у якіх летась нарадзіўся сынок – самы юны жыхар Вятчын. Добрымі словамі ўспомнілі ветэранаў працы і былых настаўнікаў мясцовай школы. А за удзел у грамадскім жыцці ўзнагароды заслужыла Людміла Будчанін, якая звыш 20 гадоў была дэпутатам сельсавета.
Гаспадароў чатырох самых дагледжаных сядзіб адзначылі за прыклад добраўпарадкавання.
Радасць свята з вяскоўцамі падзялілі старшыня Марохараўскага сельвыканкама Генадзь Лясько, спецыяліст па рабоце з моладзю НП “Прыпяцкі” Кацярына Бугук, галоўны ветурач ААТ “Дзякавічы” Мікалай Кудзелька. Падарункі віноўнікам урачыстасці таксама перадалі дэпутаты абласнога Савета дэпутатаў Вольга Луцко, раённага — Святлана Таненя.
Удзельнікі самадзейнасці сельскіх клубаў прэзентавалі канцэртную праграму. А частаваліся на Дне вёскі выпечкаю ад мясцовай жыхаркі Людмілы Дземідовіч, шашлыкамі ад дэпутата Ігара Мосіна і юшкаю ад даверанай асобы Андрэя Мірановіча.
