Кніга – праваднік жыцця: прафесійны шлях Іны Коршак

Чытаць Іна Коршак любіла з дзяцінства, але жаданне і магчымасць звязаць прафесійны лёс з кнігай прыйшло не адразу. Затое сёння, маючы 36 гадоў бібліятэкарскага стажу, яна з упэўненасцю кажа, што гэта самая лепшая ў свеце прафесія.

– З радасцю вярнулася ў родны калектыў, быццам і не было таго перапынку, – пасля сыходу на заслужаны адпачынак Іну Іванаўну зноў запрасілі на працу, толькі на гэты раз абслугоўваць юных чытачоў. – Спадзяюся, што і з дзецьмі атрымалася наладзіць кантакт. Тут свая спецыфіка ў адрозненні ад дарослых наведвальнікаў.

Па словах субяседніцы, самыя актыўныя кнігалюбы – вучні з другога па шосты клас. Падлеткі, на жаль, радзей завітваюць у бібліятэку. Найбольшы попыт на праграмную літаратуру, але і другія выданні захапляюць многіх хлопчыкаў і дзяўчынак, што не можа не радаваць Іну Коршак.

– Чытаючы, дзеці развіваюцца, – нагадвае яна пра карысць кніг. – Выдача іх – толькі частка нашых абавязкаў. Зацікавіць вучняў дапамагаюць розныя метады. Сустрэчы ў школах, падрыхтоўка выстаў, арганізацыя экскурсій, розных мерапрыемстваў, у тым ліку па-за межамі бібліятэкі, – далёка не поўны пералік таго, чым напоўнены працоўныя будні маіх калег.

У «дзіцячым» фондзе зараз – звыш 15 тысяч экземпляраў на любы густ і ён пастаянна папаўняецца. Прапаноўваюць наведвальнікам і аудыёкнігі, пры гэтым іх бяруць не толькі людзі, што маюць праблемы са зрокам. Такі фармат, кажучы маладзёжнай моваю, заходзіць падчас аўтападарожжаў. Ёсць выпадкі, калі пасля агучаных апавяданняў людзі прыходзілі за папяровымі.

Прапагандуючы кнігу сярод моладзі, Іна Іванаўна і сама жыве па прынцыпу «ні дня без радка». У яе ўласных перавагах і якасныя жаночыя раманы, і беларускамоўная айчынная класіка.

– Зараз перачытваю «Сэрца на далоні» Івана Шамякіна і да яго «Палескай мадоны» таксама вярталася не аднойчы, – субяседніца адзначае, што з узростам знаёмыя творы ўспрымаюцца па-іншаму, і ў гэтым асаблівая прыгажосць.

Бібліятэкар шчыра верыць, што кніга як праваднік жыцця ніколі не знікне.

– Чытайце самі, чытайце з намі, – заклікае землякоў, – і прыцягвайце да гэтага занятку сваіх дзяцей.

Да слова Алена Сакалова, дырэктар ДУК «Жыткавіцкая раённая сетка бібліятэк»:

— Шчыра ўдзячна ўсім сваім калегам за адданасць прафесіі, вялікую і важную справу па захаванні культурнай спадчыны, забеспячэнні доступа насельніцтва да ведаў і інфармацыі. Сёння бібліятэкі, а іх у нашым раёне два дзясяткі, не проста месца, дзе захоўваюцца кнігі, гэта своеасаблівыя цэнтры культуры, кропкі прыцягнення людзей па інтарэсах. Тут функцыянуе 25 клубных фарміраванняў, аб’ядноўваючы прадстаўнікоў розных узростаў і сфер. За мінулы год колькасць карыстальнікаў перавысіла 16 тысяч чалавек, выдана больш за 330 тысяч экземпляраў, праведзена звыш дзвюх з паловай тысяч масавых мерапрыемстваў. У іх ліку – выставачныя праекты, чытальніцкія марафоны, дыялогавыя пляцоўкі, сустрэчы з літаратарамі, прэзентацыі кніг, творчыя вечары і інш.

Сукупны аб’ём бібліятэчных фондаў раёна складае 217812 экземпляраў. У нашай сферы заняты 30 супрацоўнікаў.

 

Святлана Шакалян

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!