Гісторыя пра Ганну Рубіс з пасёлка Чырвонае, якая нарадзілася ў канцлагеры

Нягледзячы на тое, што пасля Вялікай Айчыннай мінула восемдзесят гадоў, колькасць яе ахвяр да гэтага часу дакладна не вядомая. Але ж у вайну не толькі гінулі, лёс прыводзіў у свет і новых людзей. Нярэдка гэта здаралася там, дзе гаспадарыла сама смерць. Жыхарцы пасёлка Чырвонае Ганне Рубіс выпала нарадзіцца за паўтара месяца да Перамогі ў канцэнтрацыйным лагеры пад Гановерам і выжыць насуперак абставінам, якія ў самым страшным сне не ўявіць.

 

Скончылася мірнае жыццё

– На жаль, бацька не любіў гаварыць пра вайну і фашысцкае зняволенне, – Ганна Васільеўна папярэджвае, што аповед можа быць няпоўным. – Усё, што ведаю пра той час, пачула ад яго маці, маёй бабулі Акуліны Сцяпанаўны.

Бялёўскі юнак Васіль Рубіс меў вялікую прагу да вучобы. Мясцовую школу скончыў на выдатна і ў чэрвені 1941 года паехаў паступаць у сталічны інстытут. Не цяжка здагадацца, што ягоныя планы парушыла вайна. З Мінску мусіў некалькі сутак дабірацца дадому пешшу. Дзве сястры з маці засталіся ў вёсцы (бацька загінуў на фінскай вайне), а ён неўзабаве падаўся ў партызанскі атрад.

Калі да вызвалення Беларусі заставаліся лічаныя месяцы, фашысты ўчынілі аблаву. У гэты дзень Вася быў дома, а Акуліна Сцяпанаўна па нейкіх прычынах адсутнічала. Вярнуўшыся, пачула страшную вестку, што яе сына разам з іншай вясковай моладдзю  забралі ў Германію. Жанчына кінулася ў Жыткавічы, каб пабачыць сваю крывіначку жывой, толькі цягнік з вагонамі-цялятнікамі, пад завязку набіты хлопцамі і дзяўчатамі, ужо трымаў курс на захад.

– Назаўсёды запомніла вялізныя салдацкія боты – зашнураваныя і на высокай падэшве. З заміраннем сэрца мы глядзелі на іх праз шчыліны ў падлозе, – Ганна Васільеўна прыводзіць словы суседкі Люсі, што выступала сведкай на судовым працэсе аб пацвярджэнні факта знаходжання ў канцлагеры. – Іх, траіх дзяцей, маці схавала тады ў пограбе, і немцы, праверыўшы закуткі, выйшлі з хаты ні з чым. А майму тату не пашанцавала.

У гэтым жа таварняку было нямала людзей з вакольных населеных пунктаў. Нешчаслівая доля напаткала і Еву з Замошша, будучую маці субяседніцы. Дакладна яна не ведае, дзе пазнаёміліся  бацькі. Хутчэй за ўсё, яшчэ да таго, як трапілі ў рабства. Дзяўчына прыходзіла ў госці да сястры, якая пайшла замуж у Бялёў, магчыма, тады і пабачылі адзін другога. Як бы там ні было, але за кратамі паміж маладымі ўзніклі ўзаемныя пачуцці.

– Тату паставілі рабочым на электрастанцыі, – працягвае Ганна Васільеўна. – Яго пад канвоем выводзілі ў горад, а мама знаходзілася ў лагеры, разам з іншымі нявольніцамі нешта шыла. Кармілі палонных пустым варывам з бручкі, а працавалі яны без выхадных. Адзін немец з рызыкай для сябе некалькі разоў даваў бацьку хлеб, які ён беражліва нёс у барак, каб падзяліцца з мамаю. Не ўяўляю, як ёй у такіх умовах удалося захаваць цяжарнасць. Фашысты, вядома, нікога не шкадавалі, жыцці вязняў віселі на валаску. За кожную правіннасць іх жорстка каралі.

Ганна з’явілася на свет 10 сакавіка. Абяссіленая парадзіха не магла ўстаць з ложку. Васіль прынёс аднекуль бульбы і згатаваў на буржуйцы ў бараку, каб накарміць жонку. Нехта данёс назіральнікам пра крадзёж гародніны. Немец, што прыйшоў разбірацца, пабачыў хворую жанчыну з немаўляткам і зміласцівіўся. Калі б зазірнуў пад нары, дзе ляжалі яшчэ некалькі клубняў, не мінаваць тады новаспечанаму бацьку расстрэлу на месцы за такое “злачынства”.

Вяртанне на радзіму

Вязняў вызвалілі амерыканцы. Перад адпраўкаю дадому людзям прапаноўвалі райскае жыццё за мяжою, вербавалі ў ЗША, Францыю, іншыя краіны. Васіля Рубіса некалькі разоў выклікалі ў камісію, і кожны раз ён браў з сабою закручанае ў пялюшкі дзіця, як галоўны аргумент, чаму трэба варочацца на радзіму. Хросная Ганны, што таксама была ў гэтым канцлагеры, потым звала дзяўчынку сваёй выратавальніцай, бо пазычала яе на допыты, выдавала за сваю дачку.

Паспяхова прайшоўшы шматлікія праверкі, сям’я вярнулася ў Бялёў у сярэдзіне лета 1945-га.  За год Акуліна Сцяпанаўна праплакала ўсе вочы, але надзею на сустрэчу са сваім дзіцём не згубіла. У той дзень за нечым выскачыўшы на ганак, спачатку не паверыла свайму шчасцю – да хаты ішоў яе сынок з жанчынай і немаўлём на руках.

– Мама так і не аправілася ад хваробы, – Ганна Васільеўна кідае сумны позірк на сцяну з партрэтам круглатварай прыгожай кабеты. – Праз год яе не стала, а яшчэ праз тры бацька прывёў у хату мачаху. З васьмярых іхніх дзяцей у жывых засталося пяцёра. Мы жылі разам у адной хаце, са зводнымі сёстрамі ладзіла, але ж татава жонка да мяне і сваіх дачок адносілася па-рознаму, хаця сур’ёзна і не крыўдзіла. Бабуля замяніла маму, і тату я дужа любіла як і ён мяне.

Наступствы палону не маглі не адбіцца на здароўі дзяўчынкі. Першыя яе свядомыя ўспаміны звязаны з доўгім лячэннем, ей закапвалі вочы і вушы, давалі непрыемны на пах рыбін тлушч, розныя вітаміны. А мужчына-фельчар рабіў уколы, ад якіх малая ніколі не плакала, за што яе хвалілі. Відаць, на нейкім генным узроўні перадалася цярплівасць да выпрабаванняў, што пачаліся з першых хвілін жыцця.

Лапці, школа і Сталін

Васіль Іванавіч працаваў у леспрамгасе майстрам, граматным быў работнікам і паважаным. Па вечарах, як запомнілася малой Ганне, пад керасінавай лямпай доўга заседжваўся з хімічным алоўкам у руцэ за службовымі дакументамі – закрываў нарады, зарплату людзям налічваў. Жанчына ўпэўнена, што каб не вайна, ён абавязкова стаў бы “вялікім чалавекам”.

У адрозненне ад калгаснікаў, што шчыравалі за так званыя палачкі, галава сямейства атрымліваў жывыя грошы. Рубісы ў цэлым не бедавалі. Ганна Васільеўна дагэтуль памятае смак хлеба, што гаспадар прыносіў дадому з крамы, і цукерак-падушачак, якія разам з булачкамі нязменна купляў штомесяц.

– А суседскія дзеці сапраўды пакутвалі ад недаядання, – з горыччу ў голасе зазначае субяседніца. – Мая сяброўка пайшла ў першы клас у лапцях, затое вучылася на адны пяцёркі. Да пачатку верасня тата заўжды купляў мне новыя боты, а я прасіла сплесці лапці.

Школьныя гады пакінулі ў жыцці пенсіянеркі найлепшыя ўражанні. Асабліва ўрэзаліся ў памяць урокі гісторыі, якія па-майстэрску вёў былы франтавік, дырэктар Бялёўскай сямігодкі Алег Шапіра. Калі ён нешта расказваў, нават самыя заўзятыя хуліганы заціхалі, і ў класе было чуваць, як муха ляціць. А яшчэ педагог, як цяпер бы сказалі, быў сапраўдным наватарам. Дзякуючы яму школа ў пачатку 1950-ых гадоў першая на вёсцы атрымала святло. У хатах лямпачкі запалілі толькі праз некалькі гадоў.

– Алег Якаўлевіч прывёз аднекуль стары дзвіжок, каб наладзіць электрычнасць, – пераносіцца ў дзяцінства жыхарка Чырвонага. – Часта ў ім нешта выходзіла са строю, тады дырэктар сам прыступаў да рамонту. Пасля на яго твары заставаліся чорныя плямы ад мазуту…

Захаваўся і ўспамін пра дзень смерці Іосіфа Сталіна. 5 сакавіка 1953 года ўсіх вучняў нечакана адпусцілі дадому. Другакласніца Ганна Рубіс з іншымі дзецьмі, радасна падскокваючы, бегла да хаты, а на вуліцы купкамі стаялі аднавяскоўцы, ціха перагаворваліся, многія са шчырым спачуваннем плакалі, што памёр чалавек, які выйграў Вялікую Айчынную.

Біяграфія з геаграфіяй

У пасляваенны час да тых, хто пабываў у палоне і нямецкім рабстве, савецкая ўлада ставілася падазрона, пра гэтыя факты біяграфіі не прынята было гаварыць. І Васіль Іванавіч, жадаючы пазбавіць дачку ад магчымых непрыемнасцяў, запісаў яе метрыкі ў Бялёве. У 1990-ых, калі пачалася кампанія па прызнанні Германіяй ахвяраў прымусовага ўтрымання, Ганна Васільеўна на падставе архіўных звестак дакументальна пацвердзіла свой статус вязня і ўнесла праўкі ў пашпарт, дзе цяпер значыцца сапраўднае месца нараджэння – Дарнікчай, г. Гановер, Германія.

Жыццё, трэба сказаць, паматала гераіню аповеду па свету. У падлеткавым узросце яе забрала да сябе ў Эстонію бацькава сястра. Там, у горадзе Котхла-Ярве, яна скончыла вячэрнюю школу. Засумаваўшы па радзіме, ненадоўга вярнулася ў Беларусь. На паўгадавых курсах атрымала прафесію майстра хлебабулачных вырабаў і некаторы час шчыравала на хлебазаводзе, які размяшчаўся ў будынку нашай рэдакцыі.

Потым дзяўчына, лёгкая на пад’ём, чатыры гады служыла тэлеграфісткаю ў адной з вайсковых часцей Эстоніі. Юнацкая рамантыка неўзабаве закінула яе ў далёкую сонечную Грузію, куды завербавалася з сяброўкамі на збор чаю. Там Ганна пазнаёмілася з будучым мужам, сочынцам Барысам Праўдзіным. Маладажоны вырашылі змяніць прапіску і ў 1973 годзе пусцілі карані ў Чырвоным, уладкаваўшыся на торфабрыкетны завод. Тут нарадзіліся тры дачкі і сын. Але  сямейнае шчасце праз дзевяць гадоў нечакана абарвалася. Жонка адправіла Барыса Анатольевіча ў магазін, што стаяў літаральна пад вокнамі кватэры, а назад мужчына так і не вярнуўся. Той дэтэктыў да сённяшняга дня застаецца не разгаданым. Быў чалавек – і бясследна знік. Толькі гэта ўжо другая гісторыя…

 

 

Святлана Шакалян

Фота аўтара і з архіва гераіні аповеду

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!